Многодетная семья Логиш из Кореличей: «Счастье детей — наше счастье»

У Ірыны Ігараўны і Сяргея Сяргеевіча ЛОГІШАЎ з райцэнтра — вялікая і дружная сям’я. Як удаецца захоўваць любоў у сям’і, служыць абранай справе — аб гэтым і іншым журналіст пацікавілася падчас сустрэчы.

— Па вашым меркаванні, што такое сям’я?

І.І.: Сям’я — родныя людзі, з якімі  адчуваеш сябе самім сабой. З імі камфортна, любіш усім сэрцам і гатовы аддаваць любоў да драбніц.

С.С.: Сям’я для мяне ўсё. Дзеля дзяцей усе мае старанні. Хочацца, каб усё заўсёды ў ёй ладзілася, панавала любоў, а сямейны рытм жыцця не быў парушаны.

— Якімі былі вашы сем’і? Якое выхаванне атрымалі ў іх?

І. І.: Я з Карэліч. У нашай сям’і было двое дзяцей, я і малодшы брат Віталій. Бацькі выхоўвалі нас у любові, строгасці, працавітасці. Асабліва пяшчотнай і добрай была матуля, якая ўсё сэрца аддавала дзецям.

С. С.: Я таксама з райцэнтра. Сям’я наша была шматдзетнай: старэйшы брат Міхаіл і малодшая сястра Алёна. Яна была дружнай. Мы і зараз падтрымліваем добрыя ўзаемаадносіны.

— Нараджэнне дзяцей — вялікая радасць, якую вы адчулі чатыры разы.

І.І. і С.С.: Кожны раз яе адчувалі па-свойму. Нараджэнне дзяцей — вялікае шчасце. Усіх іх моцна любім, яны — нашы чатыры крывіначкі. Хочацца, каб ва ўсіх усё і заўсёды ладзілася ў жыцці.

— У вашай сям’і — чацвёра сыноў.

І.І.: Паўлу — 18 гадоў, Івану — 13, Максіму — 7, Яўгену — 6. З хлапчукамі няпроста, у кожнага свой характар, трэба знайсці падыход да кожнага, і мы стараемся гэта зрабіць.

С.С.: Хочацца, каб яны выраслі сумленнымі, працавітымі, добрымі і сапраўднымі мужчынамі. Каб маглі падтрымаць і абараніць слабейшых. Каб паважалі старэйшых і сябравалі паміж сабою.

— Якім рысам характару трэба ўдзяляць найбольш пільную ўвагу?

І. І. і С.С.: Сіле волі, уменню пастаяць за сябе, спагадлівасці, дабрыні, уменню своечасова падставіць  мужчынскае плячо.

— Праца дае магчымасць не толькі рэалізаваць сябе, але гэта сродкі для існавання.

І. І.:  Я працую эканамістам па збыце Карэліцкага філіяла ДП «Гроднааблпаліва» дзесяць гадоў. У нас дружны калектыў. Мы служым людзям, каб у іх дамах было цёпла.

С.С.: Я працую ў філіяле «БіяМакс-Карэлічы» ЗАТ «БіяМакс» будаўніком. Праца мне па душы. Маю сацыяльны пакет і добры заробак.

— У вас вялікая і дружная сям’я. Як праводзіце вольны час з дзецьмі?

І.І. і С.С.: Мы ездзім на дачу ў вёску Плужыны Райцаўскага сельсавета. Наш домік стаіць у лесе, дзе  з дзецьмі адпачываем. Тут летам збіраем ягады і грыбы, а зімой катаемся на санках, ватрушках. Дзецям вельмі добра — свежае паветра, раздолле, весялосць. Радуе сад, які адорвае садавінай. Жыццё на дачы яшчэ больш згуртоўвае сям’ю.

— Дом — прыстань, дзе чалавеку камфортна. Як вы сябе адчуваеце ў родных сценах?

І. І.: На набыццё дома ў райцэнтры ўзялі крэдыт у Беларусбанку. Калі яго будавалі, быў толькі першы сын Павел. Калі пераехалі, ужо два. Выплацілі крэдыт, калі атрымалі сямейны капітал, пры нараджэнні трэцяга сына Міхаіла. Як мама, моцна люблю сваіх сыноў. Стараюся падтрымліваць іх заўсёды і ва ўсім. Спадзяюся, што маёй любові да іх яшчэ хопіць на ўсё жыццё.

С. С.: Дзеці дапамагаюць па доме. У кожнага — свае абавязкі: скасіць траву на прысядзібным участку, прыбраць у сваіх пакоях, памыць посуд, вынесці смецце — так сыны прывучаюцца да працы. Вучу сыноў мужчынскім абавязкам, каб у будучым ім  было камфортна ў сваіх сем’ях, а нам, бацькам, не было сорамна глядзець людзям у вочы.

— Звычайна чалавек мае захапленні. У вас ёсць заняткі па душы, якія саграваюць душу?

І. І.: Я люблю кветкі. У кожным пакоі вочы радуюць вазоны, а ў агародзе — ружы. Люблю гатаваць розныя стравы.

С. С.: Люблю рамантаваць аўтамабілі, працаваць на прысядзібным участку. Тут спраў хапае: уборка прылягаючай тэрыторыі, абрэзка дрэў — усё гэта па душы.

— Быць бацькамі — ганарова і адказна. Што гэта значыць для вас?

І. І.: Я — шчаслівая мама. У мяне чатыры сыны — і гэта найвялікшая ўзнагарода лёсу. Гэта надзея і апора, без іх не ўяўляю свайго жыцця.

С. С.: Стараюся быць добрым бацькам і надзейным сябрам для дзяцей. Каб праз гады не трэба было шкадаваць тое, што не паспеў зрабіць.

— У вас ёсць мара?

І. І. і С.С.: Каб дзеці знайшлі сябе ў жыцці, і ў іх былі добрыя сем’і. У старэйшага сына Паўла ўжо атрымалася: вельмі хацеў у РАНС, і з верасня працуе ў Навагрудскім раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях. Шчасце дзяцей — наша шчасце.

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Сяргея СТОЛЯРА