Прокурор Кореличского района Виктор Авдокушин провел выездной прием граждан и встречу с коллективом ОАО «Кореличи-Лен»
Пракурор Карэліцкага раёна Віктар Аўдакушын правёў выязны прыём грамадзян і сустрэчу з калектывам ААТ “Карэлічы-Лён”, падчас якой было разгледжана тры пытанні: аб ходзе расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа ў час Вялікай Айчыннай вайны; прафілактыка экстрэмізма і прафілактыка кіберзлачынстваў.
Па першым пытанні выступоўца адзначыў, што ў красавіку 2021 года Генеральнай пракуратурай Беларусі была ўзбуджана крымінальная справа па факце генацыду насельніцтва Беларусі ў час Вялікай Айчыннай вайны і ў пасляваенныя гады. У рэгіёнах, у тым ліку і ў нашым раёне былі створаны следчыя групы па расследаванні гэтай справы, у склад якіх былі ўключаны пракурорскія работнікі і супрацоўнікі Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь.
У ходзе расследавання справы была атрымана інфармацыя аб чатырох гета ў Карэліцкім раёне, два з якіх існавалі ў вёсцы Ярэмічы і дадаткова па адным у Карэлічах і Міры. Раней было вядома толькі пра два гета. Следчай групай таксама дадаткова былі ўстаноўлены 15 населеных пунктаў, спаленых у гады Вялікай Айчыннай вайны. Устаноўлены факт расстрэлу грамадзян яўрэйскай нацыянальнасці ў вёсцы Лукі. Праводзіцца работа па пастаноўцы пахавання ахвяр на дзяржаўны ўлік.
Сумесна з пракуратурай вобласці былі праведзены следчыя дзеянні па крымінальнай справе ў дачыненні да каменданта паліцэйскага гарнізона мястэчка Мір Серафімовіча, які з’яўляючыся кіраўніком паліцэйскіх падраздзяленняў на працягу 1941-1944 гг, неаднаразова прымаў удзел у забойствах мірных грамадзян на тэрыторыі раёна, у тым ліку масавых.
Асноўнай задачай, якія стаяць перад следствам на сённяшні дзень, з’яўляецца ўстанаўленне ўсіх фактаў генацыду беларускага народа, анкетных дадзеных мірных грамадзян, ваеннапалонных, якія загінулі ў гады вайны, месцаў іх пахавання, увекавечванне памяці ахвяр. Таксама працягваецца збор звестак у дачыненні да асоб, якія пазбеглі крымінальнай адказнасці за ўчыненыя падчас вайны дзеянні, для вырашэння пытання ўзбуджэння ў дачыненні да крымінальных спраў з наступным накіраваннем у суд для разгляду.
Расказваючы аб прафілактыцы экстрэмізму, пракурор адзначыў, што спіс крыніц, прызнаных эктрэмісцкімі, размешчаны ў адкрытым доступе і параіў кожнаму праверыць, ці не падпісаны яны на гэтыя каналы альбо суполкі ў сацыяльных сетках, папярэдзіўшы аб адміністратыўнай і ўгалоўнай адказнасці за захоўванне і распаўсюджванне забароненых матэрыялаў, фінансавую падтрымку экстрэмісцкіх фарміраванняў.
— Асабліва актыўнымі стваральнікі забароненых матэрыялаў становяцца цяпер, калі ў краіне пачалася выбарчая кампанія, — акцэнтаваў увагу Віктар Аўдакушын. — Таму захоўвайце пільнасць, не паддавайцеся на правакацыі і крытычна адносцеся да інфармацыі, якая паступае з невядомых крыніц, пераправярайце яе.
Таксама Віктар Васільевіч растлумачыў патрабаванні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах і расказаў аб адміністрацыйнай і ўгалоўнай адказнасці за здзяйсненне правапарушэнняў і злачынстваў, звязаных з масавымі беспарадкамі і дзеяннямі, якія груба парушаюць грамадскі парадак.
Апошнім пытаннем разгледзелі прафілактыку кіберзлачынстваў. Пракурор адзначыў, што схемы махляроў увесь час змяняюцца, злачынцы актыўна карыстаюцца перадавымі тэхналогіямі, а паколькі вельмі часта яны знаходзяцца за межамі Рэспублікі Беларусь, прыцягнуць іх да адказнасці вельмі складана.
Сяргей СТОЛЯР
Фота аўтара