Следовать творческому «ИмПульсу». Ирина Бондарева рассказывает об эстрадном коллективе «ИмПульс»

Аматарскаму вакальнаму ансамблю “ІмПульс”, удзел у якім прымаюць работнікі Карэліцкага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці, няма яшчэ і пяці гадоў, але яго вакалістаў і песні, якія яны выконваюць, ведаюць і любяць многія карэліччане. Яны з самага заснавання з’яўляюцца ўдзельнікамі ўсіх раённых мерапрыемстваў. Акрамя гэтага “ІмПульс” можна ўбачыць на сцэне абласных канцэртаў і міжнародных фестываляў. Напярэдадні прафесійнага свята гутарым з кіраўніком калектыву Ірынай Бондаравай.

— Ансамбль быў заснаваны ў 2021 годзе, — успамінае Ірына. — Неабходны быў мабільны калектыў, які зможа выступіць на любой пляцоўцы, дзе выканае сучасныя папулярныя песні. Кіраўніцтва Цэнтра даручыла стварэнне калектыву мне, паверыла, што я змагу ажыццявіць гэту ідэю. Пачынаць новую справу было крыху хвалююча, таму што на мяне ўсклалі такую адказную задачу, але, калі ты зараджаны новай справай, то паступова знаходзіш неабходны накірунак. Было вырашана, што ўдзельнікамі калектыву сталі работнікі ўстановы, бо большасць канцэртаў праводзіцца ў рабочы час, калі спевакам “з боку” складана ўдзяліць час выступленню.

Ірына расказвае, што калектыву прыходзіцца вельмі часта абнаўляць свой рэпертуар. Некаторыя песні “ІмПульс” выканалі толькі адзін раз:

— Мы выступаем амаль на ўсіх мерапрыемствах, што праводзяцца ў раёне, таму неабходна ўвесь час быць у пошуку новых песень, свежых аранжыровак.

Рэпертуар калектыву вельмі разнастайны: ад беларускіх народных песень у сучаснай апрацоўцы да сусветна вядомых хітоў.

— Я лічу, што цяжкіх момантаў у жыцці кожнага з нас і так хапае, — кажа кіраўнік. — І калі чалавек прыйдзе на канцэрт і будзе слухаць 10-15 сумных песень, то яму стане зусім не па сабе… Таму мы вырашылі, што наш калектыў павінен быць дынамічным, несці са сцэны энергію і пазітыў, тым больш, што ансамбль складаецца з маладых, энергічных артыстаў.

— Калі мне спадабалася песня, і я разумею, што ў нашым выкананні яна будзе добра гучаць, мы адразу пачынаем яе развучваць. Здараецца, што нават пры чарговым праслухоўванні ўяўляю, хто з удзельнікаў ансамбля будзе яе выконваць.

— На розных мерапрыемствах састаў “ІмПульса” можа адрознівацца. Бывае, што на сцэне пяць чалавек, бывае, што вы выступаеце ўтрох. З чым гэта звязана?

— Чым больш мабільны калектыў, тым лепш. Стараюся ісці насустрач сваім калегам, і калі ў кагосьці не атрымліваецца выступіць, мы гатовы выйсці на сцэну без яго, бо вакальныя партыі развучваюць некалькі чалавек. Да таго ж, ва ўстанову культуры прыходзяць новыя людзі, якія таксама з задавальненнем удзельнічаюць у калектыве. Прыемна бачыць, што той, хто толькі нядаўна прыйшоў да нас і крыху саромеецца сцэны, пасля некалькіх выступленняў адчувае сябе больш упэўнена і расце як артыст.

— Вакальнае майстэрства павінна быць на вышыні. Як гэтага дабіцца?

— Сакрэт у штодзённай карпатлівай працы. Рэпетыцыі, рэпетыцыі і яшчэ раз рэпетыцыі. Яны могуць быць няпростымі, могуць зацягнуцца да позняга вечара, але на канцэрце я буду ўпэўнена ў сабе і сваіх калегах, у тым, што кожны ведае сваю вакальную партыю і не падвядзе. Яшчэ адным важным складнікам з’яўляецца эмацыянальны настрой артыстаў. Калі на сцэну выходзяць разам не проста калегі, але і добрыя сябры, глядач абавязкова адчуе гэта.

— Вы спявалі на многіх пляцоўках. Якія выступленні сталі самымі яскравымі?

— Адбілася ў памяці выступленне на абласных “Дажынках-2022” у Вялікай Бераставіцы, дзе мы выканалі песню “Беларускі трэнд” — беларускамоўны кавер на знакамітую песню “Dance Monkey”, які быў вельмі цёпла ўспрыняты гледачамі. Таксама запамінальнымі сталі выступленні на ІІ Гульнях краін СНД у Гродне і, безумоўна, усе выступленні ў горадзе Краснагорску Расійскай Федэрацыі. Там вельмі спагадлівая публіка, якая заўсёды па-братэрску цёпла нас сустракае.

— Ты расказвала, што ў Краснагорску вельмі добра ўспрымалі беларускамоўныя песні.

— Для расіян гэта гэта такая фішка, наша разынка. Беларуская мова ім вельмі падабаецца, яны адзначаюць яе прыгажосць і мілагучнасць, таму яны і любяць беларускамоўныя песні. Госці з Краснагорску вывучылі для нас песню на беларускай мове, якую мы спявалі на іх фестывалі, і павіншавалі нас з Днём яднання народаў Беларусі і Расіі, выканаўшы яе на сваіх пляцоўках.

Сяргей СТОЛЯР.

Фота прадастаўлена калектывам «ІмПульс»