На Кореличчине пройдут мероприятия, посвященные Дню инвалидов Республики Беларусь
3 снежня — Дзень інвалідаў Рэспублікі Беларусь. Гэтая дата ў календары нагадвае аб тым, што трэба праяўляць дабрыню і спагаду да тых, хто мае патрэбу ў падтрымцы і дапамозе. Імкнуцца працягнуць руку дапамогі людзям з інваліднасцю: і словам, і справай.
Як паведамілі ў дзяржаўнай установе «Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна», на Карэліччыне з нагоды Дня інвалідаў Рэспублікі Беларусь мяркуецца арганізаваць шэраг мерапрыемстваў.
27 лістапада наведвальнікі аддзялення сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна прымуць удзел у абласным фестывалі «Пакуль мы разам — мы моцныя» ў г. Скідзель.
З 29 лістапада па 1 снежня пройдзе Рэспубліканская выстава-продаж у Першым Нацыянальным Доме гандлю г. Мінска, на якой будуць прадстаўлены вырабы ручной працы наведвальнікаў ЦСАН Карэліцкага раёна.
Напярэдадні Дня інвалідаў, 30 лістапада, мяркуецца арганізаваць паездку ў «Белдзяржцырк» г. Мінска для наведвальнікаў аддзялення сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў ЦСАН Карэліцкага раёна. А вось у асноўную дату, 3 снежня, людзей з інваліднасцю чакае канцэртная праграма «Ад сэрца — да сэрца», арганізатары якой — ЦСАН Карэліцкага раёна, раённыя грамадскія аб’яднанні «Беларускае таварыства інвалідаў» і «Беларускае таварыства інвалідаў па зроку».
«Дзяржаўная падтрымка людзей з інваліднасцю» — на гэтую тэму 2 снежня з 8.00 да 10.00 будзе праведзена «прамая лінія» з начальнікам упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта Інай Аляксандраўнай Богуш.
Галіна СМАЛЯНКА