У Карэліцкім вузле паштовай сувязі праведзены Дзень падпісчыка. Карэліччане падзяліліся сваімі меркаваннямі

Дзень падпісчыка стаў традыцыйным. Журналісты раённай газеты «Полымя» прыходзяць на сустрэчы з падпісчыкамі, каб даведацца як выпісваюць мясцовае выданне, пачуць іх меркаванні і пажаданні. Хочацца, каб раёнка прыходзіла ў кожны дом.
11 кастрычніка, у пятніцу, нашымі субяседніцамі сталі карэліччанкі пенсійнага ўзросту, якія даўно выпісваюць «Полымя», з задавальненнем яе чытаюць і бачаць у раёнцы добрага сябра.

Алена Мікалаеўна ТОЛМАЧ:
— Я выпісваю раённую газету «Полымя» з 1965 года. Люблю раёнку, дзякуючы ёй даведваюся шмат цікавага. Вельмі прыемна чытаць пра поспехі нашых землякоў. Усё гэта адлюстроўваецца, як у люстэрку. Шмат тэм узнімаецца на яе старонках — і душа радуецца таму, што кожны можна знайсці для сябе цікавую інфармацыю. Няхай у далейшым «Полымя» прадаўжае радаваць сваіх чытачоў. Гэта наша газета і пра нашых людзей.

Ганна Фёдараўна БЛІНОЎСКАЯ:
— Я нават была героем публікацыі творчага праета «Актыўнае даўгалецце 65+», дзе расказвалася пра маё жыццё на пенсіі. Гэты праект добры, у ім паведамляецца чым жывуць людзі залатога ўзросту. Увогуле, газета цікавая і патрэбная, навіны змяшчаюцца своечасова і на розны тэмы з жыцця карэліцкага краю. Мяне таксама прывабліваюць выпускі літаратурнай старонкі «Рэчанька» — вершы мясцовых паэтаў, якія па-добраму кранаюць душу.

Софія Антонаўна БАХМАТ:
— Мне падабаецца «Полымя», газету чытаю з вялікім задавальненнем. Яна свая і родная, пра сваіх людзей, якія жывуць і працуюць на Карэліччыне. З задавальненнем чытаю рэкламныя звесткі і віншавальную паштоўку. Рэклама не раз служыла мне добрую справу: магла знайсці тут патрэбную інфармацыю, якая дапамагае станоўча вырашыць хвалюючае пытанне. Жадаю супрацоўнікам творчых поспехаў і цікавых матэрыялаў, выданню — росквіту і даўгалецця.

Валянціна Паўлаўна МАРЦЮШАВА:
— Я даволі часта дзялюся сваімі думкамі на старонках раённай газеты «Полымя». Хачу адзначыць, што ў апошнія гады можна таксама прачытаць меркаванні карэліччан на розныя падзеі і актуальныя тэмы, і гэтым яна стала блізкая да чытачоў і больш цікавай. Кожны можна знайсці на яе старонках тое, што хвалюе, выкарыстаць рэкламныя звесткі і даць аб’явы, звярнуцца ў газету за падтрымкай — і яна працягне руку дапамогі. Няхай добрае здароўе і творчыя поспехі будуць пастаяннымі спадарожнікамі для супрацоўнікаў раённай газеты «Полымя»!

Іраіда Анатольеўна САГІРАШВІЛІ:
— «Полымя» — сямейная газета. Мой муж Рыгор Ягоравіч першым чытае раённую газету і дзеліцца навінамі са мною. Я ў сваю чаргу чытаю раёнку і стараюся не прапусціць цікавых навін з жыцця нашага раёна. Найбольш мяне захапляюць матэрыялы пра жыццё сельскіх працаўнікоў. Мне ўсё цікава даведацца пра іх. Многія перадавікі мае знаёмыя, і тады я ўчытваюся ў кожны радок артыкула. Аказваецца, сапраўдныя героі дня жывуць і працуюць на Карэліччыне, яны стараюцца вырасціць усё неабходнае, каб у нас на стале былі хлеб і да хлеба. Дзякуй ім за руплівую працу, а «Полымі» — за добрыя навіны!


Галіна СМАЛЯНКА
Фота Сяргея СТОЛЯРА