Отделение уголовного розыска Кореличского РОВД признано лучшим по поисковой работе в Гродненской области

Оперупаўнаважаны крымінальнага вышуку — вельмі адказная і няпростая прафесія. Якасна выконваць сваю работу супрацоўнікам угро дапамагаюць не толькі фізічная вынослівасць, але і здольнасць прымаць верныя рашэнні, заўважаць драбніцы, падвяргаць факты глыбокаму аналізу.

Оперупаўнаважаныя аддзела крымінальнага вышуку Карэліцкага РАУС Яўгеній Ждан, Максім Меляняка, часова выконваючы абавязкі начальніка аддзела крымінальнага вышуку Аляксандр Кандыба

Гэта прафесія не публічная, але вобраз оперупаўнаважанага часта становіцца героем шматлікіх кінафільмаў, серыялаў і кніг. Нягледзячы на лёгкасць, з якой героі экрану спраўляюцца са справамі, работа супрацоўнікаў крымінальнага вышуку — штодзённая карпатлівая праца, справіцца з якой могуць людзі з цвёрдым характарам, якія абараняюць закон, правы грамадзян і інтарэсы дзяржавы.
Аддзяленне крымінальнага вышуку Карэліцкага РАУС у гэтым годзе прызнана лепшым па пошукавай рабоце на Гродзеншчыне. Карэліцкія аператыўнікі паказалі высокі вынік у пошуку зніклых без вестак людзей. За 9 месяцаў бягучага года ў вышук былі аб’яўлены 10 чалавек. Удалося знайсці ўсіх. Акрамя гэтага, супрацоўнікі аддзела знайшлі двух чалавек, якія былі аб’яўлены зніклымі ў мінулым годзе. У 2024 годзе па лініі крымінальнага вышуку ў Карэліцкім раёне зарэгістравана 26 злачынстваў, агульная раскрывальнасць — 66,7%. Зарэгістравана 6 цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў.
Асноўныя злачынствы, якія здараюцца ў раёне, звязаны з крадзяжом асабістай маёмасці грамадзян.
Таксама аддзяленне крымінальнага вышуку займаецца раскрыццём кіберзлачынстваў. У 2024 годзе на Карэліччыне зарэгістравана 12 такіх злачынстваў, з іх тры цяжкія, адно цяжкае злачынства раскрыта. У асноўным на вуду махляроў трапляюць людзі, якія хочуць набыць тавары ў інтэрнэце, а таксама тыя, хто верыць “супрацоўнікам службы бяспекі банка”.
Напярэдадні Дня ўтварэння крымінальнага вышуку органаў унутраных спраў Рэспублікі Беларусь, які адзначаецца 5 кастрычніка, карэспандэнт “Полымя” сустрэўся з оперупаўнаважаным аддзялення крымінальнага вышуку Карэліцкага РАУС Дзмітрыем Шчарай, які расказаў пра сваю дзіцячую мару, пошук зніклых без вестак і чаму важна ўмець размаўляць з людзьмі.

