ПУНКТ ПОГЛЯДУ ЖУРНАЛІСТА: «АД КАЛАСКА Ў ПОЛІ ДА БОХАНА ХЛЕБА НА СТАЛЕ»
Хлеб увасабляе багацце. Гэта найвялікшая каштоўнасць на зямлі. Нялёгкай працай ён здабываецца на жытнёвых палетках, і хлебаробам — вялікая павага і ўдзячнасць. З асаблівай пільнасцю сочым за ходам жніва ў краіне: хлеб — жыцця аснова.
Родам з вёскі
Такіх шмат, хто нарадзіўся і вырас у вёсцы. Затым многія вучыліся і працавалі ў горадзе і з ім звязалі сваё жыццё. Вось толькі ў сэрцы назаўсёды захаваліся ўспаміны пра родныя мясціны. Перад вачамі і сёння паўстае вялікае жытнёвае поле: па ім, быццам па моры, плывуць камбайны-волаты, а пры дарозе растуць і радуюць вочы блакітныя валошкі. Такую прыгажосць можна было ўбачыць у жнівеньскія дні, калі на палетках кіпела праца.
Хутка бяжыць час. Вось толькі нельга сцерці з памяці
дзіцячыя і юнацкія ўспаміны. З плеценым кашом у руках мы, вясковыя дзеці, збіралі каласкі пасля камбайнаў, стараліся не прапусціць ніводнага. Каласок да каласка — і мы ўносілі свой уклад у агульную скарбонку ўраджаю.
Хлебныя словы
У чарговы раз чытаю верш «Хлебныя словы» — і пранікаюся павагай да Яго Вялікасці Хлеба. Вершаваныя радкі Пімена Панчанкі заварожваюць па-свойму:
Адценне слоў — не глупства,
Ты ім не пагарджай.
Скарынка. Скіба. Луста.
Акраец. Каравай.
Кожнаму слову паэт надае сваё вызначэнне: акраец — «шлях, дарога і зайцаў хлеб лясны», скарынка — «сум, трывога і боль былой вайны», скіба — «дзень вясновы, ралля, плугі, сяўба», луста — «слова сытнае, духмянае і шчодрае», каравай — «вясельнае, святочнае яно»…
У памяці ўсплываюць жыццёвыя малюнкі з дзяцінства і юнацтва. Бацька прывозіў з вялікай дарогі зайцаў хлеб і частаваў нас, малых, — і ён быў вельмі смачным. Пасля напружанай працы ў полі мы елі спечаны ў печы матулін хлеб з апетытам — і ганарыліся, што яго зарабілі. Кожны дзень бацькі адразалі вялікую лусту, каб мы маглі падсілкавацца і расці. Незабыўным момантам быў дзень, калі на вяселлі дзялілі каравай, і мы з каханым радаваліся нашаму шчасліваму дню. Слушна сказаў паэт: «Наш хлеб — жыцця аснова, працяг і барацьба».
Хлебароб гучыць ганарова
Вы назіралі за тым, як шчыруюць хлебаробы на жытнёвым полі? З ранку да вечара яны аддадзены любімай справе, якая гарыць у іх руках. Напружаныя, мазолістыя, загарэлыя на сонцы, яны выклікаюць вялікую павагу. Камбайнеры, механізатары, вадзіцелі — іх аб’ядноўвае адна мэта: сабраць да зярнятка вырашчаны ўраджай.
«Поле, маё поле» — гэтымі словамі прызнаюцца ў любові да родных палеткаў нашы землякі. Для многіх Карэліччына стала роднай: у маладосці яны пачыналі тут працаваць і прысвяцілі ёй сваё жыццё. На «Зажынках» у гаспадарках раёна бачыла, як свецяцца вочы ў хлебаробаў: яны радуюцца таму, што маюць дачыненне да высакароднай справы.
У іх гэта атрымліваецца зрабіць: многія становяцца пераможцамі жніва, дабіваюцца высокіх намалотаў, перавозяць тысячы тон збожжа. У кожнай гаспадарцы раёна ёсць свае лідары. Пазней вызначаць пераможцаў раённага спаборніцтва, запросяць на раённую ўрачыстаць, дзе яны будуць ушанаваны. Як вядома, па працы пашана, а хлебароб гучыць ганарова.
Хлеб на стале — шчасце ў хаце
З даўніх часоў да хлеба самыя паважлівыя адносіны. Яшчэ нашы бабулі размешвалі цеста ў вялікай дзяжы, дзе яно падыходзіла. Хлеб пяклі ў падрыхтаванай печы. Сёння гэта засталося цёплым успамінам.
У гандлёвых кропках можна купіць хлебабулачныя вырабы розных гатункаў. Іх прывозяць у магазіны райцэнтра з Навагрудка, Ліды, Мінска. Хлеб бывае ў продажы вялікага асартыменту і смакавых якасцей — і кожны пакупнік выбірае той, які карыстаецца вялікім попытам у членаў сям’і.
Хлеб. Ці заўсёды мы задумваемся пра яго сапраўдны кошт? Ці задаём сабе пытанні: колькі ён каштуе? Які шлях даводзіцца прайсці ад жытнёвага поля да бохана хлеба на стале? Колькі б пытанняў не ўзнікала, але адно застаецца відавочным: хлеб на стале — шчасце ў хаце.
Галіна СМАЛЯНКА