Удостоенный Благодарности Президента вальщик леса Кореличского лесничества Александр Забавский: «Внимание Главы государства — это стимул к дальнейшей работе»

Вальшчык лесу Карэліцкага лясніцтва Аляксандр Забаўскі ўдастоены Падзякі Прэзідэнта за актыўны ўдзел у ліквідацыі наступстваў праходжання навальнічнага фронту над тэрыторыяй краіны 12-14 ліпеня 2024 года.

Сціплая ўсмешка, мяккі погляд карых вачэй — 29-гадовага вальшчыка лесу Аляксандра Забаўскага ў калектыве паважаюць: усяго 4 гады таму прыйшоў у прафесію, а па працавітасці і прафесіяналізме ўжо многім дасць фору. Нездарма мае шосты разрад — максімальна магчымы ў прафесіі.

Аляксандр нарадзіўся ў Турцы, скончыў мясцовы прафтэх і атрымаў дыплом будаўніка. Чатыры гады працаваў на розных будаўнічых аб’ектах раёна. Даведаўся аб вакансіі ў Карэліцкім лясніцтве і рызыкнуў змяніць робу будаўніка на спецадзенне лесніка. Займаўся ўборкай лесу ад смецця, ставіў фотапасткі на аматараў смяціць у лесе, высаджваў малады лес. Асноўнай задачай быў догляд за культурамі: за дзень трэба было скасіць каля 30 га кустоў, якія перашкаджалі паднімацца маладому лесу. Праз тры гады атрымаў «корачкі» вальшчыка лесу.

— Па статыстыцы няшчасных выпадкаў на вытворчасці, вальшчык лесу —  адна з самых траўманебяспечных прафесій, — расказвае Аляксандр. — Работнікі лесанарыхтовак часта павінны перамяшчацца па цяжкапраходнай мясцовасці з цяжкім рэжучым абсталяваннем. Спецвопратка надзейна нас абараняе: антывібрацыйныя пальчаткі, штаны са спецыяльнай устаўкай з непрарэзваемага матэрыялу, каб у выпадку чаго зуб’і пілы затрымаліся ў яго нітках і не ўпіліся ў нагу, боты з металічнымі ўстаўкамі, якія абараняюць ступні. Само сабой каска з ахоўным шчытком і навушнікі. Але самае галоўнае — не спяшацца, прадумваць кожны крок, прадбачыць, куды ўпадзе дрэва.

Самы буйны ветравальны буралом утварыўся ў ліпені гэтага года. За 15 хвілін ураган нарабіў шмат бед. Асабліва пацярпеў Лукскі сельскі Савет.

— Калі мы з напарнікам Дзімам Лапатам прыехалі ў Лукі, проста жахнуліся, — успамінае Аляксандр. — Вялізныя дрэвы ляжалі проста на дахах дамоў, на праезнай частцы. Сарвала дах з мясцовай школы, палеглі пасевы. У мяне проста сэрца крывёю аблівалася. Але рабіць няма чаго, трэба было сабрацца і працаваць.

Юнак узгадвае, што чатыры дні працавалі літаральна без перапынку. Рабілі невялікія перадышкі толькі на перакус і — зноў за пілу. Выпадкі былі вельмі складаныя: вывернутыя з коранем, завісшыя ў паветры дрэвы — незразумела, куды можа «стрэліць». Да вечара вопратка рабілася белай ад поту. Увечары прыязджаў дадому, у душ, крыху перадыхнуць і зноў за працу: дапамагаў суседзям крыць дахі, сарваныя ўраганам. Ды і ў сябе ў двары трэба было навесці парадак: прыбраць наляцеўшае смецце і спілаваць зламаныя галіны.

Справіўшыся з наступствамі непагадзі ў населеных пунктах, накіраваліся з напарнікам у лес, дакладней тое, што ад яго засталося.

— 27 гектараў маладога хваёвага лесу за аграгарадком Лукі зламала, як запалкі, — з горыччу ўспамінае юнак. — Прыйшлося праводзіць суцэльную санітарную рубку. У асноўным працавала спецыяльная тэхніка — харвестэры. Але там, дзе яна не магла справіцца, прыходзілі на дапамогу людзі.

Затым у справу пайшлі спецыяльныя плугі, следам — работнікі лясніцтва і валанцёры, якія адгукнуліся на заклік нашага Прэзідэнта і прынялі ўдзел у акцыі «Дадзім лесу новае жыццё!». Да канца лістапада ўчастак у 27 га, які яшчэ некалькі месяцаў таму нагадваў кадры з фільма-катастрофы, зазелянее сеянцамі бярозы, хвоі і елкі.

— Аб тым, што я ўдастоены Падзякі нашага Прэзідэнта, даведаўся ад бацькі, а яму расказаў яго сябар, які прачытаў гэтую навіну ў прэсе, — усміхаецца Аляксандр. — Безумоўна, спачатку нават не паверыў, бо я проста выконваў свой абавязак. Вядома, вельмі прыемна такая ўвага і такая высокая ўзнагарода. Гэта матывуе для далейшай работы. Самая ж галоўная для мяне радасць, калі бачу на месцы буралому новы лес.

Іна ЛЕЙКА

Фота аўтара