Какие бонусы дает обучение в агроклассах и на кого рассчитано, узнали в Циринской средней школе
Сказана
Прэзідэнт Беларусі
Аляксандр ЛУКАШЭНКА:
– Мы павінны вызначыць механізм работы сярэдняй школы і ВНУ на перспектыву і вырашыць галоўную задачу – забяспечыць нашай моладзі ўмовы для прафесійнага станаўлення і развіцця ў сваёй краіне. Падкрэслю: найбольш таленавітыя, перспектыўныя навучэнцы павінны быць запатрабаваныя ў нас, на радзіме. Пасля наведвання Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка я яшчэ раз пераканаўся: разумных рабят, тых, што любяць Беларусь, у нас сапраўды шмат. Трэба проста іх падтрымаць, паказаць перспектыву самарэалізацыі і кар’ернага росту. Калі сказаць па-простаму, накіраваць на правільны шлях.
На нарадзе па пытаннях удасканалення адукацыйнай сферы,
21 верасня 2023 года.
У сярэдніх навучальных установах Карэліччыны дзевяць груп прафесійнай накіраванасці — педагагічныя, інжынерныя і аграрныя. Чаму вучаць у апошніх і чаму юнакі і дзяўчаты мараць аб працы ў сельскай гаспадарцы або выбіраюць інжынерныя спецыяльнасці — у матэрыяле карэспандэнта раённай газеты “Полымя”.
Ні для каго ні сакрэт, што апошні час колькасць сельскага насельніцтва зніжаецца. Такая тэндэнцыя, у першую чаргу, негатыўна ўплывае на гаспадаркі, бо кадры, якія ў ідэале павінны “падымаць” сяло, з’язджаюць у горад, кардынальна змяняючы свой уклад жыцця. Але чаму б гэтым маладым людзям не застацца на сваёй малой радзіме: тут яны з самага нараджэння, іх бацькі працуюць на мясцовых прадпрыемствах, а яны самі не па чутках ведаюць пра жыццё бліжэйшых гаспадарак? Пагадзіцеся і з тым, што паглыбіцца ва ўсе тонкасці жыцця на сяле маладому спецыялісту з горада куды складаней, чым таму, хто тут вырас. Адсюль і лагічнае рашэнне — стварэнне аграрных класаў, груп для старшакласнікаў сельскіх школ, якія, паступіўшы ў ВНУ, ужо будуць мець уяўленне аб прафесіі.
Каб самой пераканацца і з першых вуснаў пачуць аб усіх плюсах навучання ў такіх класах, накіравалася ў Цырынскую сярэднюю школу.
— Ва ўстанове было прынята рашэнне аб адкрыцці агра-профілю ў 2018 годзе. Зараз нашы адзінаццацікласнікі з задавальненнем атрымліваюць веды ў галіне сельскай гаспадаркі, што дазваляе лепш разумець прафесіі гэтай галіны, — дзеліцца дырэктар школы Наталія Адамушка. — Школьнікі могуць больш упэўнена планаваць сваю прафесійную будучыню, а значыць, дакладней ацэньваць перспектывы працаўладкавання і працы ў аграрнай сферы. Навучанне ў такім класе прадугледжвае вывучэнне на павышаным узроўні двух профільных прадметаў. Часцей гэта біялогія і хімія. Таксама абавязковай умовай з’яўляецца засваенне праграмы факультатыўных заняткаў “Уводзіны ў аграрныя прафесіі”. Акрамя таго, пры паступленні ў сельскагаспадарчыя навучальныя ўстановы ў выпускнікоў, якія пасля аграрнага класа паступаюць на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі, ёсць свае бонусы — залічэнне па выніках субяседавання без уступных выпрабаванняў.
Да ўзгодненай Міністэрствам адукацыі праграмы ва ўстанове адукацыі дадаюць і нешта сваё.
