Настаўніцкія кросны Галіны Калтуновай

Існуе такое меркаванне, што настаўнік – прафесія далёкага дзеяння. Сапраўды, пісьменнік жыве ў творах, мастак – у карцінах, а педагог – у думках і ўчынках сваіх вучняў. Ён жа кожны дзень з дзецьмі анлайн. У каго яшчэ ёсць магчымасць глядзець штодзённа ў вочы дзятвы, гадзінамі размаўляць, напаўняць іх жыццё сэнсам, дарыць надзею на лепшае і веру, што кожная мара ім па сілах.

Не, не вучыла яна мяне. Мы проста былі калегамі. У нас розны ўзрост, рознае было акружэнне (яна ў гарадскім паселку, а я – у вёсцы). Сустрэліся на ніве адукацыі, і я пачала вучыцца ў яе: манерам, сціпласці, арыгінальнасці. Спакойная і тактоўная, з пачуццём гумару, яна ніколі не ўдзельнічала ў перасудах, не павышала голасу, не крыўдзіла і тым больш не абражала. І калі напачатку мы бачыліся на адкрытых уроках, то пасля шчыльна працавалі намеснікамі па выхаваўчай рабоце. Радзей пачалі сустракацца, калі пайшлі на заслужаны адпачынак. Аднак, мяркуючы па публікацыях раённай газеты, было відавочна, што яе педагагічная дзейнасць не спыняецца толькі на школе, а ідзе далёка ў народ, грамадства. Людзі з захапленнем, павагай і гонарам гавораць пра яе як Чалавека. Я падумала, што рэальна зразумець гэты патаемны сакрэт поспеху ў нялёгкай настаўніцкай працы можна толькі пры шчырай размове па душах. Вырашыла для сябе: пабуду журналістам. Ды і нагода ёсць: пярэдадзень Дня настаўніка. Падрыхтавала некалькі пытанняў для размовы, захапіла блакнот і ручку…

Званок на мабільны і дамашні тэлефоны выніку не даў. “Хіба можа Галіна Паўлаўна сядзець склаўшы рукі?”, — падумала я і націснула на званок у кватэру. Дзверы адчыніліся вокамгненна, і на парозе я ўбачыла тую ж Галіну Паўлаўну з яе мілай і прыязнай усмешкай. Захвалявалася і ўзрадавалася адначасова, адразу ж запрасіла ў пакой. Папрасіла прабачэння, што выглядае крыху хваравіта, але я адчувала, як не стае ёй шчырых размоваў, як рада яна сустрэчы з калегай. Ціхая няспешная бяседа і сапраўды атрымалася ў форме інтэрв’ю.  Я з задавальненнем раскажу чытачам пра  жыццёвую дарогу Галіны Паўлаўны, бо ў штодзённай руціне спраў не ўсе маглі даведацца  пра сваю зямлячку.

— Галіна Паўлаўна, я літаральна нядаўна даведалася, што Вы родам  з вёскі Падгайна, якая недалёка ад Варончы.  Часта бачу, як Вы едзеце на малую радзіму. Скажыце, якія “зарубкі памяці” ўсё яшчэ кранаюць душу?

— Ведаеце, у нашым доме даўно другія гаспадары, але там пахаваны мае бацькі, а ў суседняй вёсцы – дзядзькі. Я езджу на сустрэчу з імі і са сваімі ўспамінамі. Самыя яскравыя — моманты пасляваеннага галоднага дзяцінства без бацькі, які памёр ад цяжкага ранення ў 1948 годзе. Людзі не далі загінуць: першую скварку і каўбасу неслі салдацкай удаве. Гэта пра многае гаворыць: людскую супольнасць, адзінства, міласэрнасць. З замілаваннем узгадваю святы і пасядзелкі з баянам пад суседскай ліпай. Стомленыя працай, але шчаслівыя, спявалі ледзь не да самай раніцы розныя песні. Асабліва помняцца песні валачобнікаў. У зімовы час, каб дайсці да студні, мужчыны капалі цэлыя траншэі ў снезе, бо зімы тады былі вельмі снежныя. Якое ж раздолле было дзецям для гульні ў вайну… І калі зімой можна было ўволю накатацца на лыжах ды санках, то вясной, пад птушыныя спевы, навыперадкі пускалі папяровыя караблікі. Безумоўна, была і дзявочая лаўка з кустом бэзу, якія, магчыма, памяталі мяне яшчэ гарэзлівай дзяўчынкай.  Да сённяшняга часу падтрымліваю сяброўства з суседам Вікенціем Ігнатавічам Іванчыкам: перыядычныя званкі, віншаванні. Сёння з радасцю ўспамінаю, што і малыя, і старыя вельмі многа чыталі. Адукаваны чалавек быў у пашане, асаблівыя і паважныя адносіны былі да настаўніка. Магчыма, таму амаль кожны імкнуўся паступіць у настаўніцкую ВНУ.

— Сярэднюю адукацыю Вы атрымалі ў Цырынскай  школе. Якіх настаўнікаў памятаеце? Хто паўплываў на выбар прафесіі, адкуль цяга да паэтычнай творчасці?

— Так, сапраўды, пасля пачатковай школы трэба было хадзіць за 7 км у Цырын, каб атрымаць сярэднюю адукацыю. Памятаю амаль усіх сваіх настаўнікаў. Гэта добрыя, чулыя, спагадлівыя людзі.  І, што самае галоўнае,  вельмі любілі сваіх вучняў. Напрыклад, Таіса Аляксандраўна вучыла пець і танцаваць нас без выкарыстання музычнага інструмента, так сказаць “пад язык”. Ці не таму на яе ўрокі дзеці хадзілі  з нейкім асаблівым настроем? Я ведаю сёння, як часам цяжка данесці матэрыял да кожнага вучня на ўроку. А яна рабіла ўсё магчымае, каб толькі быў плён ад яе працы. Настаўнікі былі нам як бацькі. Вось прывяду яскравы прыклад. Разводдзе, вады – па калена, дзецям ісці вельмі небяспечна, а ісці трэба. Настаўнік беларускай мовы і літаратуры Пацко Іван Рыгоравіч абуваў гумовыя боты і ішоў першым, дзеці – за ім. Дзяўчынкі на той час насілі так званыя снягоўцы. Пакуль прыдуць да школы, то ўсе ногі мокрыя. Добра, што ў школе было пячное ацяпленне. Настаўнікі нацягвалі паўз печак вяроўкі і там сушылі шкарпэткі. Вось так, у шкарпэтках і хадзілі пасля па класе. Дарэчы, Іван Рыгоравіч меў энцыклапедычныя веды па беларускай літаратуры, якія імкнуўся ўкласці ў нашы галовы, падтрымліваў кожнага, хто меў хаця б іскрынку творчасці.  А час быў нялегкі, пасляваенны. Пасля школы патрэбна было дапамагаць дома па гаспадарцы: нарэзаць сечкі, прынесці саломы… А летам – грады, буракі, зерняток. Раздолля для роздуму было, калі пасвілі кароў. З заміраннем сэрца назірала за прыроднай прыгажосцю. І вось ужо на небе не хмаркі плывуць, а мяккія мядзведзікі, дрэвы ператвараліся ў волатаў, птушачкі – у зачараваных прыгажунь… Неяк незаўважна пачалі складвацца вершаваныя радкі. Не разумела сама, нікому не расказвала, бо саромелася. Але аднойчы адважылася выкарыстаць плён сваей нясмелай паэзіі ў адным з сачыненняў. Мудры настаўнік адразу ж прыкмеціў і па-свойму, па-бацькоўску аднёсся да гэтага: паклікаў на размову і прапанаваў паслаць у раённую газету. Колькі шуму нарабіў у школе і ў вёсцы гэты верш пра хараство і прыгажосць роднай прыроды: Галя Панькова (дзявочае прозвішча гераіні) друкуецца ў газеце! Ганарылася маці дачушкай, а тая не падвяла, закончыла школу з сярэбраным медалём.

— Дык што, уплыў на выбар прафесіі аказаў настаўнік беларускай мовы?

— Магчыма. Але хачу сказаць, што мой тата быў у свой час настаўнікам пачатковых класаў. Памятаю, што на гары стаяў куфар, у якім (я гэта зразумела значна пазней) ляжалі яго рабочыя планы. Імі мама распальвала печку, а я ўглядвалася ў вельмі прыгожы каліграфічны почырк. Шкада сёння, што нічога не засталося на памяць. Ну, а далей была непаўторная залатая пара – юнацтва. Вучоба на філалагічным факультэце БДУ, дзе пашчасціла на такіх таленавітых выкладчыкаў, як Ніл Гілевіч і Алег Лойка. Жылі студэнты бедна, на стыпендыю. З вёскі мама  магла хіба толькі бульбы перадаць ды шматок сала, таму атрыманыя за публікацыі ганарары былі хоць і невялікай, а дапамогай. Супрацоўнічала з газетай “Звязда”. Падчас адной з камандзіровак пазнаёмілася з будучым мужам і выйшла замуж. І хаця прарочылі мне навуковую працу, я без ваганняў абрала сельскую школу і паехала па месцы працы мужа.

— Атрымліваецца, што першыя настаўніцкія крокі ў Вас былі ў Варанчанскай школе, амаль на радзіме? Што асабліва запомнілася маладой настаўніцы? 

— Пасляваеннае навучанне і выхаванне не магло быць абыякавым. Людзі вельмі ашчадна адносіліся да сваёй працы і яе вынікаў, да міру, да людзей. А адносіны да сваёй работы выхоўвалі больш за ўсё. Я асабіста брала прыклад са свайго мужа, які, працуючы ветурачом, выкараніў такую моду сярод людзей, каб расплочваліся рублём ці гарэлкай (раней жа гэта было папулярна). Педагагічны калектыў мне трапіўся актыўны, малады. З энтузіязмам мы арганізавалі тэатр, які меў свой рэпертуар: “Прымакі”, “Збянтэжаны Саўка”, “Трыбунал”, “Лявоніха на арбіце” і др. Самі былі сцэнарыстамі, рэжысёрамі і акцёрамі. Пісалі песні, частушкі, ездзілі з канцэртамі ў суседнія вёскі. На нас усіх насельніцтва глядзела як на багоў. Павага да настаўніка была такой, што надавала яшчэ большай упэўненасці ў правільнасці абрання сваёй прафесіі. Вучні ж, гледзячы на нас, станавіліся такімі даверлівымі, паслухмянымі, стараннымі. Нездарма ў той перыяд вельмі многія паспяхова паступалі ў ВНУ. А кіраўніцтва на той час наведвалася не з праверкай, а з падказкай, кансультацыяй. Можна з упэўненасцю сказаць, што гэта быў казачны час майго жыццёвага перыяду. Вельмі шкадую, што з-за хваробы не патрапіла на 50-гадовы юбілей першага выпуску, але памятаю ўсіх да аднаго. І адчуваю ўзаемную любоў і сімпатыю.

— Вы 31 год выконвалі абавязкі намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце ў Карэліцкай СШ № 1. Скажыце, што лягчэй: вучыць ці выхоўваць? Ці можна паставіць знак роўнасці паміж гэтымі паняццямі?

— Ой, не, не падзеліш навучанне і выхаванне. Не мне Вам казаць, што кожнае мерапрыемства павінна рэхам адгукацца ў сэрцах вучняў і пакідаць след у душы. Вучні бываюць уважлівыя і не вельмі, часам гарэзлівыя, але гэта жывыя, шчырыя людзі, якія падымаюцца на ногі, выходзяць на жыццёвы прастор, і настаўнік, разумеючы адказнасць за іх лёс, адчувае сябе трывала. Галоўнае – любіць сваю прафесію, свой занятак. Без гэтага жыць было б нецікава. Вучням мы давяралі, арганізоўвалі Дні школьнага самакіравання. І ведаеце, магчыма гэта паўплывала на тое, што многія з іх сталі на адказныя ўчасткі работы. Толькі ў Карэлічах магу назваць Асташэвіч І.В., Пянькоўскую І.Л., Трыбуця С.Я. А колькі па-за межамі раёна, вобласці: усюды мае вучні. Яны даўно маюць свае сем’і, але калі сустракаюся з некаторымі, то гляджу на іх як на тых мілых хлапчукоў і дзяўчынак.

— З якім пачуццём Вы прынялі выхад на заслужаны адпачынак? Магчыма, з палёгкай: не трэба прачынацца па будзільніку, наспех рыхтаваць сняданак, хуценька прыхарошвацца ля люстэрка і літаральна… ляцець, нібыта на крылах, на любімую работу. Не трэба асвойваць інавацыйныя тэхналогіі і імкнуцца ў ліку першых з калег укараніць іх у сваёй школе. Не трэба нервавацца і перажываць у чаканні чарговай праверкі з раённага аддзела і тым больш міністэрскай… Многае са звыклага, надзённага ўжо не трэба спяшацца выканаць тэрмінова, абавязкова, хвіліна ў хвіліну, чаго б  гэта ні каштавала, бо натура такая – быць прыкладам для другіх.

(Суразмоўца некалькі хвілін падбірала патрэбныя словы).

— Стала пуста на душы. Але я справілася хутка, бо больш часу стала мець на заняткі любімай справай: пішу вершы, кнігі, апрацоўваю допісы мясцовых паэтаў для літаратурнага аб’яднання “Рэчанька” пры раённай газеце “Полымя”.

— Вы нагадалі пра “Рэчаньку”. Некалькі слоў пра яе, пра свае адносіны да аўтараў.

— Літаратурным аб’яднаннем кірую амаль 40 гадоў. Ёсць пастаянныя аўтары, якія на сваім рахунку маюць больш сотні вершаў, і пачынаючыя паэты. А бывае, трапляюцца творы такой пачуццёвай  і душэўнай глыбіні, што дзіву даешся, бо даслаў верш звычайны калгаснік ці непрыкметны чалавек з інваліднасцю. Не паэтычны шэдэўр, але ж такі ўздым душы для аўтара, калі ён бачыць сваё тварэнне надрукаваным у газеце. Гэта дае штуршок для далейшай творчасці і ўдасканальвання сваіх творчых уменняў. Імкнуся як найбольш раскрыць таленты роднай Карэліччыны, даць многім упэўненасць у паэтычным рыфмаваным радку, а ўдзячныя мясцовыя паэты шчыра прызнаюцца роднаму краю ў любові і адрасуюць найлепшыя радкі.

— Шмат чула ад людзей пра Вашы вечары “Ад усёй душы”: ушанаванні сем’яў розных пакаленняў, злёты салдацкіх удоў. Хацела хоць раз сама  патрапіць, але не выйшла. Ведаю, што гэта праца патрабавала шмат высілкаў. Падзяліцеся сваімі ўспамінамі.

— У галаве адзін за другім “нараджаюцца” ўспаміны. Пра гэта можна гаварыць гадзінамі, без супынку. Я адкрывала некранутыя старонкі людскога жыцця, пра якія не ведаў ніхто. Гэта былі вечары-хваляванні, без слёз не абыходзілася ні ўдзельнікам, ні самой вядучай. І сёння пенсіянеры просяць такіх сустрэч, бо расказвалася пра лёсы рэдкія, часам трагічныя, непрадказальныя, ну проста жывыя сцэнарыі для кінафільмаў. Зала заўжды была перапоўненая, кожны з прысутных праз сябе прапускаў чужую трагедыю, суперажываў, быў гатовы аказаць пасільную дапамогу і, безумоўна, рабіў для сябе нейкія жыццёвыя высновы. Неяк стала заўважаць, што на такіх дарослых вечарынах сядзіць у куточку адна з маіх вучаніц. Слухае ўважліва, нават вокам не міргне, час ад часу выцірае вочкі. (А сям’я ў яе – неблаганадзейная: бацькі часта злоўжываюць і сварацца). Спытала ў школе як бы незнарок, ці было ёй цікава. І пачула ў адказ: “У тыя хвіліны, калі я слухала Вас і аповеды Вашых герояў, я забывалася, што робіцца ў мяне дома. Мне было так шчымліва радасна і цёпла. Дзякую Вам”. Я глядзела ва ўдзячныя самотныя вочы дзяўчынкі і думала, што для яе гэта таксама своеасаблівы ўрок жыцця. Такія сустрэчы ладзіліся 25 гадоў. Своеасаблівымі былі злёты салдацкіх удоў. Заўважу, што ў той час для іх не было ніякіх ільготаў, а тут такая ўвага з боку раёна. Да сустрэч такіх жанчыны рыхтаваліся вельмі старанна: з куфраў і шафаў даставалі свае некранутыя часам спаднічкі і хусткі. Па роўненькіх складачках на вопратцы было бачна, што чакалі яны свайго выхаду ў свет. Нясмела, няўпэўнена ступалі яны на сцэну, збянтэжана азіраліся, чакалі падтрымкі. Я разам з імі на сцэне пражывала іх жыццё і бачыла вочы, гаротныя, спакутаваныя і такія маладыя, недакаханыя. Кожная з удзельніц атрымлівала кветкі, падарункі, цёплыя словы. І вось ужо са сцэны сыходзілі тыя ж ды не тыя, а ўпэўненыя ў сваёй значнасці на зямлі жанчыны. Не проста ўдовы, а Працаўніцы, Берагіні міру, сям’і, жыцця.

— Проста дзіву даюся: як Вы гэта ўсё паспявалі, дзе бралі сілы?

— Сапраўды, гэта ўсё не проста зрабіць адной. Па жыцці мне шчасціць на аднадумцаў, людзей неабыякавых, чулых, нераўнадушных. Нізка кланяюся за падтрымку, чалавечнасць, урокі разумення сваім былым кіраўнікам: А.М. Заяц, В.І. Апалоніку, А.М. Маркевічу, І.В. Асташэвіч. Немалаважна, калі кіраўнік – сапраўдны, я была за імі як за каменнай сцяной. З удзячнасцю называю сёння кіраўнікоў раёна, якія вельмі спрыялі  маёй рабоце, неабыякавымі былі да маіх задумак: Нагорная Л.І., Шматко І.М., Шайбак В.Л. Дзякуючы  дапамозе Нагорнай Л.І. я змагла наведаць 112 удоў з 250, па ініцыятыве Шматко І.М. пабачыла свет кніга “Карэліцкія мадонны”, з лёгкай рукі Шайбака В.Л. выйшаў “Буквар Карэліцкага краю” і “Твае людзі, Карэліччына”.

