Участники районного праздника, посвященного Дню работников сельского хозяйства и перерабатывающей промышленности, делятся эмоциями после торжества

Аляксандр Рачынскі,

трактарыст ААТ «Карэлічы-Лён»,

узнагароджаны Ганаровай граматай Карэліцкага раённага выканаўчага  камітэта:

— Я родам з Карэліччыны — вёскі Пагор’е Красненскага сельсавета. Напачатку працаваў у СВК «Маяк-Заполле» трактарыстам. На ААТ «Карэлічы-Лён» — з 2005 года. Тут  ару, культывую глебу, сею лён, праводжу церабленне. Мне  мая праца падабаецца. Пастаянна адчуваю разуменне  кіраўніцтва арганізацыі і падтрымку калег. Гэта спрыяе таму, што на працу іду ў добрым настроі, і яна спорыцца.

Мае бацькі прысвяцілі сваё жыццё сельскай гаспадарцы. Бацька шчыраваў у мясцовым калгасе, мама — на льнозаводзе. Яны ніколі не цураліся ніякіх спраў. З малых гадоў я быў прывучаны да працы і адказна адносіўся да таго, што даручалі зрабіць. У самастойным жыцці гэта спатрэбілася.

Сённяшняя свята — адзнака руплівай і стараннай працы, нашага ўкладу ў скарбонку раёна. Адчуваецца, яе цэняць і нас паважаюць як сумленных працаўнікоў. Праца таго вартая,  хочацца працаваць як мага лепш.

Анастасія Чыркова,

заатэхнік-селекцыянер КУСП «Чарняхоўскі-Агра»,

малады спецыяліст:

— Я з’яўляюся маладым спецыялістам, у гаспадарцы працую з ліпеня 2024 года. Прыехала на працу пасля заканчэння Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта. На Карэліччыне мяне сустрэлі дружалюбна: з першых дзён адчула ўвагу і клопат. Мяне падтрымліваюць добрым словам і даюць практычныя парады. Больш таго, атрымала даплаты як малады спецыяліст, мне прадаставілі жыллё ў інтэрнаце. Паступова прывыкаю да гэтых цудоўных мясцін. Я родам з Воранаўскага раёна, але на Карэліччыне адчуваю сябе камфортна, дзякуючы  добразчылівасці яе жыхароў.

Гэта першае прафесійнае свята ў маім працоўным жыцці. Мяне  перапаўняюць станоўчыя эмоцыі: наша праца патрэбная, работнікі сельскай гаспадаркі ствараюць даброты. Хочацца выказаць словы ўдзячнасці за добрасумленную працу. Няхай іх не падводзіць здароўе і спрыяе поспех у працы.

Іван Фалейчык,

ветэран працы,

былы галоўны аграном СВК «Маяк-Заполле»:

— Сельскагаспадарчай вытворчасці прысвяціў амаль сорак гадоў. Любіў сваю справу, яна была звязана з зямлёй.   Прадаўжаю працаваць на прысядзібным участку. Зямля для мяне — усё: яна — карміцелька, і адорвае багатымі ўраджаямі  тых, хто аддае ёй свае старанні.

З шаснаццаці гадоў пачаў працаваць памочнікам камбайнёра. У летні перыяд ішоў на гэтую працу, і мяне спадзвігла звязаць жыццё з сельскай гаспадаркай. Пайшоў вучыцца ў Навагрудскі сельскагаспадарчы тэхнікум і Горыцкую сельгасакадэмію, і аб сваім выбары не шкадую.

На свяце адчуваю гонар за Карэліччыну і маладыя кадры,  якія працуюць на палях і фермах і забяспечваюць харчовую бяспеку краіны, каб на стале ў спажыўцоў былі хлеб і да хлеба.

Я ўдзячны за запрашэнне на свята з нагоды Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці. У мяне з’явілася магчымасць паразмаўляць з многімі працаўнікамі раёна гэтай галіны, пацікавіцца поспехамі, сказаць добрыя словы ў іх адрас. Усім жадаю міру, дабра, спаўнення жаданняў, добрых вынікаў у працы.

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Іны ЛЕЙКІ