У Баранавічах Малюшыцкага сельсавета адзначылі свята вёскі «З любоўю да людзей і зямлі»
Родная вёска — самая прыгожая, гасцінная, светлая. Тут самае высокае неба і самыя духмяныя кветкі, самы звонкі птушыны спеў і самыя зялёныя сенажаці. Гэта родны дом і матуліна песня, шчырыя і спагадлівыя людзі. Пра гэта ішла размова на свяце вёскі Баранавічы, і гэта змаглі адчуць яго ўдзельнікі.
З прывітальным словам і найлепшымі пажаданнямі да прысутных звярнуліся старшыня Малюшыцкага сельскага Савета Віктар Аркадзьевіч Дзірвук, стараста вёскі Баранавічы Алена Аляксандраўна Чубрык і настаяцель царквы Святой вялікапакутніцы Варвары ў аграгарадку Райца Аляксей Шышкір.
У гэты святочны дзень былі ўшанаваны самая старэйшая жыхарка вёскі 93-гадовая Ганна Юльянаўна Гасціла і самая маленькая жыхарка Яна Альшэўская, якая з’явілася на свет 14 красавіка гэтага года.
Сям’я — гэта родныя людзі, клопат і любоў. Тут чалавек адчувае сябе самім сабой і сюды заўсёды хочацца вяртацца. Менавіта шмат увагі ўдзяляецца сем’ям на сучасным этапе. Яны былі ўшанаваны і на свяце вёскі: шмадзетная Сяргея і Ганны Альшэўскіх, Ігара і Паліны Патук, прыёмная Івана і Ірыны Кучко, маці-гераіня Валянціна Васільеўна Суднік, самая багатая бабуля Ніна Паўлаўна Грабовік, у якой 5 дзяцей, 13 унукаў і 19 праўнукаў.
Нездарма ў народзе гавораць: «Жыццё пражыць — не поле перайсці». Трэба шмат мудрасці і любові, цярпення і ласкі, мінуць шмат крутых сцяжынак і пераадолець нямала цяжкасцей, каб захаваць сям’ю. Шэсцьдзясят два гады пражылі разам і разам вырашалі ўсе справы, радасці і горычы дзялілі папалам Валянцін Аляксандравіч і Валянціна Іосіфаўна Ляўковічы. На свяце таксама павіншавалі і маладую сям’ю Юрыя Аляксандравіча і Яны Аляксандраўны Напорка і пажадалі ім добрай долі, быць здаровымі, жыць у шчасці.
У вёсцы ўсё і ўсе навідавоку. Асаблівую ўвагу і павагу заслугоўваюць добрыя гаспадары, радуюць вочы іх дагледжаныя хаты, падворкі, кветнікі. На свяце была адзначана Марыя Яўгеньеўна Гусак, якая надае вялікую ўвагу добраўпарадкаванню свайго прысядзібнага ўчастка, дзе растуць 120 туй, і ўсё зроблена з добрым густам і любоўю. Жанчына ўзнагароджана дыпломам «Лепшы двор». Таксама былі ўшанаваны Алена Мікалаеўна Гіз («Лепшы кветнік»), Валерый Мікалаевіч і Святлана Аляксандраўна Рытус («Лепшы дом»), сям’я Мікалая Мікалаевіча Барэйкі («Лепшы агароднік»), сям’я Дзмітрыя і Алены Коцік («Лепшая культурная сям’я»).
Сваімі талентамі славіцца баранавіцкая зямля. Тут умеюць не толькі шчыра працаваць, добра выхоўваюць дзяцей, але сваімі рукамі ствараць сапраўдныя шэдэўры, і майстэрства вяскоўцам не пазычаць. У гэты святочны дзень словы ўдзячнасці адрасоўваліся Таццяне Яўгеньеўне Лагута, Аляксандру Аляксандравічу Баркову, Таісе Георгіеўне Брэган, Сафіі Іванаўне Арцюх, Таццяне Мяфодзьеўне Зайцавай, Ліліі Георгіеўне Міхалёвай.
На гэтым залаты спіс талентаў не заканчваецца. У вёсцы ёсць своеасаблівыя таленты, як іх тут называюць «нашы зорачкі» і ганарацца па праву. Сярод іх — Аляксей Эдмундавіч Юхневіч (піша вершы і складае музыку), Аляксандра Іванаўна Панасенка (пісьменніца), Людміла Міхайлаўна Лось (піша вершы, байкі) і іншыя.
Радасць свята з жыхарамі вёскі Баранавічы раздзялілі самадзейныя артысты Жухавіцкага Дома культуры і Баранавіцкага сельскага клуба.
У гэты дзень адбылося адкрыццё памятнага знака ў гонар былога старшыні калгаса «Сцяг Перамогі» Мікалая Міхайлавіча Барэйкі, які ўстаноўлены да 90-годдзя з дня яго нараджэння ў парку вёскі Баранавічы.
Падрыхтавала Галіна СМАЛЯНКА