Александр Сонгин на встрече с коллективом ЦСОН Кореличского района: «В основе сильной, независимой Беларуси лежит народное единство»

5 верасня дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня Саюза палякаў на Беларусі  Аляксандр Сонгін выступіў перад работнікамі  Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна.  Асноўная тэма размовы  –  Дзень народнага адзінства: у чым сэнс і якую форму трэба надаць святу?

У пачатку дыялогу парламентарый звярнуў увагу прысутных:  акрамя таго, што  з’яўляецца парламентарыем, ён  старшыня Саюза палякаў на Беларусі.

– Хачу адзначыць, што члены нашага грамадскага аб’яднання шчыра лічаць сябе, у першую чаргу, грамадзянамі Беларусі. Так, у нас ёсць гістарычная радзіма, ёсць нашы карані. Мы памятаем гэта, але сёння перш за ўсё мы – грамадзяне Беларусі. Кожны з нас заўсёды прытрымліваўся і будзе прытрымлівацца гэтай пазіцыі, – сказаў у пачатку свайго выступлення  Аляксандр Генрыхавіч.

– Дзень народнага адзінства –  адно з самых маладых і  галоўных дзяржаўных свят для беларускага народа. Сёлета адзначым яго чацвёрты раз. Безумоўна, за гэты час многія беларусы зноў прааналізавалі падзеі, якія разгортваліся ў 1939 годзе, калі адбылося ўз’яднанне Усходняй і Заходняй Беларусі. Магчыма, значнасць даты 17 верасня яшчэ не да канца намі асэнсавана і ўсвядомлена. Аднак з кожным годам мы прыходзім да новага разумення гэтага свята, яго важнасці і лёсавызначальнасці. Для нас адкрываюцца невядомыя факты гісторыі, якія  так ці інакш уплываюць на ўспрыманне агульнай карціны свету.

Спыніўся Аляксандр Генрыхавіч і на сённяшняй няпростай абстаноўцы, якая  складваецца вакол Беларусі:

–  Для нас гэта чарговы добры ўрок, які паказвае: спраўляцца з цяжкасцямі можна толькі разам, менавіта адзінства народа ляжыць у аснове моцнай, незалежнай дзяржавы. Беларусам пад сілу любыя нягоды, яны здольныя справіцца з усімі складанасцямі і пераадолець кожную перашкоду на шляху да дабрабыту і міру. Але, паўтару, галоўная ўмова, якая забяспечыць нам бяспеку і ўпэўненасць у заўтрашнім дні, – гэта безумоўнае народнае адзінства, патрыятычнае  выхаванне падрастаючага пакалення, бо іменна за імі будучае нашага народа.

Парламентарый падкрэсліў: усе беларусы заўсёды з павагай ставяцца не толькі да сваіх суайчыннікаў, але і да прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў.  Народ нашай краіны заўсёды  працягне  руку дапамогі, якая не пакіне ў бядзе таго, хто мае патрэбу ў падтрымцы.

Кацярына КУКАНАВА

Фота аўтара