Кореличчанки принимают участие в форуме сельских женщин
Напярэдадні Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК у Мінску адбыўся трэці Рэспубліканскі форум працаўніц сяла.
Сярод дэлегатаў маштабнага двухдзённага мерапрыемства, якое праводзіцца пад эгідай грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын“ сумесна з Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання і прафсаюзам работнікаў АПК. тры карэліччанкі: кладаўшчык склада запчастак КСУП “Малюшычы” Марына Крывіцкая, аператар машыннага даення СВК “Свіцязянка-2003” Таццяна Худніцкая, аператар машыннага даення СВК “Жухавічы” Наталля Сідарава. Жанчыны прызнаюцца: працу ў сельскай гаспадарцы любяць, і ўдзел у такім мерапрыемстве рэспубліканскага маштабу быў прыемным і хвалюючым. Для іх гэта вялікі гонар.
Галоўная мэта мерапрыемства – сказаць дзякуй за працу, стараннасць, чулае сэрца і бязмежную любоў жанчынам, якія штодня клапоцяцца аб харчовай бяспецы краіны, сваёй стваральнай дзейнасцю спрыяюць развіццю дзяржавы, падаюць яркі прыклад высокай грамадзянскасці і патрыятызму.
Пра гэта падчас ушанавання працаўнікоў вёскі, якое адбылося 14 лістапада ў зале Вялікага тэатра оперы і балета, гаварылі старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава і старшыня Беларускага саюза жанчын, дырэктар прадстаўніцтва МТРК “Мір” у Беларусі Вольга Шпілеўская.
– Людзі, якія працуюць у сельскай гаспадарцы, забяспечваюць харчовую бяспеку. Праца сапраўды няпростая. У 4 раніцы трэба ўстаць, каб пайсці на працу, разумеючы, што ты павінен не толькі зрабіць сваю працу, але і яшчэ вырасціць дзяцей. І, вядома, я ўдзячная вам за тое, што акрамя працы, сямейных абавязкаў, вы яшчэ валодаеце такім пачуццём патрыятызму да сваёй краіны, у вас такая грамадзянская пазіцыя. Важная, адказная. Таму што вы з’яўляецеся членамі Беларускага саюза жанчын, а гэта тыя жанчыны, якія заўсёды будуць стаяць з нашым Прэзідэнтам. Мы былі і будзем апорай Кіраўніку дзяржавы, таму што мы адзіныя ў памкненнях захаваць сваю суверэнную, незалежную краіну, любімую ўсімі намі, – падкрэсліла падчас мерапрыемства Наталля Качанава.
Кладаўшчык склада запчастак КСУП “Малюшычы Марына Крывіцкая адзначае:
– Для мяне стала вялікай нечаканасцю, калі сказалі, што я ў ліку тых, хто паедзе на форум у складзе Карэліцкай дэлегацыі. Ніколі не была на такіх маштабных мерапрыемствах. Хочацца адзначыць, што ўсё было арганізавана на самым высокім узроўні. Пасля ўрачыстай часткі свята, на якой нас вітала Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Наталля Качанава, нам паказалі балет ”Папялушка”. На наступны дзень мы пабывалі на агляднай экскурсіі па Мінску, наведалі храм-помнік у гонар Усіх Святых, пабывалі ў “Першым нацыянальным гандлёвым доме”. Цікавая і насычаная праграма. Дзякую кіраўніцтву гаспадаркі, што даверыла такую адказную ганаровую місію.
Аператар машыннага даення СВК “Свіцязянка-2003” Таццяна Худніцкая гаворыць:
– Я 18 гадоў адпрацавала аператарам машыннага даення ў гаспадарцы. Вельмі ўдзячна за высокую ацэнку маёй працы і прадастаўленую магчымасць правесці два незабыўныя дні ў сталіцы нашай Радзімы, пагутарыць з калегамі з усёй краіны, зарадзіцца станоўчай энергіяй. Удзел у форуме пакінуў незабыўнае ўражанне! Усё прайшло прыгожа, эмацыйна. Экскурсіі, балет і ўрачыстае мерапрыемства ў Вялікім тэатры оперы і балета надоўга застануцца ў маёй памяці. Мы ўсе ўдзячныя за тое, што арганізаваны вось такі форум для жанчын. Не заўсёды ў сельскім працаўнікам атрымліваецца пабываць у сталіцы. Вельмі прыемныя ўражанні і пра горад Мінск, і пра форум.
Даведаўшыся, што яна будзе на форуме працаўніц вёскі прадстаўляць Карэліччыну, Наталля Сідарава з СВК “Жухавічы” ўзрадавалася:
– Калі мяне вырашылі туды накіраваць, то гэта значыць, што кіраўніцтва заўважыла маю працу, і гэта прыемна. Наогул у нас вельмі добры калектыў, і я заўсёды іду на работу з вялікім задавальненнем, – адзначыла жанчына, дадаўшы, што мерапрыемства пакінула мноства яркіх уражанняў і пазітыўных эмоцый.
Нашы зямлячкі – гонар не толькі сваіх прадпрыемстваў, але і ўсяго Карэліцкага раёна. Такія мерапрыемствы – выдатная магчымасць падзякаваць ім за пачэсную працу і паказаць, як важны рабочыя прафесіі.
Кацярына КУКАНАВА