Библиотекарь Циринской сельской библиотеки Елена Пахоменко: «Библиотека в деревне — это та ниточка, которая связывает нас с прошлым»

Прафесію па душы кожны выбірае сам: адны аднойчы і на ўсё жыццё, другія пасля заканчэння навучальных устаноў, трэція праз шмат гадоў. Што датычыць апошніх, многія лічаць сябе шчаслівымі, калі ў новай прафесіі знаходзяць любімую справу і прыносяць карысць людзям.

Казкі жыцця

Алена Сямёнаўна часта ў думках вяртаецца ў родны куточак. Ён няблізка ад Карэліччыны: вёска Юрцава на Віцебшчыне. Перад вачамі паўстае вялікая і дружная сям’я — дзяцей у сям’і было васьмёра.

Здавалася, што яна жыла як у сапраўднай казцы. Хаця казкі ў дзяцінстве таксама моцна любіла. Старэйшыя браты і сёстры клапаціліся пра меншых, матуля працавала на ферме, і ўсе клопаты па доглядзе клаліся на іх плечы. Яны расказвалі і чыталі сястрычцы казкі.

— Я любіла кнігі, — успамінае жанчына. — З вялікім задавальненнем сама чытала казкі, але найбольш любіла, калі гэта рабілі браты і сёстры. Я слухала ўважліва іх, ставіла сябе на месца казачных герояў, вучылася ў іх добрым учынкам. Многія пазней перачытвала, яны вельмі  падабаліся, з казак пачалася мая любоў да кніг.

Павароты лёсу

Пасля заканчэння школы Алена паступіла ў Вілейскае ГПТВ і выбрала спецыяльнасць зборшчыка фотаапаратаў. Пасля заканчэння вучылішча працавала на сталічным заводзе «Зеніт». Шчыраваць давялося нядоўга — выйшла замуж.

Вось тут адбыўся круты паварот у лёсе маладых людзей. Родзічы мужа параілі пераехаць на Карэліччыну.  Яны назвалі важны аргумент: калгас «Ленінскі шлях» на той час быў моцнай гаспадаркай, можна было добра жыць і працаваць. Маладыя прыслухаліся да слушнай парады сваякоў і пераехалі ў Цырын. Шкадаваць не давялося: гаспадарка выдзеліла сям’і кватэру. Тут нарадзіліся дачка Вольга і сын Аляксей. Калі ж дзеці падраслі, жанчына пайшла працаваць у ААТ «НВП «Ніка» і дваццаць гадоў прысвяціла прадпрыемству.

Шлях у прафесію

Першага кастрычніка споўніцца чатыры гады, як Алена Сямёнаўна працуе ў Цырынскай сельскай бібліятэцы, і ёй падабаецца мець зносіны з чытачамі. У асаблівасці любіць абслугоўваць састарэлых на даму. Прыносіць людзям пажылога ўзросту кнігі і часопісы, гутарыць з імі па душах. Прымае заяўкі на дастаўку любімых твораў і перыядычных выданняў.

З актыўных чытачоў бібліятэкар адзначыла дзяцей і ўдакладніла, што асабліва любяць кніжкі дашкольнікі, якія наведваюцца ў бібліятэку разам з мамамі і бабулямі.

У Цырынскай сельскай бібліятэцы займаюцца не толькі выдачай і дастаўкай кніг і часопісаў. У летні час праводзяцца гульнёвыя і пазнавальныя праграмы, у вучэбны час — мерапрыемствы на разнастайныя тэмы і прымеркаваныя да дзяржаўных свят.

Пры бібліятэцы дзейнічае клуб па інтарэсах «Надзея», пастаяннымі наведвальнікамі якога з’яўляюцца дзесяць чалавек. Сёлета, у жніўні, яны прынялі ўдзел у брэндавым мерапрыемстве «Бульбяны разгуляй». Удзельніцы клуба прыгатавалі разнастайныя стравы з бульбы, праявілі сваё майстэрства і парадавалі вяскоўцаў. Яны пастараліся на славу: прысмакі аказаліся арыгінальнымі і смачнымі.

Любоў да кнігі

— Бібліятэка на сяле — тая нітачка, якая звязвае з мінулым, — гаворыць Алена Сямёнаўна Пахоменка і дадае, што неаднойчы нагадвае час, калі людзі праводзілі свой вольны час у бібліятэцы, а не за камп’ютарам ці планшэтам. Інфармацыйныя тэхналогіі пайшлі далёка наперад і іх роля на сучасным этапе значная. Вось толькі кніга была і засталася велізарнай каштоўнасцю, у якой можна даведацца карысныя звесткі. Радуе, што людзі залатога ўзросту гэта добра разумеюць, наведваюць бібліятэку, чытаюць кнігі і цікавяцца ўсім, што адбываецца ў свеце.

Бібліятэкар паведала і пра атмасферу, якая пануе ва ўстанове культуры: цішыня і ўтульнасць, чалавек знаходзіцца сярод царства кніг, часопісаў, газет — і быццам акунаецца ў іншы свет, дзе вельмі камфортна, а на душы светла і спакойна.

— У мяне з дзяцінства закладзена любоў да кнігі, — прызнаецца субяседніца. — Хочацца, каб людзі чыталі класіку. У бібліятэцы шмат твораў савецкіх і беларускіх пісьменнікаў, паэтаў.

Напрыканцы хачу нагадаць словы Францішка Скарыны: «Любіце кнігу, бо яна крыніца мудрасці, ведаў і навукі, лекі для душы».

Галіна СМАЛЯНКА

Фота з архіва