17 лістапада — Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці. Знаёмімся з працаўнікамі Карэліччыны
Чалавек працы — гучыць годна
Адной з самых складаных прафесій у сельскай гаспадарцы, безумоўна, з’яўляецца прафесія аператара машыннага даення.
Людміла Цівунчык з ДП “Малюшычы” працуе на ферме “Сэрвач” ужо больш за 27 гадоў. Прачынацца ў 4 раніцы для жанчыны — звыклая справа. Яна любіць сваю працу, і ў іншай сферы сябе проста не ўяўляе. Разам з напарніцай жанчыны дояць 160 кароў. Перш чым прыступіць да дойкі, яны кантралююць іх стан, старанна мыюць вымя, бо ад яго чысціні залежыць якасць прадукту.
— Надой залежыць ад харчавання і догляду, — кажа Людміла Уладзіміраўна, — я стараюся, каб малако было толькі добрай якасці. А такі прадукт можа даць толькі здаровая жывёла, таму строга выконваю тэхналогію даення і яе ўтрымання.
У перапынках паміж дойкамі трэба перарабіць кучу спраў: прыгатаваць ежу для сям’і, паклапаціцца аб хатняй гаспадарцы. І так кожны дзень. Энергічная жанчына паспявае зрабіць усё і пры гэтым заўсёды выглядае выдатна.
Аптымізм, дабрыня і працавітасць — галоўныя якасці гэтай жанчыны. А ў чым яе сакрэт поспеху? Ён просты: любіць сваю справу. У Людмілы Уладзіміраўны ляжыць душа да жывёлы, таму яна адданая сваёй прафесіі. Гэта яшчэ раз даказвае, што працаваць у сферы сельскай гаспадаркі могуць толькі неабыякавыя да агульнай справы людзі, якія хварэюць душой за сваё роднае сельгаспрадпрыемства. З нагоды прафесійнага свята, Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу, праца Людмілы Уладзіміраўны адзначана Падзячным пісьмом старшыні Карэліцкага райвыканкама.
Быць ветэрынарам – прызванне
Людзі, якія лечаць жывёлу, вядома, не дачакаюцца слоў прызнання і падзякі ад сваіх чатырохногіх пацыентаў, але ведаюць, што яны заўсёды адданыя тым, хто гатовы ім дапамагчы.
Ветэрынарны ўрач Карэліцкай раённай ветэрынарнай станцыі Аляксандр Маляйковіч у прафесіі амаль сорак гадоў. За добрасумленнае стаўленне да сваіх абавязкаў сёлета ён узнагароджаны Ганаровай граматай Карэліцкага райвыканкама.
— Аляксандр Уладзіміравіч, як Вы лічыце, чалавек, які вырашыў стаць ветурачом, павінен валодаць нейкімі асаблівымі якасцямі і навыкамі?
— Думаю, галоўнае — любоў да жывёлы. Астатняму навучаць у тэхнікуме, каледжы ветэрынарыі, ды і вопыт — добры настаўнік. Вядома, важна фізічная сіла, спрыт, каб утрымаць жывёлу падчас працэдур і розных маніпуляцый, акуратнасць, уменне знайсці падыход да хворай жывёлы, а яшчэ адказнасць і цярпенне. Праца наша складаная, патрабуе поўнай аддачы і гатоўнасці прыйсці на дапамогу ў любы час сутак, незалежна ад умоў надвор’я, святочных і выхадных дзён.
— Што для Вас галоўнае ў прафесіі?
— Галоўнае, вядома, дапамагчы хворай жывёле, а лепш — своечасова правесці неабходныя прафілактычныя працэдуры, каб пазбегнуць хваробы. А яшчэ, ведаеце, як душа радуецца, калі ты назіраеш, як жывёла, якую ты лечыш, ідзе на папраўку. Азіраючыся назад, разумею, што нічога б не змяніў у сваім жыцці. Важна нагадаць, што ветэрынарыя — гэта прызванне. Любоў да жывёлы, жаданне дапамагчы ёй і адсутнасць страху перад цяжкасцямі з’яўляюцца найважнейшымі якасцямі ў гэтай прафесіі.
Рамантык у душы і ўлюбёны ў поле
На Карэліччыне шмат адданых роднай старонцы і ўлюбёных у сваю справу людзей. Яны годна жывуць, шчыра працуюць, з карысцю праводзяць вольны час.
Маленькая радзіма Сяргея Мікалаевіча Ліпскага — вёска Стрэльнікі. Пасля школы скончыў Мірскае мастацкае тэхнічнае прафесійнае вучылішча і напачатку паспрабаваў сябе ў ролі мастака. Вось толькі юнака больш цягнула да фізічнай працы, таму ўладкаваўся на Карэліцкі льнозавод і атрымаў правы трактарыста.
— Тут свая рамантыка, — гаворыць перадавік вытворчасці. — Поле і лён — дзе можна ўбачыць такую прыгажосць і спаўна аддацца любімай справе? Ірву і прасую даўгунец, на пасяўной рыхтую глебу. На першы погляд, звыклая праца, але яна прыносіць задавальненне. На прадпрыемстве адчуваецца разуменне з боку кіраўніцтва і падтрымка калег. На завод іду з настроем — праца мне ў радасць.
Амаль трыццаць гадоў Сяргей Мікалаевіч працуе на ААТ «Карэлічы-Лён». Вось толькі адной працай не абмяжоўваецца — піша акварэллю і займаецца разьбой па дрэве. Душа прагне прыгажосці. Паслухаць ці паглядзець ёсць магчымасць у роднай прыроды, і рука рамантыка стварае цудоўныя вырабы.
Сяргей Шыш: «Зямля любіць руплівых і старанных»
Зямля. Многія звязваюць з ёй свае працоўныя будні, і ад гэтага атрымліваюць вялікае задавальненне, а маці-карміцелька шчодра аддзячвае іх багатымі ўраджаямі.
Сяргей Генадзьевіч Шыш пасля заканчэння Малюшыцкай сярэдняй школы свой выбар спыніў на прафесіі агранома. Скончыў Навагрудскі сельскагаспадарчы тэхнікум і Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут. Напачатку працаваў у калгасе імя Калініна загадчыкам вытворчага ўчастка, затым у КСУП «Малюшычы» — загадчыкам участка і аграномам-хімікам. З 2007 года і па сённяшні дзень — галоўны аграном.
— Поле для агранома — поле дзейнасці, — гаворыць субяседнік. — На яго ўскладаюцца ўсе спадзяванні. Яму прысвячаюць працоўныя будні хлебаробы. У гаспадарцы налічваецца 5596 гектараў сельгасугоддзяў, у тым ліку раллі — 4347. Азімы рапс займае 400 гектараў, намалочана 1890 тон пры ўраджайнасці 47,3 ц/га, на 580 тон больш, чым летась. Збожжавыя з кукурузай складаюць 2300 гектараў. Атрымана 13229 тон, прыбаўка да мінулагодняга — 775 тон. Плошча цукровых буракоў — 390 гектараў, валавы збор склаў 21500 тон — на 900 больш, чым у папярэднім годзе. Нарыхтавана 7690 тон кармавых адзінак травяных кармоў, на ўмоўную галаву — 34 ц кармавых адзінак.
Галоўны аграном перакананы, што зямля любіць руплівых і старанных, апрацавітасці работнікам КСУП «Малюшычы» не пазычаць. У гаспадарцы шмат адданых сваёй справе. Сярод іх — механізатары Аляксандр Аляксандравіч Гіз і Мікалай Уладзіміравіч Патук, вадзіцелі Мікалай Уладзіміравіч Масловіч, Алег Аляксандравіч Саладуха, Мікалай Мікалаевіч Казак і іншыя.
Новая справа па душы
Чалавек іншы раз доўга шукае тое, што было б яму даспадобы. Знайшоўшы любімую справу, усю душу ўкладвае ў яе і радуецца свайму поспеху.
Юрый Барысавіч Трынёў — сырароб Карэліцкага сырцэха «Навагрудскія дары» філіяла ААТ «Лідскі малочна-кансервавы камбінат». Гэтай справай займаецца два гады. Раней працаваў на будоўлі, але вырашыў узяцца за больш спакойнае рамяство.
