Механизатор СПК «Свитязянка-2003» Иван Мелешко: «Всю трудовую жизнь я посвятил родному краю»
На варанчанскай зямлі сярод яе жыхароў нямала сустракаецца тых, хто нарадзіўся тут і пусціў свае карані. Адданыя роднаму краю і ўлюблёныя ў яго людзі шчыра працуюць і ствараюць сем’і — і лічаць сябе шчаслівымі. Захоўваюць народныя традыцыі — гэта іх Бацькаўшчына, і ёй ганарацца.
Прызванне
— Я родам з вёскі Трасейкі былога Варанчанскага сельсавета, — гаворыць Іван Баляслававіч. — Нарадзіўся ў сялянскай сям’і, бацька працаваў трактарыстам, маці была хатняй гаспадыняй. У сям’і выхоўвалася трое дзяцей.
Шлях у прафесію юнак пачаў у саўгасе «Варонча» трактарыстам. Затым была армія. Пасля службы ўладкаваўся вадзіцелем у калгас «Ленінскі шлях». Давялося працаваць за рулём аўтамабіля на Варанчанскім спіртзаводзе. З 2009 года па сённяшні дзень — вадзіцель сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва «Свіцязянка-2003». На МАЗе працуе 15 гадоў, тэхніку беражэ.
— Гэта прызванне, — сцвярджае суразмоўца і дадае, што інакш нельга патлумачыць яго любоў да абранай прафесіі — усё працоўнае жыццё прысвяціў роднаму краю, з ім зрадніўся — і яму праца ў радасць.
Стараннасць і руплівасць
Цяпер Іван Баляслававіч водзіць МАЗ, а раней ездзіў на ГАЗ-53. Тэхніка розная, адносіны як былі, так і засталіся стараннымі і руплівымі. Па меркаванні вадзіцеля, аўтамабіль заўсёды трэба ўтрымліваць у спраўным стане, каб не падвёў у дарозе. Няхай бываюць не вельмі далёкімі рэйсы — ён адмервае шлях па дарогах роднай гаспадаркі, але ад спраўнасці тэхнікі залежыць, як будзе выканана дзённае заданне. «Каб ні на хвіліну не змог спыніцца рабочы працэс у сельгаскааператыве, гэта залежыць і ад маіх добрасумленных адносін», — перакананы рупліўца.
На працягу ўсяго працоўнага года вадзіцелю даводзіцца выконваць розныя работы. «Возім збожжа, сянаж, сілас, і без угнаенняў не бывае. Як пачынаем гэтую працу пасля ўборачнай страды, так па сённяшні дзень займаемся справай», — вадзіцель гаворыць коратка пра штодзённую працу, якую моцна любіць і якой служыць шчыра. За гэтымі словамі — сціпласць хлебароба і яго адданасць зямлі.
Простае людское шчасце
Іван Баляслававіч застаўся верным роднаму краю. У аграгарадку Варонча разам з абранніцай жыцця пабудавалі дом. Жонка Наталля Аляксандраўна працуе ў сельскагаспадарчым кааператыве «Свіцязянка-2003».
У сям’і Мялешка выхавалі дзвюх дачок, якія абралі свае накірункі ў жыцці. Крысціну лёс прывёў у горад Астравец, дзе яна стварыла сваю сям’ю і зараз знаходзіцца ў водпуску па доглядзе за дзіцем. Ксенія жыве ў Мінску і працуе настаўнікам пачатковых класаў. Самай вялікай радасцю з’яўляецца ўнук Міхаіл. Яму — уся любоў, на яго — усе надзеі, ён прадаўжальнік роду.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Кацярыны КУКАНАВАЙ