Народный окрестр народных инструментов Кореличской ДШИ «Житница» расшифровывает музыкальный культурный код белорусов
Кастрычнік багаты на святы. У другую нядзелю месяца штогод адзначаецца Дзень работнікаў культуры — свята тых, чыя задача ўзбудзіць у душы кожнага пачуцці творчасці, натхнення і запаліць агонь у сэрцы. Напярэдадні гэтага дня мне пашчасціла папрысутнічаць на рэпетыцыі народнага аркестра народных інструментаў настаўнікаў Карэліцкай дзіцячай школы мастацтваў “Жытніца”, у якім, дарэчы, не так даўно змяніўся кіраўнік.
Шчыра прызнаюся, мне падабаецца назіраць за рэпетыцыямі калектываў, не важна, гурт гэта, ансамбль ці аркестр. У гэты момант ты нібы падглядаеш за асабістым, знаёмішся з патаемным. Ціхае бразганне цымбалаў, пальцы баяністаў хуценька пралятаюць па кнопках, баяны робяць уздых на поўныя грудзі, вясенняй птушкай адгукаюцца домры і балалайкі. Пасля ўзмаху дырыжорскай палачкі гэтыя гукі плывуць адной мелодыяй. Новы кіраўнік калектыву Вольга Несцер гучна адлічвае такт, падказвае, задае накірунак для гэтага патоку чароўных гукаў.
— Аркестр быў заснаваны ў 1970 годзе тагачасным дырэктарам музычнай школы Іосіфам Станіслававічам Уланам, — расказвае Марыя Уладзіміраўна Бажко, якая кіравала калектывам з 2010 года. — У 1986 годзе аркестр атрымаў ганаровае званне “народны”.
Рэпертуар складаюць творы вядомых класікаў, сучасных рускіх і беларускіх кампазітараў, народныя апрацоўкі, арыгінальныя творы. Неаднаразова былі ўзнагароджаны граматамі ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама і аддзела культуры Карэліцкага райвыканкама за высокі ўзровень выканальніцкага майстэрства і актыўную канцэртна-гастрольную дзейнасць.
— Маёй задачай заўжды была разнастайнасць музычнага матэрыялу, — кажа Марыя Уладзіміраўна. — Хацелася, каб музыка падабалася і настаўнікам, якія будуць яе выконваць, і слухачам. Раней неабходна было шукаць партытуры, таму была на пастаяннай сувязі з калектывамі з другіх гарадоў. Яшчэ адна мэта, якую я ставіла перад аркестрам, — папулярызацыя народных інструментаў.
— Аркестр Карэліцкай дзіцячай школы мастацтваў выконвае не толькі народную музыку, але і папулярную музыку. На мой погляд, актуальнасць народных аркестраў у наш час вельмі вялікая — іх гучанне закранае самыя патаемныя струны душы, гэта немагчыма растлумачыць, гэта на ўзроўні нейкага ўнутранага адчування. Домра, балалайка, баян, а асабліва цымбалы — усё гэта нашы нацыянальныя інструменты, якія хвалююць кожны па-свойму, — кажа малады кіраўнік аркестра Вольга Несцер. — Да таго ж у народных песнях ёсць асаблівы, ні з чым не параўнальны меладызм, які адлюстроўвае нашу ментальнасць, як гасціннага, міралюбівага народа, раскрывае наш культурны код.
У аркестры ўдзельнічаюць настаўнікі школы мастацтваў. Перыядычна колькасць музыкаў змяняецца, але месца тых, хто пакідае калектыў, займаюць маладыя спецыялісты ўстановы адукацыі.
— Удзел у аркестры вучыць працаваць у камандзе, стымулюе маладых музыкаў увесь час працаваць над павышэннем свайго педагагічнага і прафесійнага майстэрства, — расказвае Вольга Несцер. — Усім педагогам вельмі падабаецца збірацца разам, рэпеціраваць, іграць на адной сцэне.
Народны аркестр народных інструментаў з’яўляецца актыўным удзельнікам усіх раённых мерапрыемстваў, удзельнічае ў міжрэгіянальных і міжнародных конкурсах, з якіх вяртаецца з заслужанымі ўзнагародамі.
Дырэктар ДУА “Карэліцкая дзіцячая школа мастацтваў” Сняжанна Каляда расказвае, што аркестр далей будзе імкнуцца да творчага росту, актыўна ўдзельнічаць у фестывалях і конкурсах, прапагандаваць музычнае мастацтва ў грамадстве, выступаючы на святах і мерапрыемствах.
— Сваю задачу я бачу ў тым, каб працягнуць традыцыі, закладзеныя маімі папярэднікамі, і развіваць наш калектыў, які стаў візітнай карткай дзіцячай школы мастацтваў, — кажа Сняжанна Юр’еўна. — Час дыктуе сваё, надыходзіць пара абнаўляцца. У планах — набыць больш сучасныя сцэнічныя касцюмы.