Какую государственную поддержку оказывают семьям в Кореличском районе
У нашай краіне з улікам патрэбаў сем’яў пастаянна ўдасканальваюцца меры сямейнай палітыкі, з’яўляюцца новыя формы і механізмы. Напярэдадні Тыдня бацькоўскай любові, які пачнецца 14 кастрычніка і будзе доўжыцца да 21 кастрычніка, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Іна Богуш, начальнік аддзела загса райвыканкама Валянціна Сіўко, начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Ірына Асташэвіч расказалі карэспандэнту “Полымя”, на якія накірункі зроблены акцэнты ў дачыненні сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей.
– Валянціна Міхайлаўна, дзіцячае насельніцтва Карэліччыны – якое яно сёння?
— За дзевяць месяцаў 2024 года ў Карэліцкім раёне было зарэгістравана нараджэнне 65 дзяцей: 35 хлопчыкаў і 30 дзяўчынак. Першымі ў сем’ях нарадзілася 21 дзіця, другімі — 20, трэцімі — 15, чацвёртымі — 4, пятымі — 4, шостымі – 1. У няпоўных сем’ях нарадзілася 11 дзяцей. Распаўсюджанымі імёнамі дзяўчынак сталі: Мілана, Ганна, Ева, а хлопчыкаў — Ілья, Максім, Марк. Рэдкія імёны дзяўчынак — Венера, Луна, Амелія, а хлопчыкаў — Крыстафер, Цімей, Елісей.
Сёлета сярэдні ўзрост мам пры нараджэнні дзіцяці складае 28 гадоў, а таты – 31. Самай маладой маме – 18 гадоў, бацьку – 23. Максімальны ўзрост мамы – 40, а бацькі – 43 гады.
— Адна з самых прыемных працэдур у вашай рабоце — рэгістрацыя шлюбу. Колькі шлюбаў за мінулы час гэтага года зарэгістравана?
— У бягучым годзе сем’і стварылі 53 пары. З іх упершыню — 38. Паўторна заключылі шлюб 21 мужчына і 25 жанчын. Сярэдні ўзрост нявесты склаў 31 год, а жаніха – 34. Самай маладой нявесце было 18 гадоў, а жаніху – 19. Максімальны ўзрост і нявесты, і жаніха – па 63 гады. Найбольшая колькасць шлюбаў заключана паміж грамадзянамі Рэспублікі Беларусь.
— Іна Аляксандраўна, кажуць, дзеці — гэта будучыня не толькі кожнай сям’і, але і грамадства ў цэлым. На якую дзяржпадтрымку могуць разлічваць бацькі, якія выхоўваюць дзяцей, або збіраюцца імі стаць?
— У развіцці чалавечага патэнцыялу важныя тры складальнікі: здароўе, адукацыя і даходы. Задача сістэмы сацыяльнай абароны — стварыць роўныя стартавыя ўмовы для дзяцей пры нараджэнні і ў перыяд ранняга развіцця.
Сістэма дзяржаўных дапамог выбудавана такім чынам, каб незалежна ад даходаў бацькоў, іх занятасці або іншых фактараў усім дзецям аказвалася роўная падтрымка. Аднаразовая дапамога ў сувязі з нараджэннем дзіцяці і дапамога па доглядзе за дзіцем ва ўзросце да 3-х гадоў прызначаецца абсалютна ўсім сем’ям.
Дзіцячыя дапамогі ў Беларусі — гэта від сацыяльнага забеспячэння, якое выплачваецца ў грашовай форме законнаму прадстаўніку дзіцяці да 3 гадоў.
З 1 жніўня 2024 года па 31 студзеня 2025 года дзіцячыя дапамогі складаюць: 777,81 руб. на першае дзіця; 888,92 руб. на другое і наступных дзяцей; 1 000,04 руб. на дзіця з інваліднасцю.
