Изумрудные юбиляры из г.п. Кореличи раскрыли главный секрет долгой совместной жизни
Пяцьдзясят пяць гадоў крочаць па жыцці разам Тамара Міхайлаўна і Вячаслаў Уладзіміравіч Высоцкія з райцэнтра.
Аб сэнсе жыцця, ролі сям’і, любімай справе і іншых каштоўнасцях пацікавілася ў іх падчас сустрэчы.
— «Жыццё пражыць — не поле перайсці» — народная прымаўка на вуснах многіх. У чым асноўны сэнс жыцця?
Т. М.: Сэнс усяго майго жыцця — у дзецях і ўнуках. Яны — мая радасць, падтрымка, апора. Яны для мяне ўсё, дзеля іх жыву, працую, радуюся новаму дню.
В. У.: Трэба пражыць жыццё так, каб было што ўспомніць. Яно павінна быць карыснае і змястоўнае.
— Як вы лічыце, ваша сустрэча была лёсавызначальнай ці проста выпадковасцю?
Т. М.: Мы пазнаёміліся на танцах у парку г.п. Карэлічы. Гэта было 2 мая 1969 года. Лічу, што лёс звёў нас, інакш не пражылі бы столькі гадоў разам.
В. У.: Гэта быў лёс. Мы пражылі 55 гадоў дружна, у павазе і падтрымцы адзін да аднаго, выхоўвалі сваіх дзяцей. Сёння нам не сорамна перад людзьмі.
— Па вашым меркаванні, якія рысы характару неабходна ў сабе выхаваць, каб захаваць моцную сям’ю?
Т. М.: Жанчына павінна быць памяркоўнай, ласкавай, добрай, умець дараваць, бачыць і цаніць у спадарожніку жыцця свайго сябра і дарадчыка.
В.У.: Муж павінен быць уважлівым, клапатлівым, працавітым. Клапаціцца пра жонку і дзяцей, быць для іх апорай і падтрымкай.
— Што азначае сям’я для кожнага з вас?
Т. М.: Сям’я для мяне — гэта цэлы Сусвет. Сэнс майго жыцця. Аддушына, дзе я адчуваю сябе патрэбнай. Мяне тут цэняць, чакаюць, любяць.
В. У.: Сям’я — гэта саюз мужчыны і жанчыны. Я імкнуўся, каб сям’я была моцнай, і ўсё рабіў для гэтага. Што бачна зараз, праз 55 гадоў сумеснага жыцця.
— Немалаважнае значэнне ў жыцці чалавека займае праца. У якіх галінах давялося працаваць, і наколькі абраная справа натхняла?
Т. М.: Я працавала пасля заканчэння Баранавіцкага тэхналагічнага тэхнікума ў камбінаце кааператыўнай прамысловасці Карэліцкага спажывецкага таварыства загадчыкам вытворчасці дваццаць гадоў і яшчэ дваццаць гадоў у каўбасным цэху тэхнолагам. Сваю працу моцна любіла, мы выпускалі якасную прадукцыю для спажыўцоў.
В. У.: Я быў старшым электрамеханікам сувязі ў Карэліцкім цэху сувязі. Любіў сваю справу, яна была звязана з тым, каб сувязь у раёне функцыянавала бесперабойна, мне і калегам па працы ўдавалася гэта паспяхова. На пенсіі яшчэ пяць гадоў працаваў у райваенкамаце.
— У гэтыя восеньскія дні адзначаецца Дзень пажылых людзей. Многія прадстаўнікі старэйшага пакалення не жадаюць запісваць сябе ў гэтую кагорту, бо жывуць актыўным жыццём. А чым вы займаецеся на заслужаным адпачынку?
Т. М.: Я ўвіхаюся на прысядзібным участку, ёсць цяпліца, вырошчваем перац, памідоры, баклажаны. Каля дому саджу кветкі, вінаград, і ўсё гэта мне падабаецца.
В. У.: Працую на прысядзібным участку. Люблю зямлю: яна корміць, восенню адорвае дарамі за руплівую працу.
— У вас прыгожы дом. Пасадзіць дрэва і выхаваць сыноў таксама змаглі? Тры правілы жыцця выконвалі разам.
Т. М.: Так. Разам рабілі ўсё: будаваліся, садзілі сад, выхоўвалі сыноў Алега і Уладзіміра. Дачакаліся траіх унукаў. Маем дзвюх нявестак Наталлю і Кацярыну, якія ў нас за дачок.
В. У.: Я выканаў гэтае залатое правіла жыцця двойчы. Ужо пасадзілі другі сад: яблыні, грушы, слівы, вінаград. Ганаруся сынамі і ўнукамі, паважаю нявестак. Усе разам мы — дружная сям’я.
— Што найбольш шануеце ў людзях?
Т. М.: Дабрыню, шчырасць, давер, прастату, што дапамагае падтрымліваць узаемаадносіны з людзьмі.
В. У.: Дабрыню, справядлівасць, дакладнасць — гэтыя рысы характару з лепшага боку вызначаюць чалавека.
— Маладосць і мудрасць — лесвіцы жыцця, якія чалавек праходзіць у жыцці. Што можаце пажадаць сёння маладым?
Т. М.: Каб шанавалі, любілі, даравалі, паважалі адзін аднаго.
В. У.: Разумення. Каб умелі слухаць і чуць адзін аднаго. Каб захоўвалі вернасць на працягу ўсяго жыцця.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Кацярыны КУКАНАВАЙ