В СПК «Маяк-Заполье» на жатве работают три семейных экипажа

Не сакрэт, што ў любым калектыве вельмі значная ўзаемадапамога і падтрымка калег. Асабліва, калі перад работнікамі стаіць такая важная і адказная задача, як уборка ўраджаю. Камбайнавыя экіпажы — маленькія калектывы ўнутры вялікага. Тут, у кабіне, словы “ўзаемаразуменне” і “таварыскасць” набываюць асаблівае значэнне, бо камбайнер і яго памочнік праводзяць разам у абмежаванай прасторы цэлы дзень. Вельмі часта ў адным экіпажы шчыруюць родныя людзі. У СВК “Маяк-Заполле” працуюць чатыры сямейныя экіпажы, з якімі мы і пазнаёміліся.

Адзін з самых вопытных экіпажаў “Маяка” складаецца з родных братоў Мікалая і Міхаіла Сялецкіх. Для Мікалая Сяргеевіча сёлетняя ўборачная кампанія стала сорак першай. Пачынаў на старэнькай “Ніве”, цяпер кіруе камбайнам “CLAAS LEXION”.

— Ён ужо не новы, — кажа Мікалай Сяргеевіч, пахлопваючы камбайнавае кола. — Я быў другім у гаспадарцы, каму выдалі такога “каня”. Але стары сябра не падводзіць.

У наступным годзе ў тандэма братоў Сялецкіх будзе сапраўдны юбілей. Разам яны ўбіраюць збожжа з 1985 года.

— Брат брату — надзейнае плячо, — кажа Міхаіл Сяргеевіч. — Мы разумеем адзін аднаго не тое што з паўслова, з аднаго позірку. Так склалася, што з дзіцячых гадоў разам глядзелі ў адным кірунку, заўсёды разумелі адзін аднаго і падтрымлівалі, дапамагалі ва ўсім. Колькі розных сітуацый было, усё па-братэрску, па сумленні вырашалі.

На полі каля вёскі Руціца сустракаем экіпаж бацькі і сына Міхаіла і Яўгенія Батураў.

— Я ў “Маяку” другі год, — расказвае Міхаіл Анатольевіч. — Раней часта ездзіў па камандзіроўках, але абставіны склаліся так, што перайшоў на працу ў сельгаскааператыў. Не шкадую аб гэтым. Зямля корміць нас, таму працаваць на ёй вельмі пачэсна.

Яўгеній у сельгаскааператыве пяты месяц. Сціплы юнак кажа, што задаволены ўмовамі працы.

— Акрамя таго, што ён мне дапамагае, яшчэ і на ферме трактарыстам працуе, — кажа бацька. — Усё паспявае, сіл хапае — маладосць дазваляе.

Тут жа шчыруюць бацька і сын Валерый і Віктар Лейкі. Валерый Мікалаевіч у “Маяку” 32 года. Пачынаў на камбайне СК-3, цяпер кіруе агрэгатам “ПАЛЕССЕ GS12”. Віктар працуе вадзіцелем Ярэміцкага пажарнага выратавальнага паста Карэліцкага РАНС, але ў сезон жніва ўжо другі год запар дапамагае бацьку.

— Сын — мая надзея і апора, — кажа Валерый Мікалаевіч. — Разам вельмі добра працаваць, нават лягчэй, чым з кім-небудзь іншым. Перад намі адказная задача — хлеб павінен быць у засеках, а не на полі.

Прыпыняем камбайн ПАЛЕССЕ GS12, у кабіне якога бацька і сын Гуцько. Міхаіл Яўгеньевіч у сельскай гаспадарцы больш за дваццаць гадоў. Пачынаў у “Малюшычах”, потым перайшоў у “Маяк”. Мікіта дапамагае бацьку першы сезон.

— Вучуся ў Навагрудскім аграрным каледжы, — расказвае юнак. — Атрымаў вадзіцельскае пасведчанне і вырашыў пайсці памочнікам камбайнера да таты. Добра і яму дапамагчы, і ўласных грошай зарабіць, і атрымаць цэнны вопыт.

Сяргей СТОЛЯР

Фота аўтара