У ДУА «Сярэдняя школа № 1 г.п. Карэлічы» адзначылі Дзень ведаў
Шматлюдна ва ўтульным дворыку сярэдняй школы № 1 райцэнтра. Тут сабраліся вучні, настаўнікі, бацькі, госці. На ўдзельнікаў урачыстасці накіравалі свой погляд вялікія аконныя шыбы школьных класаў, якія чакаюць дзяўчынак і хлопчыкаў на ўрокі.
Двайныя радасці і таленты
Перад урачыстасцю знаёмімся з дзецьмі са шматдзетных сем’яў. Высвятляецца цікавая акалічнасць: сёлета ў навучальную ўстанову прыйшлі тры пары двайнятаў: шосты, сёмы і восьмы класы, гэта творчыя і таленавітыя вучні. Вось што пра іх паведамілі ў школе.
Цімафей Галецкі — удзельнік раённай алімпіяды па матэматыцы, прызёр школьных і раённых турніраў па шашках і шахматах. Удзельнік адкрытай рэгіянальнай прававой Алімпіяды «Кадэцкі легіён-2023». Сабіна — намеснік старшыні Савета атрада, закончыла мастацкае аддзяленне ДШМ, прымае актыўны ўдзел у конкурсах малюнкаў і плакатаў. Яны маюць актыўную жыццёвую пазіцыю.
Мілана і Цімафей Крывапуст — актыўныя і цікаўныя, прызёры раённых этапаў інтэлектуальных гульняў піянерскага квіза «Што? Дзе? Калі?». Цімафей — член футбольнай каманды ўстановы адукацыі, у вольны час захапляецца рыбалкай. Мілана — добры чытач, удзельніца школьных і раённых мерапрыемстваў.
Руфіна і Эвеліна Нарбутовіч — таленавітыя па-свойму. Займаюцца вакалам, з’яўляюцца ўдзельнікамі і пераможцамі конкурсаў рознага ўзроўню. Дзяўчынкі з задавальненнем малююць. Эвеліна адзначана стыпендыяй Спецыяльнага фонда Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Эвеліна з цікавасцю вывучае англійскую мову, Руфіна — гісторыю, а ў будучым марыць быць кандытарам.
Лепей, прыгажэй, мацней
Урачыстая лінейка з нагоды Дня ведаў аб’яўляецца адкрытай. Слова прадастаўляецца дырэктару школы Алене Вярбіцкай:
— Школа гасцінна расчыніла дзверы для вучняў з утульнымі кабінетамі, сучаснай тэхнікай, сродкамі навучання. Чакаюць вопытныя педагогі, якія перададуць не толькі багаж ведаў, але жыццёвыя ўрокі. Бярыце ўсё спаўна, спяшайцеся вучыцца настойліва і насычана. Каб новы навучальны год быў паспяховым для нашай школы, каб падарыў мноства падстаў для гонару за дасягненні вучняў і педагогаў.
Алена Аляксандраўна паведаміла пра поспехі і дасягненні: 80% — паступленне выпускнікоў у вышэйшыя навучальныя ўстановы, прычым 83% — на бюджэтную форму навучання. 100- бальны вынік па беларускай мове. Другое месца ў абласным конкурсе «Самая спартыўная школа», 5 прызавых месцаў у алімпіядзе для вучняў 1-ай ступені агульнай сярэдняй адукацыі, 12 пераможцаў у абласных і рэспубліканскіх конкурсах творчага характару. На працягу двух апошніх гадоў — пераможцы абласнога НПК «Навука перамагаць». 42 Дыпломы ў рэспубліканскай анлайн-віктарыне «Я — грамадзянін Рэспублікі Беларусь» і шмат іншых значных перамог.
Дырэктар школы пажадала, каб вучні пасцігалі азы навукі і прафесій, каб захоўвалі гістарычную памяць, культуру і традыцыі беларускага народа, каб зрабіць родную школу, Карэліцкі край, любімую краіну лепей, прыгажэй, мацней.
Поспехаў, радасці, святла!
Добрай традыцыяй стала прысутнасць на ўрачыстасці з нагоды Дня ведаў ганаровых гасцей. Намеснік старшыні Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта Яўген Чычкан назваў гэты дзень хвалюючым і незабыўным. У школе дзяўчынак і хлопчыкаў чакаюць новыя дасягненні і цікавыя мерапрыемствы, тут падараць веды, радасць, настрой. Яўген Мікалаевіч заклікаў вучняў берагчы тое, што ёсць, і ўручыў сертыфікат ад партыі «Белая Русь» на суму 500 рублёў на набыццё спортінвентару.
У сваёй прамове настаяцель храма Святых апосталаў Пятра і Паўла г.п. Карэлічы, іерэй Ігар Пірог пажадаў педагогам Боскай дапамогі, вучыць не толькі грамаце, але сумленнасці, а бацькам — знайсці ўзаемаразуменне з дзецьмі, вучням — поспехаў у навуцы, старанняў і руплівасці ў дасягненні гэтай мэты.
Намеснік дырэктара Карэліцкай дзіцячай школы мастацтваў Святлана Гавіна адзначала супрацоўніцтва паміж навучальнымі ўстановамі на працягу шматлікіх гадоў і запрасіла дзяўчынак і хлопчыкаў у Карэліцкую ДШМ, дзе яны змогуць пасябраваць з музыкай і адкрыць для сябе яе таямніцы, навучыцца ігры на музычных інструментах. Пажадала, каб новы навучальны год быў для іх паспяховым,і спадарожнічалі радасць і святло ў кожным дні.
Незабыўны і хвалюючы момант
Школьную сям’ю ў гэтым навучальным годзе папоўнілі 23 першакласнікі. Дырэктар Алена Вярбіцкая пажадала, каб школа стала для іх не толькі правадніком у незвычайны і неабдымны свет ведаў, сапраўдным храмам навукі, даследавання, але надзейным і ўтульным домам, у якім пануюць радасць пазнання, новых даследаванняў, пазітыўных эмоцый і ўсмешак, узаемавыручкі і дапамогі сяброў і педагогаў.
Ад бацькоў слова трымаў Аляксандр Германюк, які зычыў першакласнікам быць смелымі і дапытлівымі і паабяцаў, што родныя людзі, мама і тата, будуць для іх заўсёды падтрымкай, а настаўнікі з дня ў дзень будуць адказваць на пытанні вучняў. «Няхай першы навучальны год будзе цікавым, удачным, захапляючым», — пажадаў Аляксандр Уладзіміравіч.
У Краіну ведаў сёлета першакласнікаў павядуць першыя настаўнікі Марыя Мікалаеўна Хіневіч і Святлана Леанідаўна Комар. Яны пазнаёмілі з вучнямі, і ўсе даведаліся на свяце, як яны выглядаюць і з якімі думкамі прыйшлі ў першы клас.
Першакласнікаў павіталі і адзінаццацікласнікі, якія з’яўляюцца гонарам школы і ўскладваюць усе надзеі на меншых сяброў.
Першакласнікам уручаецца кніга ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі «Беларусь — наша Радзіма».
На свята завітаў і Паштальён, які прынёс пісьмо, адрасаты — Год якасці і новы навучальны год. У ім — пажаданне вучыцца паспяхова, і аб гэтым будзе нагадваць званочак са знакам Года якасці.
Першы званок даюць першакласніца Марыяна Германюк і адзінаццацікласнік Ягор Сякач.
Вучні накіроўваюцца на першы ўрок, які сёлета пройдзе пад назвай «Нам ёсць чым ганарыцца, нам ёсць што берагчы».
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Святланы МАЛАХВЕЙ