О событиях 17 сентября 1939 года на территории Кореличского района вспоминают очевидцы
1 верасня 1939 г. гітлераўская Германія напала на Польшчу, пачалася Другая сусветная вайна. Далёка ад сваіх гарадоў, мястэчак і вёсак сустрэлі нацыстаў агнём і беларускія хлопцы, якія служылі ў польскай арміі. Сярод мужных абаронцаў Гдыні, Варшавы, Брэсцкай крэпасці было нямала “крэсавякаў”, як іх пагардліва называлі некаторыя польскія афіцэры. Сярод тых амаль 70 тыс. вайскоўцаў з ваяводстваў Заходняй Беларусі былі і нашы землякі. Некаторыя з іх загінулі, другія трапілі ў нямецкі палон, трэцім пашанцавала адступаць да родных мясцін.
Вайна набліжалася да беларускіх зямель. Палохала, што на змену польскай акупацыі прыйдзе нацысцкая.
Ніхто ў той час не ведаў аб заключэнні 23 жніўня 1939 года паміж СССР і Германіяй пакта аб ненападзе і аб сакрэтным пратаколе да яго. У адпаведнасці з ім польская дзяржава падзялялася на сферы ўплыву, а землі Заходняй Беларусі адыходзілі да СССР.
У ранку 17 верасня войскі Чырвонай Арміі перайшлі граніцу і ў той жа дзень занялі Мір і Карэлічы, потым Гродна і Брэст. Жыхары вёсак і мястэчкаў Навагрудскага і Стаўбцоўскага паветаў кветкамі, хлебам-соллю, сустракалі савецкія войскі. Праходзілі шматлюдныя мітынгі. У масе сваёй беларусы былі ўпэўнены, што наступае час здзяйснення іх шматгадовых надзей на лепшае жыццё. У першыя дні вызвалення на сходах жыхароў выбіраліся органы новай улады – сельскія і валасныя сялянскія камітэты. На тэрыторыі сучаснага Карэліцкага раёна валасныя камітэты дзейнічалі ў Міры, Карэлічах, Турцы, Цырыне, Жухавічах, Райцы.
З успамінаў Мацко Лідзіі Міхайлаўны, 1919 года нараджэння, в. Лукі. З 1949 па 1977 гг. свінарка ў калгасе “Сцяг Леніна”. Узнагароджана ордэнам Леніна і Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалямі. Заслужаная калгасніца. Дачка З. Крапіўніцкай, члена камуны “Праца” імя У. І. Леніна.
“Як сёння помню падзеі 17 верасня 1939 года. Забег хтосьці з аднавяскоўцаў да нас у хату, мацяры штосьці шапнуў, і яна адразу ж кудысьці засабіралася. Потым і мяне паклікала: “Пойдзем, Ліда, нашых сустракаць!” А на вуліцы народ у калону становіцца. Я такое толькі ў 1936 годзе ў Карэлічах бачыла, калі камуністы і камсамольцы ў дзень гадавіны Кастрычніка дэманстрацыю арганізавалі. Цікава, што тады ні адзін паліцэйскі не з’явіўся. Потым па адным удзельніку дэманстрацыі бралі.
Выйшлі мы за вёску. Маці чырвоны сцяг разгарнула. Той самы, камунарскі. А насустрач чырвонаармейцы калонай ідуць. Хіба можна словам апісаць, якая гэта была сустрэча! Аднавяскоўцы кветкамі, хлебам-соллю сустракалі савецкіх воінаў.
Затым новая навала, вайна. Колькі гора яна прынесла людзям. Пасля вайны ў 1949 годзе сталі зноў арганізоўваць калгасы. У 1953 годзе старшынёй абралі А. А. Гарбатоўскага. Праз тры гады аб нашым старшыні і нашых Луках у рэспубліканскіх часопісах пісаць сталі. Да 40-годдзя Савецкай улады мяне ўзнагародзілі медалём “За працоўную адзнаку”. У 1957 годзе калгас атрымаў 200 тыс. рублёў прыбытку. Тады ж 30 сем’яў луччан наваселле справілі. Чаго гэта каштавала Гарбатоўскаму?! Бывала, ідзеш чуць свет на ферму – старшыня ўжо на рабоце. Людзі паверылі ў свайго старшыню, памятаюць яго па сённяшні дзень. Такое сапраўды не забываецца. У 1976 годзе прысвоілі мне званне заслужанай калгасніцы.
Прыйдзеш у клуб на якую-небудзь урачыстасць і ўбачыш, колькі ардэнаносцаў сёння ў нашай вёсцы. Што ж, як кажуць: па працы і гонар. Зараз ніхто нават не помніць той крыўднай пагаворкі: “Калі хочашь мукі – ідзі замуж у Лукі!”
Марыя БЕЛЕНАВА,
супрацоўнік Карэліцкага раённага краязнаўчага музея
Па матэрыялах кніг “Расвет над Нёманам”, “Памяць”,
фондаў Карэліцкага раённага краязнаўчага музея.