Кореличчане приняли участие в региональном этапе Международных Рождественских чтений «80-летие Великой Победы: память и духовный опыт поколений» в г. Дятлово
23 лістапада ў горадзе Дзятлава адбыўся рэгіянальны этап Міжнародных Калядных чытанняў «80-годдзе Вялікай Перамогі: памяць і духоўны вопыт пакаленняў».
Напачатку яго ўдзельнікі сабраліся ў дзяржаўнай установе адукацыі «Сярэдняя школа № 1 г. Дзятлава». У рамках Чытанняў для іх працавалі секцыі: «Царква ў інфармацыйным полі» (галоўных рэдактараў і супрацоўнікаў СМІ раёнаў, супрацоўнікаў райвыканкамаў, адказных за вядзенне раённых інфармацыйных каналаў у сацсетках і месенджэрах), дыскусійная пляцоўка «Толькі факты» па тэме «Дэмаграфія Беларусі праз прызму сямейных каштоўнасцей» (студэнтаў каледжаў і свяшчэннікаў-куратараў ССНУ), «Духоўна-маральнае выхаванне — важная складаючая сістэмы выхавання дзяцей і падлеткаў» (намеснікаў дырэктараў устаноў адукацыі па выхаваўчай рабоце, педагогаў, удзельнікаў інавацыйнай работы і кіраўнікоў факультатываў духоўна-маральнай накіраванасці), «80 год Вялікай Перамогі: удзел Царквы ў барацьбе з нямецкімі захопнікамі. Урокі гісторыі» (прадстаўнікоў райвыканкамаў, ідэолагаў арганізацый і прадпрыемстваў, бібліятэкараў, прадстаўнікоў сельвыканкамаў), «Служэнне бліжняму як праяўленне хрысціянскай любові” (работнікаў сацаддзелаў, супрацоўнікаў Чырвонага Крыжа, сясцёр праваслаўных сястрыцтваў).
Затым усе ўдзельнікі мерапрыемства накіраваліся ў Сабор навамучанікаў і іспаведнікаў Царквы Рускай, дзе была адслужана заўпакойная малітва за паўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны.
Дзятлаўскі народны Цэнтр культуры і народнай творчасці стаў месцам правядзення духоўна-асветніцкай праграмы. Архіепіскап Навагрудскі і Слонімскі Гурый адзначыў, што страшная вайна забрала мільёны жыццяў. Народ аб’яднаўся супраць ворага, сярод іх былі дванаццаць свяшчэннаслужыцеляў. Яны разам з народам, рызыкуючы сваімі жыццямі, удзельнічалі ў вайне. Ён заклікаў не расслабляцца, быць уважлівымі і памятаць аб тым, што вядзецца інфармацыйная вайна. Трэба быць адзінымі, не забываць аб подзвігу нашых папярэднікаў, самім быць дастойнымі іх памяці.
Старшыня Дзятлаўскага райвыканкама Андрэй Садоўскі даў высокую адзнаку мерапрыемству: на ім сабраліся прадстаўнікі царквы, мясцовай улады, насельніцтва. Сённяшні час назваў няпростым, таму ўся сіла — у адзінстве, а задача — выхоўваць пачуццё патрыятызму ў падрастаючага пакалення.
Шмат узнагарод было ўручана на мерапрыемстве. Сярод узнагароджаных — супрацоўнікі ўстановы «Рэдакцыя газеты «Полымя». Галоўны рэдактар Іна Лейка атрымала Архіерэйскую Грамату за працу ў славу Святой Царквы ў Навагрудскай епархіі, рэдактар аддзела Галіна Смалянка — Падзяку за руплівае служэнне і дбайную працу ў славу Боскую.
З гэтай нагоды заўважу, што мы і далей будзем сумесна з Карэліцкім благачыннем весці творчы праект «Святло веры», а таксама асвятляць пытанні праваслаўнага жыцця ў раёне.
Слова — удзельніку
Наталля Бурак,
дырэктар ДУА «Красненская сярэдняя школа Карэліцкага раёна»:
— Я падзялілася вопытам працы па тэме: “Сучасныя формы ўзаемадзеяння ўстановы адукацыі і Беларускай Праваслаўнай Царквы па духоўна-маральнаму выхаванні вучняў”. Хачу адзначыць, што мы жывём у няпросты для нашага грамадства і дзяржавы час, калі вельмі відавочна адбываецца ціск негатыўных элементаў навукова-тэхнічнага прагрэсу на грамадства. Пад пагрозай аказваюцца духоўна-маральныя каштоўнасці як стрыжань ўнутранага свету чалавека: патрыятызм, талерантнасць, міласэрнасць. У сваёй працы, накіраванай на прыцягненне падрастаючага пакалення да традыцыйнай духоўнасці, на выхаванне духоўна багатага і гарманічнага чалавека, мы выкарыстоўваем дзейсны падыход, які ў многім вырашае праблему пасіўнасці дзяцей і моладзі і рэалізуецца ў трох накірунках: выкарыстанне магчымасцей народнага тэатра «Батлейка», уцягненне вучняў у актыўную валанцёрскую дзейнасць, арганізацыя і правядзенне розных мерапрыемстваў адукацыйнага і творчага характару.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Іны ЛЕЙКІ