В Кореличах на Дне подписчика газете «Полымя» желали: «Так держать» и «писать о родном крае и его людях»
15 лістапада журналісты раённай газеты «Полымя» ў чарговы раз наведаліся на Карэліцкі раённы вузел паштовай сувязі, дзе традыцыйна праводзіцца Дзень падпісчыка. Падчас сустрэчы ёсць магчымасць пагутарыць з падпісчыкамі і пачуць іх меркаванні пра раёнку і пажаданні ў яе адрас.
Вольга Аляксандраўна РАХМАНЬКА, выхавальнік сацыяльна-педагагічнага цэнтра Карэліцкага раёна, жыхарка аграгарадка Палужжа:
— Раённую газету «Полымя» выпісваю пастаянна, у ёй знаходжу шмат карыснага для сябе. Вялікае ўражанне на мяне аказваюць артыкулы, у якіх апавядаецца пра неблаганадзейныя сем’і. Хочацца, каб іх прачытала найбольш людзей, магчыма, тады хтосьці з гора-бацькоў задумаецца пра свае паводзіны і ўспомніць пра сваіх дзяцей. У прытулку яны акружаны ўвагай і клопатам, але любоў родных людзей нічым не замяніць.
Люблю чытаць у раёнцы пра ўсе падзеі, якія адбываюцца ў раёне, вобласці, рэспубліцы. Газета «Полымя» падабаецца за яе змест: чытачу прадастаўлена магчымасць азнаёміцца з рознабаковымі матэрыяламі. Я пачынаю чытаць найперш артыкулы на тэмы адукацыі і культуры, а затым усе астатнія.
Не мінаю замалёўкі пра людзей Карэліччыны — і радуюся іх поспехам. Супрацоўнікам любімага выдання хачу пажадаць: «Так трымаць» і «пісаць аб родным краі і яго людзях».
Таццяна Мікалаеўна ЦІТ, эканаміст па цэнах
Карэліцкага філіяла Гродзенскага абласнога спажывецкага таварыства:
— Я завітала на Дзень падпісчыка, каб выказаць свае адносіны да раённай газеты «Полымя»: яна мне падабаецца і яе выпісваю з месяца ў месяц. Раёнка стала для мяне сапраўдным сябрам і дарадцам. Што прываблівае ў газеце: яна родная і блізкая майму сэрцу.
Я родам з Карэліччыны: маленькая радзіма — аграгарадок Турэц. Пра землякоў чытаю з вялікім задавальненнем. Здаецца, быццам пабываю у роднай старонцы і сустрэнуся са знаёмымі.
Ды ўвогуле, на Карэліччыне жывуць і працуюць шчырыя людзі, якія моцна любяць свой край і самааддана яму служаць. Хочацца пажадаць, каб яны былі героямі журналісцкіх замалёвак пра людзей працы. Хачу пажадаць, каб газета «Полымя» квітнела з кожным годам, і на яе старонках з’яўлялая шмат цікавых матэрыялаў.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Сяргея СТОЛЯРА