Школьники Жуховичской СШ отправились в Страну знаний
Сёння, 2 верасня, ва ўсіх школах рэспублікі празвінелі першыя званкі, якія абвясцілі аб пачатку новага навучальнага года. Карэспандэнт раённай газеты “Полымя” накіравалася ў ДУА “Жухавіцкая сярэдняя школа”. Тут на ўрачыстасці сабраліся вучні, педагогі, бацькі і ганаровыя госці. Сёлета калектыў школьнікаў папоўніўся трынаццаццю першакласнікамі, якія пераступілі школьны парог, атрымалі памятныя падарункі ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – кнігу “Мая Радзіма – Беларусь” і сімвалічныя ключы да ведаў ад адзінаццацікласнікаў.
Традыцыйна лінейка адкрылася ўрачыстай цырымоніяй вынасу Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь.
Павіншаваць навучэнцаў з пачаткам навучальнага года прыйшлі начальнік аддзела адукацыі Карэліцкага райвыканкама, старшыня РА ГА “Беларускі фонд міру” Ірына Асташэвіч, старшыня СВК “Жухавічы” Дзмітрый Янкоўскі, старшыня Жухавіцкага сельвыканкама Тамара Гасціла, загадчык Жухавіцкага філіяла ДУА “Карэліцкая дзіцячая школа мастацтваў” Дзмітрый Малышчык, настаяцель храма Нараджэння Іаана Прадцечы агр. Жухавічы айцец Уладзімір і першы намеснік начальніка Карэліцкага РАНС Сяргей Бунчук.З прывітальным слова выступіла дырэктар школы Ларыса Камера, якая павіншавала вучняў і калектыў школы з новым навучальным годам.
– Сёння для вас, дзеці, знамянальны дзень. Вы пачынаеце новае жыццё, напоўненае яркімі падзеямі і новымі эмоцыямі. Жадаю вам добрай вучобы, цягі да ведаў і моцнага здароўя, – звярнулася да першакласнікаў Ірына Валер’еўна.
Таксама начальнік аддзела адукацыі выказала словы падзякі калектыву работнікаў школы за добрую падрыхтоўку ўстановы адукацыі да новага навучальнага года. Пажадала плённай працы і поспехаў усім у новым навучальным годзе і ўручыла падарачны сертыфікат.
Віншуючы прысутных, Дзмітрый Янкоўскі адзначыў, што сёлета сельгаспрадпрыемства папоўніла матэрыяльна-тэхнічную базу ўстановы адукацыіі спортінвентаром. Ён падзякаваў і ўручыў грашовыя падарункі вучням школы, якія працавалі ў складзе студэнцкіх атрадаў і нароўні са старэйшымі ўбіралі ўраджай.
Тамара Гасціла і святар Уладзімір у сваіх віншаваннях жадалі дзецям упэўнена ісці па шляху ведаў, педагогам – поспехаў у нялёгкай працы і ўручылі першакласнікам падарункі.
Словы наказу першакласнікам адрасавалі выпускнікі. Яны ўручылі сімвалічныя ключы ў краіну ведаў.
У канцы мерапрыемства па традыцыі для новых вучняў прагучаў першы школьны званок, які даў старт новаму навучальнаму году.
Урок для школьнікаў прайшоў на тэму “Нам ёсць чым ганарыцца, нам ёсць што берагчы!”. Размова вялася аб дасягненнях беларускага народа, якімі ганарыцца краіна, аб тых каштоўнасцях, якія важна захаваць дзеля нашай будучыні.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара