100-летняя жительница Кореличского района Зоя Николаевна Кардаш: «Белорусы на панов батрачили целыми семьями»

У 1921 годзе палова нашай рэспублікі з насельніцтвам амаль у чатыры мільёны апынулася ў юрысдыкцыі польскай дзяржавы.  Новая ўлада не спяшалася развіваць тут эканоміку, прамысловасць, культуру. “Польшча Б”, так называлі палякі далучаныя землі, і лічылі хутчэй сыравінным прыдаткам Польшчы. Пра ўмовы жыцця «за польскім часам» журналіст “Полымя” даведалася з вуснаў тых, хто перажыў гэты час.  Хто, як ні жывыя сведкі тых падзей, ведаюць не па чутках цану свабоды.

— Высокія падаткі, мізэрныя заробкі, адсутнасць вялікіх вытворчасцяў, забарона роднай мовы, немагчымасць аплаціць вучобу і лячэнне. Цяпер гэта гучыць проста дзіка. Для таго, каб схадзіць у лес у грыбы, трэба было купляць білет. За кожную пасаджаную яблыню спаганяўся падатак. Так сабе атрымліваецца раўнапраўе, хутчэй, прыгоннае права або рабства, — успамінае Зоя Мікалаеўна Кардаш, былая настаўніца з вёскі  Міратычы  Райцаўскага сельскага Савета.

Нарадзілася Зоя Мікалаеўна ў вёсцы Краснае Красненскага сельскага Савета ў 1924 годзе.  Бацька Мікалай Паўлавіч Барысенка быў шаўцом, а маці Аляксандра Васільеўна працавала на падсобнай гаспадарцы. У сям’і выхоўвалася сямёра дзяцей: тры старэйшыя сястры: Глаша, Вера і Ліда і тры малодшыя браты: Пятро, Яўген і Сяргей. Бацька да жаніцьбы лічыўся беззямельным, бо меў толькі 35 сотак зямлі. А калі  ажаніўся,  у якасці пасагу  атрымаў яшчэ 36 сотак сенакосу і 36 сотак ворыўнай зямлі.  Мікалай Паўлавіч заўсёды быў паважаным чалавекам як сярод вяскоўцаў, так і сярод заможных людзей. Ён  быў адмысловым краўцом: шыў абутак, правізу, а яшчэ вучыў  рамеснай  справе чэлядзь.

Зоя Кардаш са старэйшай сястрой Лідзіяй

— У нас дома заўсёды быў і хлеб,  і да хлеба, бо за работу бацька заўсёды добрыя грошы атрымліваў. Але большасць вяскоўцаў былі беднякі-беднякамі — мелі зусім мала зямлі і выжывалі толькі за кошт таго, што батрачылі сем’ямі — аралі, касілі, што ні загадаюць, рабілі.  Ды і мае  маці,  і старэйшыя сёстры час ад часу хадзілі на працу  ў Карэлічы ў маёнтак.  Калі наступала пара сенакосу або жніва, тады ішоў у маёнтак і бацька. Траву касілі, сушылі дзве капы гаспадару, а адна —  сабе, так і са збожжам было.  Трэба было сваю жывёлу карміць.  А дома і конь быў, і карова, і свінні, і куры. Я была малая,  мяне на падпрацоўку   не бралі, толькі адзін раз агуркі збірала. Тады атрымала за работу 15 злотых.

Нашы бацькі заўсёды былі зацікаўлены ў тым, каб мы атрымалі адукацыю,  таму сёстры і я вучыліся ў сямігодцы.  Спачатку выкладанне вялося толькі на польскай мове, але вяскоўцы гэтым не былі задаволены,  і  дабіліся таго, што  з’явілася гадзіна роднай мовы.

З кожным годам усё больш і больш было  тых,  хто быў супраць існуючага ладу, тых, хто  разумеў, што дзеля светлай будучыні дзяцей трэба нешта мяняць.  Таму многія вяскоўцы далучыліся да Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі  і пачалі падпольную барацьбу з польскім прыгнётам. Калі ў вёсцы з’явіцца нейкі плакат ці лістоўка,  поўна наедзе паліцаяў і хапаюць усіх падазроных. Урэзаўся ў памяць выпадак, калі арыштоўвалі суседскага хлопца, а мы, дзеці, беглі і крычалі паліцаю: “Гурэцкі, адпусці Валодзю!” Узгадваецца і  смерць зусім маладога юнака,  сакратара Карэліцкага падпольнага райкама камсамола падпольшчыка  Мікалая Арцюха. Тады  з Краснага ў Лясок на могілкі няслі яго агародамі і шлях усцілалі кветкамі, — падзялілася далёкімі ўспамінамі суразмоўца.

Амаль 20 гадоў краіна была не па сваёй волі падзелена на часткі, колькі сем’яў было разлучана дзяржаўнай мяжой. Палякі ў “крэсах усходніх” былі ў прывілеяваным становішчы, а вось правы беларусаў, яўрэяў ушчамляліся, таму і  Чырвоную Армію ў Заходняй Беларусі  сустракалі як вызваліцеляў.

Сёння мы, нашчадкі, аддаём даніну памяці падзеям восені 1939-га. Мы добра разумеем: хто ведае мінулае  — мае будучыню. Свята, несумненна, паспрыяе і ўмацаванню беларускай дзяржаўнасці. Гэта асабліва неабходна ў сучасных умовах, калі ўнутраныя і знешнія нядобразычліўцы спрабуюць фальсіфікаваць і сказіць гісторыю з прыцэлам на сучаснасць. Гэты дзень злучае мінулае, сучаснасць і будучыню беларускага народа. Ён пераконвае: нацыю, не змацаваную адзінствам, пры неспрыяльных абставінах могуць падзяліць іншыя дзяржавы. Каб такога не здарылася, мы заўсёды павінны быць згуртаваныя. І тады пераадолеем любыя выпрабаванні.

Кацярына КУКАНАВА

Фота аўтара і з сямейнага архіва героя публікацыі