Калі мара стала мэтай

Оперупаўнаважаны аддзялення крымінальнага вышуку Дзмітрый Шчара 

— Стаць міліцыянерам я марыў з дзяцінства, — успамінае Дзмітрый. — Мой прадзядуля служыў у органах унутраных спраў, на заслужаны адпачынак пайшоў з пасады начальніка міліцыі. Ён быў маім арыенцірам і прыкладам таго, як важна дапамагаць людзям, служыць на карысць грамадства і дзяржавы. Таму я са школьных часоў мэтанакіравана рыхтаваўся да службы ў органах унутраных спраў.
На службу ў міліцыю Дзмітрый паступіў у красавіку 2015 года. Пачынаў у падраздзяленні Цэнтральнага аддзела Дэпартамента аховы г. Мінска, затым быў накіраваны ва ўстанову адукацыі “Цэнтр падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў МУС РБ”. Пасля праходжання курса кіраўніцтвам Цэнтральнага аддзела Дэпатрамента аховы г. Мінска быў назначаны на пасаду камандзіра вучэбнай групы першага курса вучэбнага ўзвода. Да 2018 года праходзіў службу ў цэнтры павышэння кваліфікацыі на пасадзе камандзіра вучэбнай групы.
— Асноўнай задачай у той час была якасная падрыхтоўка асабістага саставу супрацоўнікаў дэпартамента аховы — паставых, міліцыянераў групы затрымання, кінолагаў, — успамінае мужчына.
Прашу субяседніка спыніцца на задачах, якія стаяць перад ім на службе ў Карэліцкім РАУС.
— Устанаўленне месцазнаходжання зніклых без вестак, пошук злачынцаў, якія здзейснілі цяжкія і асабліва цяжкія злачынствы, даўжнікоў.
У сваёй службе Дзмітрый знаходзіць толькі адзін мінус — недахоп часу:
— Амаль увесь час мы знаходзімся на працы, тым больш, калі служыш у падраздзяленні крымінальнага вышуку. Гэта такі накірунак, калі супрацоўнікі павінны цалкам аддавацца працы, з сям’ёй мы праводзім мінімальную колькасць часу.

Як знайсці зніклага

— Як праходзіць вышук прапаўшых без вестак?
— У асноўным, спраўляемся сіламі асабістага састава падраздзялення крымінальнага вышуку. Вялікую дапамогу нам аказваюць супрацоўнікі Карэліцкага РАНС, валанцёры пошукава-выратавальнага атрада “Анёл”, мясцовыя жыхары і ўсе неабыякавыя людзі. Пошукі праводзім з дапамогай дронаў, квадрацыклаў, тэхнічных сродкаў РАНС.
Дзмітрый расказвае, што ў сённяшніх умовах вялікую дапамогу оперупаўнаважаным аказваюць сістэмы відэаназірання, якія дазваляюць з дакладнасцю апазнаць твары зніклых, нумары і маркі аўтамабіляў.
На жаль, не ўсіх зніклых атрымліваецца знайсці жывымі.
— Адзін з самых рэзанансных выпадкаў, які здарыўся ў гэтым годзе, адбыўся ў невялікай вёсцы Карэліцкага раёна, — расказвае Дзмітрый. — У сакавіку звярнулася жанчына, жыхарка сталіцы, якая ў гэтай вёсцы мела дачу і папрасіла суседа, каб ён даглядаў яе маёмасць. Аднак праз нейкі час ён перастаў выходзіць на сувязь, і яна напісала заяву, суседа аб’явілі ў вышук. Нашы супрацоўнікі на працягу двух месяцаў праводзілі інтэнсіўныя пошукавыя работы, якія не далі вынікаў, таму пачалі распрацоўваць крымінальную версію. Высветлілася, што зніклага чалавека забіў аднавясковец, а цела закапаў у старым калодзежы на сваім старым участку. Падазраваны прызнаўся, што забіў суседа падчас канфлікту.

Важна чуць людзей

— Заўжды было цікава, як у шэрагу людзей, знаёмых пацярпелага, суседзяў, аднавяскоўцаў можна знайсці злачынцу?
— Старэйшыя таварышы заўжды вучылі нас, што важна ўмець размаўляць з людзьмі. Абавязкова сярод людзей знойдзецца той, хто нешта бачыў і аб нечым можа расказаць. Неабходна вызначыць накірунак работы, скласці пэўны ланцужок, у якім кожнае звяно будзе набліжаць цябе да выніку. Патрэбна ўмець слухаць, заўважаць драбніцы, своечасова скеміць і прыняць меры.
— Ёсць шмат тэлесерыялаў пра работу оперупаўнаважаных. Наколькі праўдзіва ў іх паказана ваша служба?
— Я думаю, у кожным з іх ёсць 50% праўды. Зразумела, што мае месца мастацкае перабольшванне, якое дадае прыгажосці і відовішчнасці, інакш ніхто не стаў бы глядзець серыял. Аднак у некаторых з такіх серыялаў паказваюць, як раскрываліся сапраўдныя крымінальныя справы, як спрацавалі аператыўнікі, як яны будавалі свой ланцужок назіранняў.

Сяргей СТОЛЯР
Фота аўтара і Кацярыны КУКАНАВАЙ