Площади меньше, а урожайность выше. В ГП «Племзавод «Кореличи» убирают кукурузу на силос
На Карэліччыне актыўна ідзе ўборка кукурузы на сілас. Сёлета аграрыям раёна належыць убраць 5440 га царыцы палёў. Па інфармацыі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Карэліцкага райвыканкама на 13 верасня, убрана 1810 га з ураджайнасцю 423 ц/га.
Разам з галоўным аграномам ДП “Племзавод Карэлічы” Іванам Кошурам назіраем, як шчыруе на кукурузным полі новы кормаўборачны камбайн Claas Jaguar 860. За рулём — вопытны механізатар Сяргей Лагута. На нарыхтоўцы кармоў мужчына працуе ўжо 32 года.
— З такім граматным і адказным гаспадаром, які заўжды своечасова выканае неабходнае тэхнічнае абслугоўванне, гэты камбайн адпрацуе доўга, — кажа Іван Кошур. — Да гэтага Сяргей Уладзіміравіч кіраваў камбайнам Claas Jaguar 870, ад’ездзіў на ім 23 сезоны. Згадзіцеся, не ў кожнага тэхніка столькі адпрацуе.
Сам механізатар не можа нарадавацца новаму жалезнаму памочніку. Прызнаецца, што больш сучасны агрэгат намнога зручнейшы і лепш убірае ўраджай:
— Тэхніка выдатная! Камфортны, зручны і нашмат прасцейшы ў кіраванні камбайн. Прадумана ўсё да дробязяў, нават крэсла кіроўцы на паветранай падушцы, не едзеш, а быццам плывеш. Выдатная агляднасць, зручны камп’ютар, электроннае завострыванне і падводка нажоў, цэнтральнае змазванне. Пералічваць плюсы можна доўга. Раніцай заправіўся, заліў кансервант — і наперад, убіраць ураджай. Жатка выдатная, ураджай убірае хутка, толькі ведай, паспявай адвозіць.
— Зараз адвозім сілас у траншэі на ферму “Палужжа”, — расказвае Іван Кошур. — Пасеялі 365 га кукурузы, 265 з іх будзем убіраць на сілас, 100 — на зерне. Кукуруза ў гэтым годзе радуе! Убралі 112 га з ураджайнасцю 545 ц/га (год таму ўраджайнасць складала 545 ц/га).
Галоўны аграном прадпрыемства расказвае, што сёлета ў племзаводзе кукурузы пасеялі на 60 га менш, чым летась. Больш плошчаў адвялі пад азімыя зерневыя. Але спецыяліст запэўнівае, што гэтай плошчы царыцы палёў хопіць, каб нарыхтаваць дастаткова кармоў для жывёлы:
— Кукуруза добрая, пачаткі буйныя, зярністыя. Зерне васковай спеласці. Менавіта такое і патрэбна для якаснага сіласу. У нашай гаспадарцы гадуецца 2069 галоў буйной рагатай жывёлы, і для яе кукурузны сілас — важны складнік рацыёна. План па нарыхтоўцы выканаем!
Сяргей СТОЛЯР.
Фота аўтара