З’яўленне ў сям’і дзіцяці значна павялічвае сямейныя выдаткі. Акрамя рэгулярных затрат на падгузнікі, харчаванне, адзенне, патрэбныя вялікія пакупкі: каляска, дзіцячы ложачак і г. д. Каб дапамагчы бацькам з фінансамі, існуюць аднаразовыя дапамогі: дапамога жанчынам, якія звярнуліся (сталі на ўлік) у жаночую кансультацыю да наступлення 12 тыдняў цяжарнасці. Гэтую выплату маладая мама атрымлівае толькі ў тым выпадку, калі яна ўвесь час назіралася ў арганізацыях аховы здароўя і выконвала ўсе рэкамендацыі медыцынскіх работнікаў; дапамога ў сувязі з нараджэннем дзіцяці; выплата пры нараджэнні двайнят, трайнят і г. д. Калі ў сям’і, акрамя нованароджанага, ёсць іншыя дзеці ад 3 да 18 гадоў, то належыць яшчэ адна выплата. Але ўжо рэгулярная (штомесячная), а не аднаразовая. Гэтая дапамога з’явілася ў 2015 годзе.
Памер пералічаных дапамог залежыць ад велічыні бюджэту пражытачнага мінімуму (БПМ). Гэты паказчык мяняецца 4 разы на год — раз у квартал. На колькі дзіцячая дапамога павялічваецца, можна даведацца 1 лютага, а затым 1 мая, 1 жніўня, 1 лістапада.
За кошт сістэмы дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі рэгулююцца даходы малазабяспечаных сем’яў. Найбольш запатрабаваныя віды такой дапамогі – штомесячныя і аднаразовыя сацыяльныя дапамогі, бясплатнае забеспячэнне прадуктамі харчавання дзяцей ранняга ўзросту. Так, у нашым упраўленні на 10 кастрычніка бягучага года дзяржаўная адрасная сацыяльная дапамога ў выглядзе выплаты кожны месяц атрымліваюць 23 сям’і (100 чалавек), агульная сума выплат складае 51,5 тыс. рублёў. Бясплатныя прадукты харчавання — пяць дзяцей.
– У Беларусі прадастаўляюцца жыллёвыя, падатковыя, адукацыйныя і іншыя льготы шматдзетным сем’ям. А які сёння найбольш значны від дзяржпадтрымкі для такіх сем’яў?
– У нашай краіне, згодна з Кодэксам аб шлюбе і сям’і, шматдзетнай лічыцца сям’я з трыма і больш дзецьмі. Для такіх сем’яў прадугледжана разнапланавая падтрымка: у сферы жыллёва-крэдытнай палітыкі, сістэме адукацыі, сацыяльнай абароны. Безумоўна, найбольш значны від падтрымкі – гэта назначэнне сямейнага капіталу. Гэта праграма ўжо шмат гадоў дапамагае шматдзетным сем’ям. Так, сёння на Карэліччыне пражывае 215 шматдзетных сем’яў, у якіх выхоўваецца 700 дзяцей. З 2015 года сямейны капітал прызначаны 262 сем’ям, з іх 123 сям’і скарысталіся ім датэрмінова: 103 сем’яў — на будаўніцтва жылля, 6 — на атрыманне адукацыі, 8 — на атрыманне медыцынскіх паслуг.
Акрамя гэтага, у 2024 годзе дзве шматдзетныя сям’і выкарысталі магчымасць ільготнага крэдытавання на набыццё жылля на другасным рынку. На будаўніцтва (рэкантрукцыю) жылых дамоў у гэтым годзе прадастаўлена субсідыя на выплату часткі працэнтаў за карыстанне крэдытам і субсідыя на пагашэнне асноўнага доўгу па крэдыце шасці сем’ям.
— Ірына Валер’еўна, якімі льготамі карыстаюцца шматдзетныя сем’і пры наведванні ўстаноў адукацыі?
– Шматдзетныя бацькі плацяць менш за харчаванне ў дзіцячых садках і школах. У дзіцячых садках – зніжка ў памеры 50%, а ў школах харчаванне атрымліваецца бясплатна. Ільготная ў школе і аплата падручнікаў – 50%. Таксама шматдзетныя сем’і могуць разлічваць на: атрыманне пуцёўкі ў аздараўленчы лагер па льготнай цане, бясплатную адукацыю ў дзяржаўных установах дататковай адукацыі, школах мастацтваў.
Кацярына КУКАНАВА
Фота з архіва «Полымя»