Маленький Версаль на Кореличской земле: возле Мирского замка возрождают регулярный парк — итальянский сад XVI-XVII веков

На тэрыторыі Мірскага замка ўзнаўляюць рэгулярны парк — італьянскі сад XVIXVII стагоддзяў.

Дырэктар замкавага комплексу “Мір” Аляксандр Лойка адзначае:

— У 2010 годзе  была  завершана рэстаўрацыя Мірскага замка. У 2022 годзе за пазабюджэтныя сродкі музея была адноўлена   дамба і  адкрыта  летняе кафе.  Затым прыступілі да наступнага этапу – складання  праектна-каштарыснай дакументацыі па  аднаўленні на тэрыторыі замкавага комплексу  італьянскага саду канца XVI-пачатку XVII стагоддзяў. Уся праца пачыналася з адпаведных даследаванняў.  Цесна супрацоўнічалі з работнікамі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і членамі Савета па культуры Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, каб  падрыхтаваць дакументы для правядзення работ.  Праект, згодна з якім праводзяцца аднаўленчыя работы,  выкананы УП “Мінскпраект”. Дазвол атрыманы сёлета.   Фінансаванне работ – пазабюджэтныя музейныя сродкі  і прыцягненне дзяржаўных інвестыцыйных фінансаў.

З гістарычных крыніц XVIIІ стагоддзя вядома, што парк складаўся з 25 квадратаў, і ў ім вырошчваліся фруктовыя дрэвы, гародніна і зёлкі.  У свой час мірскія музейшчыкі звярталіся да архітэктараў ландшафту з Італіі, якія далі падрабязныя кансультацыі аб пародах раслін, характэрных для італьянскага саду.  Італьянскі парк будзе адноўлены на тым месцы, дзе ён быў размешчаны пры Радзівілах. Акрамя высаджаных  дрэў, тут   будуць зроблены  клумбы, уладкаваны дарожкі. Ужо прыступілі да добраўпарадкавання возера, на якім з’явіцца фантан. Падчас прагулкі па парку, напоўненым пахам квітнеючых дрэў,  хмызнякоў і кветак, турысты змогуць атрымаць сапраўднае эстэтычнае задавальненне.  Работы плануецца завяршыць  у 2025 годзе. Такім чынам,  замкавы комплекс “Мір”  прырасце яшчэ адным выдатным месцам для наведвання.

Таксама,  згодна з праектам,  у г.п. Мір будзе высаджана каля 1300 маладых дрэўцаў. На пасадку, пакупку дрэў выдаткавана 400 тыс. рублёў. Грошы, безумоўна, не малыя. У выніку каля вул. Сташэўскай,  на пустцы,  ужо ў гэтым годзе з’явіцца прыгожы лісцевы парк. Спадзяюся, што жыхары-міране ацэняць гэты падарунак і новы сквер будзе дадатковым месцам адпачынку.

Дарэчы, зараз кожнае дрэва, якое расце на тэрыторыі замка,  мае свой нумар і пашпарт.  Сёлета,   падчас летніх ураганаў, былі пашкоджаны 42 насаджэнні. Таксама выдалілі  ўсе дрэвы, якія нясуць пагрозу наведвальнікам і турыстам нашага комплексу.  За парушэнне ландшафту нашым комплексам  у рэспубліканскі бюджэт выплачана 60 тыс. рублёў.

За правільнасцю правядзення ўсіх рэстаўрацыйных работ на тэрыторыі замкавага комплексу “Мір” сочыць  Міністэрства культуры РБ.

Кацярына КУКАНАВА

Фота Сяргея СТОЛЯРА