— Як высветлілася, яна аказалася нялёгкай, — прызнаецца Юрый Барысавіч. — Зразумела, чаму з даўніх часоў ёй займаліся мужчыны. Як пераканаўся на практыцы, жанчыны ў Карэліцкім сырцэху таксама паспяхова спраўляюцца са сваімі абавязкамі. Разам мы — адна каманда: у змену трое вараць, чацвёра фасуюць прадукт, і праца кіпіць. Выпускаем сыры «Адыгейскі» і «Сулугуні», якія карыстаюцца вялікім попытам у спажыўцоў.
— Як перад любой новай справай, у мяне напачатку было хваляванне, — гаворыць сырароб. — Вось толькі яно хутка прайшло. Дзень за днём — і я авалодваў цікавай справай, набываў навыкі, прыходзіла майстэрства. Усяго гэтага мне давялося дасягнуць дзякуючы падтрымцы кіраўніцтва сырцэха і калег па працы. Сёння я рады, што знайшоў сябе ў карыснай справе, а нашы сыры карыстаюцца попытам не толькі ў Беларусі, але далёка за яе межамі.
Работу трэба любіць
Трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці КСУП “Племзавод Карэлічы” Аляксандр Салавей з дзяцінства ведае цану хлеба: бацька працаваў у калгасе трактарыстам, матуля была даяркай. Так юнак вырашыў стаць хлебаробам.
— Пачынаў вадзіцелем на аўтамабілі ў далёкім 1985 годзе, — расказвае мужчына. — Ад’ездзіў за баранкай 12 гадоў. Потым сеў за руль трактара. І ўжо 21 год на жалезным кані. Спачатку працаваў на комплексе, а потым мне прапанавалі заняцца хімічнай апрацоўкай глебы.
Аляксандр Аляксандравіч кажа, што нягледзячы на няпростыя ўмовы: праца з хімічнымі сродкамі, спякота ў кабіне, палявы пыл — работа яму даспадобы, яе стараецца выконваць якасна:
— Іначай нельга. Глядзіце самі, калі кепска папырскаю — на палях будзе пустазелле. А так на нашых пасевах чысціня і прыгажосць. Неаднаразова чуў, як хваляць нашы нівы за тое, што на іх акуратна расце збожжа, няма ні былінкі. Зразумела, гэта вынік работы ўсяго нашага калектыву, але прыемна ведаць, што ты таксама прыклаў руку да гэтай працы.
Вясна-пачатак лета — самая гарачая пара года ў аграрыяў, калі яны працуюць ад світанку да заходу сонца. Аляксандр Аляксандравіч сціпла ўсміхаецца:
— Мы ўжо прывыклі да такіх умоў працы. А зямля вельмі любіць, калі да яе адносяцца з клопатам. Гэта важна разумець і ўлічваць, калі выязджаеш у поле. Работу трэба любіць, тады і атрымлівацца ўсё будзе.
Галоўнае — якасць
— Я з дзяцінства бачыў, як шчыруе на зямлі тата Аляксандр Міхайлавіч, таму вырашыў пайсці па яго слядах, — расказвае трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці КСУП “Царука” Аляксандр Мокат. — Спрабаваў стаць ваенным, нават паступіў у Ленінградскае вучылішча, але потым вярнуўся на Радзіму.
Свой працоўны шлях Аляксандр Мокат пачаў у 1983 годзе. Спачатку быў вадзіцелем аўтамабіля, а ў 2000-м перасеў за руль трактара. Мы сустрэліся з Аляксандрам Аляксандравічам недалёка ад поля, на якім ідзе ўборка цукровых буракоў. Мужчына паказвае на роўныя рады караняплодаў:
— Мая работа. Ва ўсім, што ты робіш, павінна быць якасць. Вось сяўба. Стараюся, каб не было прарэхаў, каб рады былі роўнымі. Пасля пачынаецца нарыхтоўка кармоў, падграбаю зялёную масу для “Ягуараў”. Таксама важна зрабіць так, каб хлопцы на падборшчыках не ўспаміналіі мяне нядобрым словам. Восенню капаю бульбу. Карацей, без працы не сяджу. Ды і не прывык лайдачыць.
Любая справа аграрыя спорыцца, і вопыту ў яго, вядома ж, не адняць. Яшчэ б! За плячыма немалы стаж працы механізатарам.
