Как в Кореличском районе ведется работа по сбору вторичных материальных ресурсов

Тэма збору і перапрацоўкі цвёрдых камунальных адходаў з кожным годам становіцца ўсё больш актуальнай. Яно і зразумела: у сучасным свеце адходаў утвараецца столькі, што ў  будучым  планета рызыкуе ператварыцца ў вялікую звалку. Не дапусціць гэтага — абавязак кожнага  чалавека. Якая сітуацыя са зборам  другасных матэрыяльных рэсурсаў (ДМР)  на Карэліччыне? Як гэтыя пытанні вырашаюцца ў нашым рэгіёне, разбіралася карэспандэнт раёнкі.

Сказана

Прэзідэнт Беларусі

Аляксандр Лукашэнка:

— Нельга забываць, што ўзровень збору  другаснай сыравіны — гэта паказчык не толькі нашай агульнай культуры, але і цывілізаванасці эканомікі ў цэлым. Ад эфектыўнасці работы ў сферы абыходжання з адходамі напрамую залежыць экалагічная бяспека краіны. У гэтым наша адказнасць перад будучымі пакаленнямі.

На нарадзе па пытанні ўдасканалення сістэмы збору

другаснай сыравіны  і яе перапрацоўкі,

14 сакавіка 2014 года

Успомніце рэкламу пра сланяня, вага якога супастаўная з вагой камунальных адходаў, якія ўтвараюцца ў выніку жыццядзейнасці аднаго чалавека за год, – прыкладна 400 кг. Калі ўзяць за аснову гэтую лічбу, то, згодна з сярэднімі  дадзенымі, на аднаго жыхара краіны паказчык здабывання  ДМР з цвёрдых камунальных адходаў складае 108 кг — прыкладна чацвёртая частка, што вельмі мала. Астатняе адпраўляецца перагніваць на сметнікавыя  палігоны. Праўда, колькасць апошніх з кожным годам памяншаецца.  Але гэта не значыць, што памяншаецца колькасць адходаў у разліку на аднаго чалавека. Хутчэй наадварот.

Пытанне збору і нарыхтоўкі другасных матэрыяльных рэсурсаў на Карэліччыне  знаходзіцца пад пастаянным кантролем мясцовай улады. Згодна з Дзяржаўнай праграмай  “Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе” рэгіёну кожны год  даводзяцца заданні па аб’ёмах збору другасных матэрыяльных рэсурсаў. У раёне асноўнымі тэрытарыяльнымі аператарамі па зборы ДМР з’яўляюцца раённае ўнітарнае прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі і  Карэліцкі філіял Гродзенскага аблспажыўтаварыства.

– Камунальныя службы вядуць мэтанакіраваную работу па асобным зборы смецця і яго перапрацоўцы. Толькі  сёлета было набыта і ўстаноўлена 10 кантэйнераў для другасных матэрыяльных рэсурсаў (ДМР) і 40 для збору цвёрдых камунальных адходаў (ЦКА), – расказаў старшы майстар Карэліцкага РУП ЖКГ Мікалай Яўсей. — Такія ёсць на вуліцах Гагарына, Пушкіна, Гастэлы, перавулку Савецкім. Ды і ўвогуле, спецыяльныя ёмістасці ёсць шмат у якіх  дварах. Што тычыцца сельскай мясцовасці, то тут  дзейнічае падваравы збор смецця. Плануецца, што ў хуткім часе ў сельскіх населеных пунктах, дзе ёсць шматкватэрныя дамы, таксама будуць абсталяваны пляцоўкі і ўстаноўлены кантэйнеры для збору смецця і другасных матэрыяльных рэсурсаў.

Адправілася па месцах збору ДМР, каб зрабіць “брудную” работу: праверыць, ці адпавядае змесціва бакаў таму, што на іх напісана.

— Я смецце сартырую з прынцыпу і па сумленні, — расказаў каля адной з кантэйнерных пляцовак пажылы жыхар райцэнтра. — У асобныя пакеты збіраем шкляную тару, пластыкавую. Робім гэта шмат гадоў. Тым больш кантэйнеры —  прама каля дома, нікуды далёка смецце насіць не трэба.

Майстар  ЖКГ Браніслаў Валчэцкі дадаў:

— Адсартаванае жыхарамі смецце ідзе на другасную перапрацоўку. На палігоне ЦКА “Беразавец” таксама праводзіцца выбарка смецця, якое прывозяць з розных куткоў раёна. Другасныя  рэсурсы  прэсуюцца і здаюцца для далейшай перапрацоўкі.

