Узнали, куда поступили золотые медалисты из Кореличского района
Мы пацікавіліся ва ўчарашніх выпускнікоў, уладальнікаў залатых медалёў, куды яны паступілі.
Спагадаць і дапамагаць людзям
Дар’я Качан, выпускніца сярэдняй школы № 2 г.п. Карэлічы, стала студэнткай Гродзенскага медыцынскага ўніверсітэта і выбрала факультэт лячэбнай справы.
— У дзявятым класе вырашыла, што буду ўрачом, бо мару спагадаць і дапамагаць людзям. У школе падабаліся анатомія і хімія, хочацца і далей прадаўжаць вывучаць гэтыя прадметы, — прызнаецца дзяўчына.
Любоў да вучобы і старанная праца далі медалістцы станоўчыя вынікі: на экзаменах і ЦТ па хіміі атрымала 88 балаў, біялогіі — 93, беларускай мове — 96, сярэдні бал атэстата — 9,9. Прахадны бал на жаданы факультэт складаў 371, у яе на пяць адзінак вышэй. Дзяўчынай авалодала хваляванне: вось б прайсці па конкурсу! На працягу дня чакала пісьма-выкліку, раз-пораз заглядала ў паштовую скрыню — і атрымала! Колькі было радасці ад усведамлення таго, што стала студэнткай медыцынскага ўніверсітэта!
Інфарматыка і спорт
БДУІР і факультэт інфармацыйных тэхналогій і кіравання выбраў Максім Дораш, выпускнік сярэдняй школы № 2 г.п. Карэлічы.
— У 10 класе вырашыў, што буду вучыцца праграміраванню і стану праграмістам, — гаворыць юнак. Ён любіць матэматыку, прафесію лічыць запатрабаванай.
Калі выпускнік здаваў экзамены, не надта хваляваўся: на працягу вучэбнага года добра рыхтаваўся.
Максім, акрамя праграміравання, захапляецца спортам. Любіць футбол, баскетбол, валейбол, абараняў гонар школы на спартыўных спаборніцтвах. «Я б інфарматыку і спорт паставіў побач. Першае дае магчымасць праявіць сябе ў разумовай працы, а спорт дапамагае развівацца фізічна. Буду з імі сябраваць і далей», — гаворыць юнак.
«Сам выбраў і сам паступіў»
Аляксандр Шабан з гэтай жа школы свой выбар спыніў на Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі і аддаў перавагу факультэту інфармацыйных тэхналогій і кіравання.
— Яшчэ ў дзясятым класе прыняў такое рашэнне, — удакладняе ён і з гонарам гаворыць: сам выбраў і сам паступіў.
Юнак прызнаецца, што ў гэтыя адказныя і хвалюючыя моманты былі побач бацькі, іх прысутнасць надавала ўпэўненасці. Да таго ж яны поўнасцю раздзялялі сынаў выбар.
— Запатрабаваная прафесія, сёння без інфармацыйных тэхналогій няпроста, — перакананы Аляксандр і рады, што сябры таксама выбралі гэты накірунак у жыцці.
Каб стаць студэнтам прэстыжнага ВНУ, Аляксандр паспяхова вытрымаў экзамены па фізіцы, матэматыцы, беларускай мове, да гэтага старанна вучыўся ў школе. Падчас вучобы ва ўніверсітэце не збіраецца зніжаць тэмпаў.
Шчаслівы дзень
Выпускнік сярэдняй школы г.п. Мір імя Г. І. Сташэўскай Максім Пуцята таксама выбраў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі і факультэт інфармацыйных тэхналогій і кіравання.
— ВНУ спецыялізуецца на праграміраванні, мне гэтая навука падабаецца. Захапляюся камп’ютарам і ўсім, што з ім звязана, ва ўстанове ёсць такая магчымасць.
Камп’ютар люблю з дзяцінства, праграміраванню аддаваў перавагу на працягу навучальнага года.
Шмат хваляванняў давялося перажыць юнаку падчас уступнай кампаніі. Калі падаў дакументы ва ўніверсітэт, то пастаянна маніторыў вынікі на сайце. І гэты шчаслівы дзень надышоў: 26 ліпеня даведаўся аб тым, што стаў студэнтам. «Гэта былі сапраўды шчаслівыя хвіліны. На які факультэт хацеў, на такі паступіў», — адзначае юнак.
У марах Максіма Пуцяты — паспяхова закончыць універсітэт і атрымаць прэстыжную працу.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Ларысы ШУГЛІ, з архіва газеты «Полымя» і герояў публікацыі