— Ведаю, што Вы з’яўляецеся лаўрэатам прэміі Гродзенскага абласнога  савета жанчын. Як сустрэлі гэтую навіну, што адчулі?

— Ведаеце, была разгубленасць і адна толькі думка ў галаве: “Чаму мне? Столькі дастойных і працавітых людзей вакол. Я ж проста выконваю сваю работу”.

— А мне здаецца, што гэта заслужаная ўзнагарода, дастойная Вас.  Нездарма Ваша імя занесена ў раённую Кнігу Славы, а зараз яшчэ і партрэт бачу на Алеі Славы. Мне ўяўляецца, як Вы разам з мужам часта праходжваецеся паўз Алеі, каб збоку паглядзець на сябе?

— Што Вы! Я адчуваю такую няёмкасць і зусім тудою не хаджу. Безумоўна, я вельмі ўдзячна ўсім за такую ацэнку маёй  дзейнасці. Але я люблю цішыню, нават сваё “залатое вяселле” не пагадзілася афішыраваць. У дадзеным выпадку супакойвае адно: Алея вялікая, і я там не адна.

— Проста не магу не спытаць: Вы такая запатрабаваная ўсё жыццё ў грамадстве, самазанятая ў прафесіі. А як жа сям’я?

— Сям’я і была заўжды маёй падтрымкай і апорай. Родныя ва ўсім мяне разумелі. Галоўным цэнзарам на вечарынах быў муж, які заўжды сядзеў на крайнім месцы дзясятага рада. Варта было мне ўбачыць яго вочы, як я разумела, што ўсё раблю правільна. Дзяўчынкі мае часта плакалі ад пачутага. І гэта таксама мела свой выхаваўчы момант. Дарэчы, мае дочкі, Таццяна і Дзіяна – урачы вышэйшай катэгорыі.  Пайшлі ў медыцыну па бабулі, бацькавай маці, якая працавала хірургічнай медсястрой на фронце. Ды і бацька, мой муж, па спецыяльнасці – ветурач. Адзін з унукаў – хірург.

— Настаўнік вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, Выдатнік адукацыі, педагог-майстар… Гэта ўсё за Вашу працавітасць, заўзятасць, настойлівасць. Радавы настаўнік можа толькі пазайздросціць такім дасягненням…

— За гэтымі званнямі – тысячы праведзеных урокаў, сотні класных гадзін, бацькоўскіх сходаў. Тысячам вучняў я аддала часцінку сваёй любові да роднай мовы, да краіны, у якой мы жывём.  Вы ведаеце, для мяне куды важней было не тое, каб мае вучні дэкламавалі вершы і пісалі  без памылак,    а іх уменне шанаваць сваю сям’ю і бацькоў, цаніць дружбу і верных сяброў, дакладна адрозніваць дабрыню і зло, паважаць людзей побач і не згінацца перад цяжкасцямі.

— Яшчэ на хвілінку вернемся да “Карэліцкіх мадоннаў”. Кніга складаецца з трох раздзелаў: “Удовіна доля” (аб неардынарных лёсах салдацкіх удоваў Карэліччыны), “Каралевы працы” (аб зорных вяршынях жыцця Герояў Сацыялістычнай Працы і лаўрэатаў Дзяржаўнай прэміі СССР, простых працаўніц Карэліцкага краю), “Берагіні сямейнага шчасця” (аб сакрэтах мужнасці жаночых сэрцаў, аб вялікасці мацярынскага подзвігу і светласці душы Берагіняў сямейнага шчасця). А Вы маглі б сябе лічыць мадоннай?

— Да скону дзён буду лічыць сябе вучаніцай “Карэліцкіх мадоннаў”, бо ў іх лёсах я ўбачыла нязломнасць, вернасць, незвычайную дабрыню, чалавечнасць, высакароднасць, высокі палёт душы. Іх жыцці – прыклад для многіх сем’яў. Маё ж галоўнае дасягненне – мая сям’я: жаночае шчасце жонкі, маці, бабулі.

Таіса МУХІНА, аграгарадок Райца

Фота Іны ЛЕЙКІ і з архіва Г. Калтуновай