Любовь на всю жизнь. 50 лет идут по жизни рука об руку Ирина Фоминична и Александр Михайлович Ненашевы из г.п. Мир

Якое яно, сапраўднае шчасце? Колькі трэба пражыць і перажыць, каб на заслужаным адпачынку адчуць яго паўнату і прадаўжаць жыць паўнавартасным жыццём? Найчасцей гэта лепш рабіць удваіх, усе радасці і горычы дзяліць напалову, каб у старасці сказаць: «Жыццё пражыта недарэмна».

Ірына Фамінічна і Аляксандр Міхайлавіч Нянашавы з г.п. Мір крочаць рука аб руку пяцьдзясят гадоў. Сёння яны дзеляцца з чытачамі «Полымя» сакрэтамі свайго сямейнага шчасця.

— У вас за плячыма — змястоўнае і цікавае жыццё. Ці часта ўспамінаеце дзень свайго знаёмства?

І. Ф.: Мы пачалі сябраваць яшчэ ў школьныя гады. Аляксандр вучыўся ў дзясятым класе, я — у дзявятым. Мы вучыліся ў Мірскай сярэдняй школе. Асабліва ўспамінаю той час цяпер — гэтыя ўспаміны дарагія майму сэрцу.

А. М.: Успамінаю тыя гады з настальгіяй: былі маладосць, сяброўства, мары аб будучым. Мы з Ірынай жылі амаль па суседстве, і вось наша сяброўства перарасло ў каханне.

— Якім быў дзень вашага заключэння шлюбу?

І. Ф.: У нас вяселле было маладзёжным: мае і яго аднакласнікі. Адзначалі ў маіх бацькоў. Мы жылі на паралельных вуліцах, і мой абраннік прыйшоў са сваімі сябрамі. Сабралася чалавек трыццаць. Вяселле было звонкім, танчылі і жартавалі.

А. М.: Заключылі шлюб 3 жніўня 1974 года, а вяселле згулялі 20 жніўня. Яно было цёплым і чулым, усе разышліся ў прыўзнятым настроі.

— Што кожны з вас узяў у вялікае жыццё са сваёй сям’і? На вашу думку, якія рысы характару трэба выхоўваць у сабе для яе захавання?

І. Ф.: Трэба цярпенне, паважаць адзін аднаго, прыслухоўвацца да абранніка, мець агульныя інтарэсы. Бацькі вучылі: «Жывіце мірна і дружна, беражыце сям’ю і выхоўвайце дзяцей, тады будзе мір, лад, шчасце».

А. М.: Трэба давяраць адзін аднаму, кахаць, саступаць у канфліктных сітуацыях. Бацькі мае былі працавітымі. Тата — настаўнік фізкультуры Мірскай сярэдняй школы, афіцэр, прайшоў усю вайну з 1942 па 1946 год, меў два ордэны і тры медалі за адвагу. Мама па прызванні тэхнолаг харчовай прамысловасці, працавала на Мірскай хлебапякарні намеснікам дырэктара. Яны — шчырыя і добрыя людзі, ніколі не чуў, каб сварыліся.

— Галоўнае ў сям’і — дзеці, імі застаюцца для бацькоў у шэсць, шаснаццаць, трыццаць шэсць…

І. Ф.: Дачцэ Аксане — 49 гадоў. Яна жыве ў Мінску, працуе лагапедам у адным з дзіцячых садкоў сталіцы. У яе дачка Анечка і працавіты муж Аляксандр, добрая і дружная сям’я. Сын Юрый жыве разам з намі. Дапамагае ва ўсіх гаспадарчых справах  — няма як скардзіцца, мы адчуваем яго пастаянны клопат.

А. М.: Дзеці ў нас цудоўныя. Яны выраслі добрымі і працавітымі, і нам за іх не сорамна перад людзьмі.

— Вялікае значэнне ў жыцці чалавека мае праца. Дзе і кім давялося працаваць?

І. Ф.: У вёсцы Любна саўгаса «Мірскі» была лабаранткай на ферме каля дваццаці гадоў, адтуль пайшла на пенсію. Дарэчы, напачатку мы жылі ў Любне, у калгасным доме, а затым пераехалі на сваю радзіму ў г.п. Мір.

А. М.: Пасля заканчэння Віцебскага ветэрынарнага інстытута працаваў у Воранаўскім раёне на комплексе «Гарадзішча», адным з самых буйных у Беларусі, па вырошчванні цялушак. Затым вярнуўся на радзіму і ў вёсцы Любна саўгаса «Мірскі» працаваў ветурачом. Шэсць гадоў шчыраваў на птушкафабрыцы «Чырвонаармейская».  Сваю справу і жывёлу любіў і люблю.

— На заслужаным адпачынку не даводзіцца сумаваць?

І. Ф.: Я ў асноўным занята працай у агародзе. Люблю кветкі, іх у мяне шмат. Вырошчваю гародніну для патрэбы сваёй сям’і. Працаваць на зямлі падабаецца, ёй прысвяціла ўсё свядомае жыццё.

А. М.: Я не сумую. Па-ранейшаму працую, зараз у Мірскай участковай ветэрынарнай лячэбніцы.

— Існуе меркаванне, што мужчына павінен пабудаваць дом, пасадзіць сад і выхаваць сына. У вашай сям’і справіліся з гэтым так званым законам жыцця?

І. Ф. і А. М.: Лічыце, што змаглі. Дом бацькоўскі дабудавалі, пасадзілі новы сад, а сын з’яўляецца памочнікам на заслужаным адпачынку.

— Чалавек павінен быць шчаслівым — гэта бясспрэчна. Патрэбны падтрымка і разуменне іншых. Чыю падтрымку найчасцей адчуваеце?

І. Ф.: У Міры ў мяне шмат аднакласнікаў, падтрымліваем сувязі, сустракаемся, успамінаем. Я хаджу ў Мірскі Дом культуры, з’яўляюся ўдзельніцай хору ветэранаў. Сустракаемся па чацвяргах і святах, таксама разам адзначаем дні нараджэння.

А. М.: Мы стараемся моцна трымацца адзін за аднаго ў сям’і. Я  імкнуся падтрымліваць людзей, якія звяртаюцца па дапамогу.

— Вы жывяце ў старажытным пасёлку шмат гадоў. Чым прываблівае  Мір?

І. Ф.: Люблю свой пасёлак. Тут нарадзілася, у школу хадзіла, замуж выйшла, на заслужаным адпачынку прадаўжаецца маё жыццё.

А. М.: Люблю старажытны пасёлак за замкавы комплекс «Мір», які даў вядомасць нашай малой радзіме. Сюды прыязджае шмат турыстаў і гасцей, каб пазнаёміцца са славутым помнікам даўніны.

— У любым узросце ў чалавека ёсць мара. Аб чым мараць людзі залатога ўзросту?

І. Ф.: Каб усе былі здаровыя, і каб былі мір і спакой на зямлі.

А. М.: Каб не хварэць, і каб усе ў сям’і былі здаровыя.

— Калі б пачаць жыццё спачатку, вы ў ім штосьці змянілі б?

І. Ф.: Найхутчэй не. Жыццё ў асноўным удалося. Дзякуй Богу за гэта.

А. М.: Не памяняў бы. Я задаволены сваім жыццём.

— Што пажадаеце маладым, якія толькі пачынаюць свой жыццёвы шлях?

І. Ф. і А. М.: Каб кахалі, паважалі, разумелі адзін аднаго. Кахання ім на ўсё жыццё.

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Сяргея СТОЛЯРА

і з архіва сям’і Нянашавых