Многодетные родители Артём и Алёна Яшковы из г.п. Кореличи: «У нас есть всё, о чем мы всегда мечтали»

У грамадстве даўно прыжыўся стэрэатып, што быць шматдзетнымі  бацькамі – гэта цяжка, бо колькасць клопатаў і памеры фінансавых выдаткаў павялічваюцца ў некалькі разоў.  Але мамы  і таты трох і больш дзяцей  наадварот  лічаць, што гадаваць некалькіх дзяцей значна прасцей, чым аднаго, а любоў і шчасце ў вялікай дружнай сям’і з лішкам перакрываюць усе складанасці і праблемы.

Чаму быць шматдзетнымі бацькамі  гэта шчасце, і чаму мамы трох і больш дзяцей ні за што не прамянялі б сваё “сёння” з пялёнкамі, урокамі і баршчамі на самую паспяховую кар’еру? Падчас Тыдня бацькоўскай любові  гэтыя і іншыя пытанні карэспандэнт раённай газеты  “Полымя” высветліла на сустрэчы з маладымі сужэнцамі з райцэнтра  Алёнай і Арцёмам Яшковымі.

Маладая мама сказала:

– З гадамі  ўсё больш усведамляю, як мне пашанцавала, якое багацце ёсць у нас з мужам Арцёмам. Даведацца пра тое, што цяжарная, чакаць, падлічваючы тыдні і дні, убачыць у першы раз дзіця, карміць, насіць на руках, цалаваць пухнатую галоўку і малюсенькія пальчыкі, бачыць, як дзеці любяць адзін аднаго, як гуляюць, як сумуюць, назіраць, як любімы мужчына становіцца клапатлівым бацькам – усё гэта неверагодныя, ні з чым не параўнальныя эмоцыі! І тое, што мне дадзена перажываць іх тройчы,  – шчасце, за якое я бясконца ўдзячна Богу і лёсу.

Нарадзілася  Алёна  на Брэстчыне. Скончыўшы школу, дзяўчына вырашыла звязаць сваё жыццё з медыцынай. Пасля заканчэння Пінскага медыцынскага каледжа ўладкавалася на першае месца працы фельчарам-лабарантам у г. Навагрудку.  Крыху пазней  паспрабавала сябе ў  б’юці-сферы –  і ў яе атрымалася. Зараз маладая жанчына знаходзіцца ў водпуску па доглядзе дзіцяці да трох гадоў.

— Мы веруючая хрысціянская сям’я.  Пазнаёміліся ў царкве Брэсцкай вобласці,  калі я аднойчы гасцяваў у свайго сябра.  Гэта сустрэча стала лёсавызначальнай для нас абодвух: праз тры месяцы знаёмства  ажаніліся, —  дзеліцца ўспамінамі галава сям’і і дадае: — І вось за восем шчаслівых гадоў наша сям’я павялічылася ўтрая, а побач пастаянна ідуць каханне, павага, паразуменне і клопат.

Радзіма  Арцёма   – г.п. Карэлічы. Адразу пасля школы пайшоў вучыцца ў Карэліцкі будаўнічы ліцэй і набыў будаўнічую спецыяльнасць. Служыў у арміі.  Працаваў у сталіцы,  а потым зарэгістраваўся як індывідуальны прадпрымальнік. Зараз па заказе наймальнікаў выконвае розныя будаўнічыя работы.

 Пра дзяцей — з любоўю

Калі ў 2018 годзе  нарадзіўся першынец  Ілья, муж Арцём адразу сказаў, што гэта будзе не адзінае дзіця ў іх сям’і.

— Калі жанчына становіцца  мамай, яна цалкам змяняе свае погляды на жыццё. Праяўляюцца новыя пачуцці, якія дапамагаюць  справіцца з новымі абавязкамі. Мая любоў да першынца,  сыночка  Ільюшы,    расла з кожны днём. Я была цвёрда ўпэўнена, што ў нас будзе  двое дзяцей,— прызнаецца Алёна Іванаўна.

