Чеслав и Алина Готто из Кореличей приняли участие в торжественном приеме у председателя Гродненского облисполкома Владимира Караника

 

Сям’я Готта з намеснікам старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктарам Пранюком

Урачысты прыём старшыні аблвыканкама Уладзіміра Караніка, прымеркаваны да Тыдня бацькоўскай любові, прайшоў у Гродна.

Запрашэнне на яго атрымала  сям’я з Карэліцкага раёна Часлава і Аліны Готта.

За плячыма гэтых паважаных людзей 45 шчаслівых гадоў сумеснага жыцця. Такі салідны шлюбны стаж — падстава для гонару. І гэтыя людзі сапраўды заслугоўваюць увагу і павагу. Бо моцныя сем’і — аснова грамадства.

Часлаў Станіслававіч —  урач-хірург,  Аліна Іванаўна — медыцынская сястра. Яны сорак гадоў стаялі на варце  аховы здароўя жыхароў Карэліччыны, ім сотні, а то і тысячы людзей  і сёння дасылаюць сваю ўдзячнасць.

Нарадзіліся ў простых сялянскіх сем’ях, у якіх выхоўвалася па трое дзяцей,  і    заўсёды панавала атмасфера спагадлівасці, працавітасці, узаемапавагі і ўзаемадапамогі. Няхітрая бацькоўская навука не прайшла бясследна,   а цяга да вучобы, як і імкненне стаць высокакваліфікаванымі спецыялістамі,  дала свой станоўчы вынік.

Сужэнцы  далі жыццё і выхавалі двух выдатных сыноў.  Бацькі ганарацца дзецьмі, якія атрымалі добрую адукацыю ў вну, сталі паважанымі  высокакваліфікаванымі спецыялістамі, іх сем’ямі.  Бясконца любяць унучак Варвару і Насцю,   назіраюць за  іх сталеннем.

— Усё бывае ў жыцці, — кажуць сужэнцы. — Галоўнае — любыя нягоды трэба прымаць спакойна, з годнасцю. Менавіта павага адзін да аднаго і любоў дазваляюць нам столькі гадоў ісці рука аб руку.  У сям’ях нашых бацькоў не было месца грубасці, не ведаюць яе і нашы дзеці. Трэба ўмець чуць адзін аднаго, дзе трэба,  прамаўчаць, жыць узаемнымі інтарэсамі, а дзецям дарыць, нягледзячы на занятасць, максімум увагі.

Часлаў Станіслававіч і Аліна Іванаўна падзяліліся уражаннямі аб мерапрыемстве:

–  Душэўны і цёплы прыём, на якім нам давялося пабываць, пакінуў масу самых пазітыўных уражанняў. Не перадаць словамі, колькі эмоцый мы атрымалі, колькі добрых і цёплых слоў было сказана ў наш адрас, слоў падзякі за выхаванне дзяцей, за сумленную працу на карысць грамадства і дзяржавы старшынёй Гродзенскага аблвыканкама Уладзімірам Каранікам.

З усіх куткоў Гродзеншчыны на сустрэчу прыехалі 19 сем’яў. Сярод іх – шматдзетныя мамы, пераможцы сямейных конкурсаў, а таксама тыя, чые дзеці дасягнулі значных поспехаў у розных сферах – навуцы, мастацтве, спорце, працоўнай дзейнасці. Было такое адчуванне, што мы апынуліся сярод аднадумцаў, людзей, для якіх мацярынства і бацькоўства з’яўляецца сэнсам жыцця.  Падчас мерапрыемства пяці  шматдзетным жанчынам кіраўнік рэгіёна Уладзімір Каранік  уручыў  Ордэн Маці.  Для нас асабіста, прыемным сюрпрызам стаў падарунак ад губернатара. Хочацца падзякаваць усім за выдатнае мерапрыемства і за той шанс, які выпаў нам.

Кацярына КУКАНАВА

Фота з архіва герояў публікацыі