— Як настаўнік прыродазнаўчых навук, прывіваю дзецям любоў да малой радзімы, вучу іх беражліва ставіцца да жывёл і раслін, а таксама паважаць людзей, якія працуюць на зямлі, — расказвае настаўнік біялогіі і хіміі Таццяна Алексеевіч. — Хачу, каб вучні не толькі ведалі тэорыю, але і разумелі практычную значнасць многіх прыродазнаўчых пытанняў. Мы выязджаем на экскурсіі. Дарэчы, ужо пабывалі ў Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэце. Таксама арганізоўваем сустрэчы з прадстаўнікамі сельскагаспадарчых прафесій і спецыялістамі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Карэліцкага райвыканкама, з былымі выпускнікамі, а цяпер студэнтамі сельскагаспадарчых устаноў вышэйшай адукацыі. Прывіваем дзецям культуру працы на зямлі. Расказваем, у чым перспектыва выпускнікоў аграрнага класа. А яна ёсць. І самае важнае – усвядомлены выбар будучага і шанс паступлення ў аграрныя ВНУ на льготных умовах.
Пункт погляду адміністрацыі, педагога, несумненна, важны, але што думаюць пра вучобу ў аграрных класах самі вучні?
– Калі падавала дакументы ў 10 клас, настаўнік біялогіі і хіміі Таццяна Аляксандраўна расказала пра магчымасць паступіць у аграклас. А дырэктар школы Наталія Мікалаеўна на агульным сходзе школьнікаў і бацькоў расказала больш падрабязна аб перавагах паступлення ва ўстановы вышэйшай адукацыі пасля аграрных класаў. Цікава, што, наведваючы факультатыўныя заняткі «Уводзіны ў аграрныя прафесіі», зразумела: там шмат біялогіі. Мне яшчэ больш стаў цікавы гэты прадмет, тым самым яшчэ і падцягнула веды, — гаворыць адзінаццацікласніца Дар’я Барысік. — Што магу параіць рабятам, якія пакуль разважаюць, ці патрэбны ім аграклас? Расцэньвайце гэта як бонус. Вучоба ў ім дае паглыбленыя веды па асобных прадметах, але не азначае прамую дарогу ў АПК, калі ты сам гэтага не захочаш. Разам з тым, адмоўцеся нарэшце ад стэрэатыпаў. Сельская гаспадарка — сучасная і перспектыўная галіна. А профільныя ВНУ прапануюць шырокі спектр спецыяльнасцяў: ветурач, заатэхнік, інжынер-механік, эканаміст. Прадукты харчавання для краіны, іх вырошчванне і вытворчасць будуць актуальныя заўсёды.
— Ніколькі не пашкадаваў, што ў мінулым годзе выбраў вучобу ў аграрнай групе. Галіна сельскай гаспадаркі развіваецца, з’яўляюцца новыя тэхналогіі і павінна стаць сферай нумар адзін у краіне, бо яна забяспечвае людзей харчаваннем, — разважае аднакласнік Уладзіслаў Гомза. — Мая мара — стаць інжынерам. Шукаць тэхналагічныя рашэнні для аптымізацыі вытворчых працэсаў у сферы АПК.
Дарэчы, тэма прафарыентацыі школьнікаў сёння актуальная і работа ў гэтым накірунку служыць адным з рашэнняў праблемы дэфіцыту рабочых кадраў у сельскай мясцовасці ды і, увогуле, адраджэння жыцця на сяле.
Даведачна
Класы аграрнай накіраванасці функцыянуюць у Карэліцкім раёне з верасня 2018 года. Каб стаць навучэнцамі профільнага класа аграрнай накіраванасці, неабходна мець адзнакі па профільных вучэбных прадметах не ніжэй за 6 балаў.
У бягучым навучальным годзе ў раёне працуюць чатыры групы аграрнай накіраванасці. Гэта адзін 10-ы клас (ДУА “Райцаўская сярэдняя школа імя У.А. Галавача) і тры 11-х класы (ДУА “Райцаўская сярэдняя школа імя У.А. Галавача”, ДУА “Цырынская сярэдняя школа” і ДУА “Красненская сярэдняя школа Карэліцкага раёна”).
За кожнай з названых устаноў, у мэтах азнаямлення школьнікаў з перадавым вопытам сельскагаспадарчай вытворчасці, дэманстрацыі аграрных тэхналогій замацаваны сельскагаспадарчыя арганізацыі (СВК “Свіцязянка-2003”, “Маяк-Заполле”). У адпаведнасці з планамі праводзяцца азнаямленчыя экскурсіі ў сельгаспрадпрыемствы раёна, ААТ “Карэлічы-Лён”.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара і прадастаўлена ўстановамі адукацыі