— Бацька вучыў мяне, што ў жыцці лёгкіх шляхоў шукаць не варта. Таму я заўсёды стараюся працаваць адказна і добрасумленна.
Ужо чацвёрты дзясятак гадоў пайшоў, як Аляксандр Аляксандравіч апрацоўвае ярэміцкія палі. Сельскагаспадарчая тэхніка ўдасканальваецца і мадэрнізуецца — праца ў полі застаецца нязменнай.
— Праца механізатара — гэта не толькі мая праца, гэта і прызванне. Дзесьці і само жыццё ў гэтым заключаецца. Ніколі не шкадаваў, што застаўся ў вёсцы, — разважае ён.
Адзін у полі — воін
Трактарыст-машыніст КСУП “Лукі-Агра” Аляксей Кавальчук амаль кожны год у спісе перадавікоў на сяўбе зерневых. Прызнаецца, што за гектарамі не гоніцца, проста шчыра выконвае пастаўленую задачу:
— Кіраўніцтва гаспадаркі даверыла новую тэхніку — трэці год працую на энерганасычаным трактары RSM2375. Тэхніка простая, але надзейная. Даўно прайшлі тыя часы, калі трактарыст з-за грукату рухавіка не чуў уласных думак. Сучасныя вытворцы сельгасмашын клапоцяцца не толькі аб магутнасці, але і аб утульнасці механізатараў.
Мужчына шчыруе ў Луках ужо 20 гадоў. Працоўны шлях пачынаў у 1998 годзе ў калгасе імя Чарняхоўскага, затым былі Варонча і Цырын, але пасля вярнуўся на родную лукскую зямлю.
З самай раніцы сельскагаспадарчая тэхніка выязджае ў поле, дзе шчыруе да позняга вечара. У гарачую пару, калі неабходна выканаць сяўбу ў тэрмін, у механізатараў напружаныя дні, яны разумеюць, наколькі важна якасна закласці будучы ўраджай. Але да такога тэмпу яны прывыклі.
— Праца, безумоўна, не з лёгкіх. Але яна пачэсная, — кажа мужчына. — Асабліва прыемна, калі бачыш вынікі сваёй работы. Душа спявае, калі дзякуючы тваім намаганням зелянеюць палі, на якіх расце будучы ўраджай. Ды і тэхніку люблю. Стараюся трымаць свайго жалезнага каня ў рабочым стане, каб ён у адказную хвіліну не падвёў.
Дарыць людзям цяпло
Са слесарам-рамонтнікам Мірскага філіяла ААТ “Гродзенскі лікёра-гарэлачны завод” Генадзіем Богушам сустракаемся на прахадной прадпрыемства. Пасля нашага знаёмства мужчына адразу ж расказвае пра сваю галоўную задачу — дарыць людзям цяпло.
— Аператарам кацельні працую ўжо 38 гадоў, 22 з іх — на заводзе. Пачынаў у птушкафабрыцы, трапіў пад скарачэнне, і былы дырэктар завода Іван Адамавіч Хоміч запрасіў мяне сюды, — расказвае мужчына. — А да працоўнага стажу трэба дадаць яшчэ 15, калі шчыраваў слесарам на аўтабазе.
Паступова наша размова пераходзіць на захапленні. Генадзій Іванавіч расказвае, што вольны час дорыць сваёй сядзібе, любіць працаваць у садзе.
— Амаль 40 дрэў і кустоў расце, — дзеліцца мужчына. — Грушы, вішні, маліны, парэчкі, нават бружмель. Да працы на зямлі з дзяцінства прывычны. Як і ўсе вясковыя хлопцы, дапамагаў бацькам, касіў, пасвіў кароў, дапамагаў даглядаць гаспадарку. Таму і па сённяшні дзень стараюся, каб на сядзібе быў парадак, сам высаджваю і прышчапляю расліны. А яшчэ вельмі люблю ў цішыні пасядзець з вудай на беразе рэчкі або возера. Пасля шуму кацельні гэта вельмі расслабляе: спакойная плынь вады, гукі прыроды.
Сяргей СТОЛЯР
Кацярына КУКАНАВА
Галіна СМАЛЯНКА
Фота аўтараў