Праз два гады нарадзіўся Мацвей. І маладая мама  зноў адчула тыя  ж неверагодныя пачуцці.  У 2024 годзе жыццё  падарыла нашай гераіні магчымасць  зноў прайсці  ўсе этапы мацярынства. Алёна і Арцём сталі шматдзетнымі бацькамі — у пары нарадзілася дачушка Яна, якой зараз шэсць месяцаў.

Для  Алёны быць мамай і жонкай — значыць ва ўсім падтрымліваць дзяцей і мужа, разам марыць,  ставіць мэты і дасягаць іх.

— Дзеці для нас заўсёды на першым месцы. Мы з мужам адказна ставімся да выканання бацькоўскіх абавязкаў.  Добра разумеем, што нашы сыны і дачушка павінны заўсёды  адчуваць сябе  абароненымі і ўпэўненымі.  А ў будучым важна накіроўваць, правільна падказаць, параіць, ні ў якім разе не навязваць, а дазволіць ім самім рабіць выбар у жыцці. Важна падтрымліваць іх у цяжкую хвіліну.

Старэйшаму Ільі  шэсць гадоў — ён памочнік бацькоў і надзейнае плячо для малодшага брата і сястрычкі. З самага ранняга дзяцінства праяўляе цікавасць да тэхнікі. Чатырохгадовы Мацвей любіць спяваць і маляваць. Маленькая Яначка толькі пачынае пазнаваць свет і заўсёды усмешкай і цёплымі абдымкамі адорвае ўсіх дамачадцаў.

Ёсць людзі, якія ў першыя хвіліны зносін выклікаюць толькі станоўчыя эмоцыі. Менавіта такія  сужэнцы Алёна  і Арцём. Яны з пяшчотай расказваюць пра сваіх дзяцей. У іх маладыя бацькі бачаць сапраўднае сямейнае шчасце. Сваім асабістым прыкладам выхоўваюць у дзецях неабыякавасць, актыўнасць, дабрыню.

Сямейныя традыцыі і справы

Адна з самых любімых традыцый сям’і Яшковых – шанаваць суботні дзень.

– Мы праводзім час разам, сустракаемся з роднымі без усялякага папярэдне ўзгодненага плана.   Робім тое, што нам падабаецца, што дапамагае душы развеяцца і адчуць Божую прысутнасць у  жыцці.

З агульных сямейных спраў – будаўніцтва дома, уладкаванне прысядзібнага ўчастка.

Як расказалі маладыя гаспадары, дом пачалі будаваць пяць гадоў таму, калі ў маладой сям’і нарадзілася першае дзіця. Дзякуючы ўмелым рукам  і спрыту Арцёма Віктаравіча, быў заліты фундамет, узведзены сцены, зроблены дах. А калі трэба было выконваць аддзелачныя работы, маладая сям’я звярнулася па дапамогу ў Карэліцкую раённую службу “Адно акно”, тут ім дапамаглі аформіць крэдыт на будаўніцтва. Калі ў сям’і нарадзілася трэцяе дзіця, частку   крэдыта  скасавала дзяржава. Сужэнцы вельмі ўдзячны дзяржаве за такую падтрымку.

Рэцэпт сямейнага шчасця сям’і – умець любіць, паважаць, разам працаваць і трымацца адзін за аднаго. А яшчэ – шанаваць простыя чалавечыя ўзаемаадносіны і ганарыцца сваёй сям’ёй. Жыць проста, з адкрытым сэрцам і душой.

Няма сумнення, што сужэнцы Яшковы  шчаслівыя.  Яны  знайшлі адзін аднаго і абавязкова разам дойдуць да  залатога юбілея сумеснага жыцця.

Кацярына КУКАНАВА

Фота з сямейнага архіва герояў публікацыі

1