Кореличчанин Илья Демидов: «Девиз: «Никто, кроме нас» — в сердце каждого десантника»
Якімі б эпітэтамі ні ўзнагароджвалі дэсантнікаў, нязменнымі іх якасцямі застаюцца мужнасць і надзейнасць. З гэтай думкай згаджаецца і карэліччанін гвардыі малодшы сяржант Ілья Дзямідаў, які з красавіка 2024 года служыць у 38-ай асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой Брэсцкай Венскай Чырванасцяжнай брыгадзе ў Брэсце.
— Спачатку трапіў у Віцебск на курсы маладога байца, дзе і праходзіла адаптацыя да армейскага жыцця, — успамінае юнак. — Яна, дарэчы, праходзіла зусім лёгка, бо адразу пазнаёміўся з саслужыўцамі і прывыкалі да армейскага побыту і распарадку разам. Было вельмі цікава кожны дзень даведвацца нешта новае. А цікавае было паўсюль: армейскае жыццё, традыцыі, зброя, транспарт. Самае галоўнае, што па-іншаму паглядзеў на сябе, пераасэнсаваў свае магчымасці.
Навіна аб тым, што юнак стане дэсантнікам, стала прыемнай нечаканасцю. Ён нават не ведаў, дзе знаходзіцца ваенная часць 92616, якая была пазначана ў павестцы. Аднак аб тым, што трапіў сюды, Ілья не шкадуе:
— Армія навучыла дысцыпліне, дала бясцэнны вопыт. Чалавек тут раскрываецца па-асабліваму. За гэты час я стаў мацней не толькі фізічна, але і ў маральным плане. Часта можна пачуць, што армія — своеасаблівая школа жыцця, якую павінен прайсці кожны, і я з гэтым цалкам згодзен. Тут ты расцеш над сабой, становішся больш самастойным, вучышся думаць над сваімі ўчынкамі і, галоўнае, адказваць за іх.
Таксама Ілья знайшоў у арміі шмат новых сяброў, на якіх гатовы палажыцца ва ўсім:
— Разумееш сапраўдную цану таварыскасці і сяброўству, праяўляецца сапраўднае пачуццё локця, калі ты выконваеш загады, праходзіш выпрабаванні плячом да пляча з таварышам. Тады відаць, хто ёсць хто.
Ілья ўпэўнены ў тым, што ў душы назаўжды застануцца гонар і радасць за тое, што трапіў на службу ў шэрагі дэсантнікаў:
— Дэсантнае братэрства фармуецца з першага дня службы. Дэвіз: “Ніхто, акрамя нас” — у сэрцы кожнага дэсантніка.
Сяргей СТОЛЯР
Фота Антона Жыгірова