У тэму

 На 1 кастрычніка ў  Карэліцкім раёне сабрана 55,5% ад запланаванай другаснай сыравіны. Найбольш актыўна ідзе збор зношаных шын (106,9%) і адпрацаваных алеяў (81%).  Да канца каляндарнага года неабходна актывізавацца ў зборы палімераў (62,8%), адходаў шкла (52,7%),  паперы і кардона (43,9%), электронных адходаў (42,4%)

Своеасаблівым матыватарам для людзей ставіцца да смецця больш дбайна з’яўляюцца  нарыхтоўшчыкі другаснай сыравіны, якія прымаюць яе ў спажыўца за грошы.  Трымаю накірунак у пункт нарыхтоўкі другаснай сыравіны — Карэліцкі  філіял Гродзенскага аблспажыўтаварыства. Начальнік аддзела нарыхтовак аблспажыўтаварыства Уладзімір Барыла расказаў, што за  восем месяцаў 2024 г. нарыхтоўчая арганізацыя спажывецкай кааперацыі закупіла ў насельніцтва  чорнага металалому 2780 тон  па 66 капеек за тону і 18 тон каляровага металу ад 2 да 20 рублёў за кілаграм у залежнасці ад віду. Таксама прынята  паперы і кардона  92,4 т па 15 кап. за кілаграм,  шкла 62,3 т  па 12 кап., палімерных адходаў 1,1 т па 15 кап. за кілаграм. Здавала насельніцтва электроннае і электрычнае абсталяванне – усяго было сабрана 4 тоны па 30 кап. за кілаграм.

Здай макулатуру —  выратуй дрэва!

Сёння праблема навакольнага асяроддзя ў нашай краіне і ва ўсім свеце стаіць асабліва востра. Каб захаваць планету для будучых нашчадкаў, неабходна кожнаму чалавеку з ранняга ўзросту навучыцца ахоўваць прыроду. Пытанні беражлівасці ў дачыненні да прыродных рэсурсаў і выкарыстання другасных рэсурсаў унесены ў планы выхаваўчай работы ўстаноў адукацыі. Бо дзе, як ні ў альма-матар, навучыць будучых гаспадароў Зямлі? Завітаўшы ў СШ № 1 райцэнтра, упэўнілася, што тут сапраўды праводзіцца  работа па прыцягненні ўвагі навучэнцаў да гэтых пытанняў. Падрастаючае пакаленне добра разумее, што збор макулатуры  — гэта не проста выдатная магчымасць далучыцца да абароны экалогіі, але і варыянт прыцягнення  да актыўнай грамадскай працы.

Пра тое, як праходзіць збор макулатуры ва ўстанове адукацыі, пагутарыла непасрэдна з яе ўдзельнікамі.

Намеснік дырэктара па гаспадарцы СШ № 1 райцэнтра Леанід Ямелька расказаў:

— Мы збіраем макулатуру на працягу ўсяго навучальнага года. Гэты працэс бесперапынны. Сёлета  зноў стартавала акцыя па зборы макулатуры. Для кожнага навучэнца  і работніка вызначана  адпаведная норма. За мінулы навучальны год вучнямі і работнікамі школы было сабрана больш сямі тон папяровых адходаў.

Самі ж вучні  2 “А” класа гавораць, што макулатуру збіраюць усёй сям’ёй.  Прачытаныя газеты, часопісы, спісаныя сшыткі, кардонныя скрынкі ды і ўвогуле розная ўпаковачная папера – усё ў адзін пакет. Акрамя гэтага,  дома заўсёды сартуюць смецце, і калі яго выносяць, то размяркоўваюць па розных кантэйнерах.

У цяперашні час ва ўсіх навучальных установах раёна арганізаваны збор макулатуры. У рамках гэтага мерапрыемства фарміруецца і развіваецца культура падрастаючага пакалення, адбываецца станаўленне яго грамадзянскай пазіцыі. Сартуючы адходы і адпраўляючы іх на перапрацоўку, мы вырашаем адразу некалькі  важных задач: захоўваем уласнае здароўе і эканомім прыродныя рэсурсы.

Да 2025 года ўзровень выкарыстання адходаў у Беларусі павінен дасягнуць 64%, а да 2035-га — 90%. Каб гэта адбылося, адных дырэктыўных планавых намаганняў «зверху» мала. Неабходна, каб кожны беларус усведамляў, што колькасць адходаў, якія будуць стварацца ўвогуле, а таксама — якія з іх будуць вывозіцца на палігоны, а якія — перапрацоўвацца, залежыць у тым ліку ад яго асабістага стаўлення да смецця. Кропля камень точыць, памятаеце? Набыць тканевую торбу-шопер замест бясконцых пластыкавых пакетаў, не запакоўваць у пакецікі штучна набытыя цыбуліны ці сыркі, не ленавацца выкідаць смецце ў адпаведныя кантэйнеры, не звальваючы іх у адну сметніцу. Гэта тое, што навідавоку, што зрабіць вельмі проста кожнаму з нас.

Цікава

А вы ведаеце, што агульнага паміж катом і макулатурай? Дзевяць жыццяў! Паперу можна перапрацоўваць да 9 разоў. Здача макулатуры — гэта эфектыўнае рашэнне для выратавання лесу. Бо 100 кг папяровых адходаў ратуюць ад высечкі адно дрэва.

Кацярына КУКАНАВА

Фота аўтара і адкрытых інтэрнэт-крыніц