Когда поет душа. В послужном списке «Цырынскіх музыкаў» — сотни площадок в разных городах и деревнях
Пра гэтых людзей ведаюць не толькі ў нашым раёне, але і ў рэспубліцы. Гэты калектыў ужо не адзін раз прымаў удзел у тэлевізійных праектах, дзе расказваў не толькі аб сваёй творчасці, але і аб родным краі. Напярэдадні прафесійнага свята карэспандэнт “Полымя” сустрэўся з кіраўніком народнага ансамбля народнай музыкі і песні “Цырынскія музыкі” Святланай Русак.
— Гісторыя гурта пачынаецца ў 1985 годзе, калі мастацкі кіраўнік Цырынскага сельскага Дома культуры Іван Чэчат стварыў гурт народнай музыкі “Світанак”, — расказвае Святлана Канстанцінаўна. — Кіраўнік сам прадумваў рэпертуар, падбіраў удзельнікаў, быў аранжыроўшчыкам. Усе музыкі працавалі ў калгасе “Ленінскі шлях” і, за выключэннем кіраўніка спецыяльнай адукацыі не мелі, але ўмелі бачыць прыгожае і хацелі данесці гэта да гледача, таму ў вольны час з задавальненнм збіраліся на рэпетыцыі.
Акрамя звыклых музычных інструментаў — акардэона, гармоніка, дуды, музыкі гралі на прыладах працы. У руках умелых цырынцаў музыка лілася з рубеля — прыстасавання для глажкі бялізны, пілы, касы, лыжкі, пральнай дошкі, гаршкоў. Самадзейныя артысты неаднаразова прымалі ўдзел у абласным фестывалі народнай творчасці, выступалі на рэспубліканскім тэлебачанні. Новая старонка ў гісторыі ансамбля — прыход у калектыў у 1988 годзе салісткі Валянціны Мулярчык, з якой калектыў стаў выконваць беларускія народныя песні.
— Сёння «Цырынскія музыкі» — гэта згуртаваны ансамбль, у якім пануе ўзаемаразуменне, на кожнага ўдзельніка можна спадзявацца ў складанай жыццёвай сітуацыі, — адзначае Святлана Канстанцінаўна.
У паслужным спісе “Цырынскіх музыкаў” сотні сцэнічных пляцовак у розных гарадах і вёсках. Святлана Русак прызнаецца, што сёння нават складана ўспомніць, дзе выступаў калектыў. Але ўсюды, дзе б ні гучала музыка ў выкананні цырынцаў, гледачы цёпла сустракаюць калектыў. Сакрэт просты: у рэпертуары любімыя ўсімі беларускія народныя песні. Кожны год рэпертуар “Музыкаў” папаўняецца не менш чым пяццю новымі песнямі. Але ўдзельнікі калектыву добра разумеюць, што ў наш час ужо проста песняй публіку не здзівіш, таму нераздзельнай часткай выступлення калектыву стала харэаграфія. Ва ўжо знаёмыя мелодыі ўносяцца новыя элементы, выступленню таксама садзейнічаюць касцюмы ўдзельнікаў.
— Усе кропкі над “і” яшчэ не расстаўлены, — кажа Святлана Канстанцінаўна. — Цікавых задум хапае. А пакуль ёсць у душы гэты творчы запал, мы будзем працягваць радаваць нашых гледачоў.
Сяргей СТОЛЯР.
Фота прадастаўлена калектывам «Цырынскія музыкі»