Идти и ехать — одно удовольствие. Улицы агрогородка Полужье оделись в новый асфальт
Адразу на трох сельскіх вуліцах: Віткоўскага, Школьнай і перавулку Цэнтральным у аграгарадку Палужжа з’явілася новае асфальтавае пакрыццё.
На працягу многіх гадоў вуліцы аграгарадкоў у Беларусі не мелі балансатрымальнікаў, а значыць не рамантаваліся і не абслугоўваліся на пастаяннай аснове. І як следства, яны не ўлічваліся пры фарміраванні расходнай часткі бюджэту і сродкі на іх утрыманне не прадугледжваліся. Дадатковыя грашовыя сродкі (а гэта 1,5 млн рублёў), якія сёлета былі выдзелены Карэліцкаму раёну на рамонт вуліц аграгарадкоў, дазволілі вырашыць праблемы вяскоўцаў.
Так, напрыклад, вуліцу Віткоўскага пабудавалі прыкладна пятнаццаць гадоў таму. Яна была без цвёрдага пакрыцця. Стан грунтовай дарогі пасля выпадзення ападкаў заўсёды пагаршаўся, і тады да ямаў дадаваліся вымоіны і лужыны. Мясцовыя жыхары не раз звярталіся да кіраўніцтва раёна з просьбай вырашыць іх праблему.
І сёння свежы асфальт узнімае настрой, мясцовыя жыхары дзеляцца радасцю ад таго, што праезная частка “апранулася” ў новае ўбранне.
Жыхарка Таццяна Лазінская адзначае:
— Наш дом у самым канцы вуліцы Віткоўскага. Ой, як зараз стала добра! Не параўнаць з тым, што было раней. Новенькі асфальт, жоўты пясочак па краях, ніводнай ямкі на дарозе. І ехаць цудоўна, і дзеткам зручней стала і больш бяспечна, гэта самае галоўнае. Вось калі зроблена добра для людзей, дык гэта адразу відаць. Дзякуй вялікі дарожнікам, раённаму кіраўніцтву за створаны камфорт на нашай вуліцы.
Накіраваліся далей. Адчуўшы задавальненне ад язды па новай асфальтаванай дарозе Цэнтральнага перавулка (дарэчы, тут ніколі не было такога пакрыцця), зрабілі прыпынак на вул. Школьная. Тут кіпіць праца дарожнікаў.
— Яшчэ тры дні — і ў аграгарадку нашымі намаганнямі будуць заасфальтаваны тры вуліцы: Віткоўскага, Школьная і перавулак Цэнтральны, на якіх ніколі не было такога пакрыцця. Далей у планах – аграгарадок Малюшычы. Бягучы год для ДРБУ-158 склаўся паспяхова. Добраўпарадкоўваюцца дарогі як у гарадской, так і сельскай мясцовасці, раён становіцца ўтульней і чысцей, а значыць арганізацыя працуе і ўносіць важкі ўклад у працэс добраўпарадкавання нараўне з іншымі структурамі, — адзначыў майстар Аляксандр Кадлубай.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара