Кореличчане делятся семейными новогодними традициями и детскими воспоминаниями о главном зимнем празднике
Тры цёплыя гісторыі пра сямейныя навагоднія традыцыі
і дзіцячыя ўспаміны пра галоўнае зімовае свята
У паветры паступова з’яўляецца пах елак, мандарынаў і дзяцінства. Рэдкі сняжок, які злятае за акном, нагадвае пра старыя добрыя калядныя фільмы, якія так любілі глядзець у дзяцінстве. Новы год — асаблівае свята, калі кожны незалежна ад узросту хоча верыць у цуд. І абавязкова варта сустракаць гэтую ноч сярод сваіх родных. У кожнай сям’і ёсць свае традыцыі, якія яны захоўваюць, сустракаючы Новы год. Мы пацікавіліся ў карэліччан, якіх рытуалаў сустрэчы навагодніх святаў яны прытрымліваюцца.
У маёй сям’і захоўваецца ёлачная цацка, якая дасталася маёй матулі ад яе бабулі, маёй прабабулі. Шкляны домік-гадзіннік чакае свайго часу ў асобнай каробачцы, а на каталіцкія Каляды (прабабуля была каталічкай) яго асцярожна вынімаюць і вешаюць на ялінку — у самы цэнтр. Гэта своеасаблівы талісман нашай сям’і. Калі мы былі малымі, кожны калядны вечар выходзілі на падворак і шукалі ў небе Віфлеемскую зорку. Шчаслівыя ад радаснай навіны, мы беглі за святочны стол, на якім традыцыйна стаяла куцця. Гэтыя ўспаміны яркай успышкай урэзаліся ў памяць.
“У доме павінна пахнуць ялінкай і шчасцем”
Дырэктар ДУА “Карэліцкая дзіцячая школа мастацтваў” Сняжанна Каляда расказвае, што адным з яркіх успамінаў яе дзяцінства і традыцыяй, якая перайшла са шчаслівых дзіцячых часоў у дарослае жыццё, з’яўляецца запрашэнне ў дом Новага года:
— У нас ёсць невялікі крыштальны домік, які нам калісьці падарылі, і за 5-10 хвілін да поўначы мы запальваем у ім свечку. Калі прыходзіць Новы год, мы віншуем адзін аднаго, а затым адчыняем дзверы, выпускаем стары год, кажам яму дзякуй і запрашаем у дом новы. Мой тата як гаспадар дома дазваляў Новаму году ўвайсці ў наша жыллё. Мы заўжды з нецярпеннем чакалі гэтага моманту, а цяпер яго чакаюць нашы дзеці. Затым мы загадваем жаданне і ўсе разам задуваем свечку. Калі куранты б’юць дванаццаць, абавязкова трымаем у руцэ грошы, каб у новым годзе быў дастатак. Новы год сустракаем з любоўю ў сэрцы і дастаткам у руках.
Традыцыйна 1 студзеня дзеці атрымліваюць падарункі. Сняжанна Юр’еўна расказвае, што ў іх сям’і заўжды было заведзена, што падарунак павінен быць асабістым і асаблівым. Сама жанчына ніколі не пісала лістоў да Дзядулі Мароза, а вось яе дачка штогод выводзіць добраму чараўніку новае пісьмо, у якім, акрамя падарункаў для сябе, жадае шчасця і здароўя родным і блізкім.
— Прыход Дзядулі Мароза заўжды чакалі з нецярпеннем, — успамінае Сняжанна Юр’еўна. — Але, калі ў іншых ён быў з вачыма бацькі, то ў нас — з вачыма старэйшага брата. Мы сустракалі свята з суседзямі, адзін год яны прыходзілі да нас, на наступны мы хадзілі да іх. Неяк мы з братам знайшлі ў матулі чырвонае паліто, начапілі на брата бараду, я была Снягуркай, і мы зладзілі для бацькоў своеасаблівую імпрэзу. Лічым сваім абавязкам падарыць радасць нашым сябрам і знаёмым, таму ўжо другі год запар набываем з мужам новыя касцюмы і адпраўляемся віншаваць нашых блізкіх. Ён Дзядуля Мароз, а я яго жонка, Зіма. У мінулым годзе павіншавалі вялікую колькасць знаёмых, нават заходзілі ў краму, дзе звычайна набываем прадукты, і віншавалі прадаўцоў.
Цікаўлюся, калі сям’я Каляда прыступае да ўпрыгожвання свайго дома.
— Свята — гэта стан душы, які не можа цягнуцца доўга, гэта тое, што павінна быць каштоўным. Гэта эмоцыі, а яны, на жаль, не могуць працягвацца вечна. Таму мы стараемся ўпрыгожыць ялінку да каталіцкіх Калядаў, каб навагодняя атрыбутыка правісела ў нас да 19 студзеня і не надакучыла. Разам з ялінкай з’яўляецца навагодняя шкарпэтка, у якую кожны дзень да Новага года Дзядуля Мароз кладзе нашым дзецям хоць невялікі, але падарунак за добрыя паводзіны, дапамогу па хаце, упрыгожванне дома, чаканне святаў. Ялінку абавязкова ўпрыгожваем усёй сям’ёй. А зорку на вярхушку чапляе наша дачушка Маша. Магчыма, у гэтым годзе яе зменіць сын. У нашым дзяцінстве гэта заўжды рабіла матуля.
Захоўваюцца ў сям’і Сняжанны і Аляксандра Каляды і старыя ёлачныя цацкі, але на ялінку іх не чапляюць — гэта сямейны рарытэт, які беражна захоўваецца як памяць. Абавязковы атрыбут свята — яловы пах:
— Мая матуля заўжды кажа, што ў доме павінна пахнуць ялінкай і шчасцем. Таму, нягледзячы на тое, што ў нас штучная ялінка, мы стараемся набыць хоць невялікую ялінку ў гаршку альбо некалькі яловых галінак, каб у кватэры адчуваўся гэты пах.
Казка заўсёды з намі
За другой навагодняй гісторыяй я накіраваўся ў дом Дзмітрыя і Жанны Нарбутовіч з Карэліч. На падворку мяне сустрэла зімовая казка: упрыгожаныя агеньчыкамі і каляровымі бантамі елкі, яркія гірлянды на галінках дрэваў, прыпарошаныя снегам рознакаляровыя званочкі. Такая ж прыгажосць і ў хаце. У пакоі разліваецца мяккае святло ад свечак.
— Я вельмі любіла чытаць казкі, увесь час знаходзілася ў свеце фэнтэзі і чараўніцтва, — кажа гаспадыня. — Усе мы родам з дзяцінства, і хочам казкі ў нашым жыцці. Таму хочацца, каб дзеці бачылі гэта чараўніцтва. Мы вельмі любім у гэты снежаньскі час, калі ўсё наўкол упрыгожана і зіхаціць агнямі. Бачыць у вачах дзяцей захапленне — вельмі дарагое пачуццё.
Жанна Нарбутовіч прызнаецца, што іх сям’я ў плане святкавання Новага года не зусім звычайная: традыцыя ўпрыгожваць ялінку ўсёй сям’ёй не прыжылася, ды і ўвогуле, дрэва ў дом не заносяць. Затое на паліцы ззяе ялінка, зробленая рукамі гаспадара. Упрыгожванні стаяць таксама і на кухні.
— Раство мы святкуем больш, чым Новы год, — расказвае Жанна Нарбутовіч. — Напярэдадні збіраемся з сябрамі на вячэру, а само свята пачынаюцца з ранішняга богаслужэння, у якім абавязкова прымаюць удзел дзеці. Таксама ў гэты дзень у царкве ладзіцца сцэнка пра нараджэнне Хрыста. Абавязкова на гэтае свята дзеці атрымліваюць падарункі. Прычым падарункі абгаворваюцца загадзя, мы едзем з дзецьмі ў вялікую краму, дзе яны самі выбіраюць сабе тое, што ім патрэбна. Сёлета, напрыклад, купілі чырвоны званочак, які цяпер стаў часткай упрыгожвання нашага двара. Упрыгожванні выклікаюць у дзяцей вельмі яркія эмоцыі, і яны заўжды з задавальненнем дапамагаюць гатаваць. Усе любяць гэтыя святы і з нецярпеннем чакаюць іх надыходу.
Дзмітрый і Жанна Нарбутовічы расказваюць, што адной з добрых сямейных традыцый з’яўляецца прагляд калядных фільмаў. Асабліва любяць у іх доме “Адзін дома”. У гэты час уся сям’я збіраецца каля тэлевізара з цукеркамі, мандарынамі і салатамі.
— Мы не любім сядзець на месцы, — гаворыць Дзмітрый. — Можам у адзін момант сарвацца і паехаць у Мінск глядзець феерверкі. Уявіце, пакінулі машыну на стаянцы, бяжым з дзецьмі ў метро, каб паспець убачыць салют, у крыві — адрэналін, захапляльныя эмоцыі.
— Заўжды хочацца прыўнесці ў сваё жыццё нешта новае, нейкі зарад станоўчай энергіі, — кажа Жанна. — Душа некуды імкнецца. Таму мы і любім гэтыя святы за чароўную казку, якую яны дораць. У гэтым годзе вельмі хочам на Новы год паехаць у Гродна — гэта вельмі прыгожы горад, які, я ўпэўнена, заззяе новымі фарбамі.
У канцы нашай гутаркі сужэнцы Нарбутовічы прыходзяць да высновы, што іх задача як бацькоў — зрабіць гэты час для дзяцей асаблівым, каб яны адчулі і запомнілі гэтае свята.
Чароўны баль і вавёрка Машка
Кіраўнік ваенна-патрыятычнага выхавання Лукскай СШ Уладзімір Матусевіч расказвае, што ў в. Некрашэвічы, дзе ён рос, заўсёды ўмелі віншаваць дзяцей:
— Я быў зусім маленькім, але добра памятаю, што адзін з работнікаў калгаса, звычайна старшыня прафсаюза, апранаўся ў Дзядулю Мароза, і на санях, запрэжаных тройкай коней, абавязкова са званочкамі, развозіў па вёсцы падарункі. Заходзілі ў кожную хату з баянам, віншавалі дзяцей. Таму гэтага свята заўсёды чакалі з нецярпеннем.
Таксама Уладзімір Уладзіміравіч успамінае, як святкавалі Новы год у Некрашэвіцкім сельскім клубе:
— Штогод праводзіўся баль-маскарад. Мы самі рыхтавалі для сябе касцюмы, стараліся прыдумаць нешта цікавае, каб ніхто не ведаў, кім мы будзем. Я знайшоў у шафе татаву гімнасцёрку, пілотку, рэмень, боты і мы, трое чацвёртакласнікаў, апрануліся ў салдатаў і спявалі песню “Із далёкіх, із краёў шлі салдацікі дамоў”. А ў пятым класе я ўжо быў пагранічнікам у гэтай самай форме, праўда, мы ўжо зрабілі сабе аўтаматы Калашнікава з дрэва. У шостым класе мы адзелі зімовыя шапкі, былі партызанамі і спявалі песню “Ой бярозы ды сосны”. Потым настаўнікі ацэньвалі нашы касцюмы, за іх таксама можна было атрымаць нейкі падарунак. Ужо ў класе, мабыць, восьмым мы ставілі пастаноўку па аповесці Якуба Коласа “Дрыгва”. Увогуле, самадзейнасць была ў Некрашэвічах вельмі добра развіта, і мы заўсёды з задавальненнем прымалі ў ёй удзел.
Адным з яскравых успамінаў, звязаных з навагоднімі святамі, стала з’яўленне ў Некрашэвіцкай школе вавёркі, якую назвалі Машкай. Васьмікласнікі разам са школьным загадчыкам гаспадаркі штогод ездзілі ў лес за ялінкай. У адну з такіх паездак злавілі вавёрку. Для яе ў школе зрабілі клетку, дзе яна вельмі доўга жыла. Аднойчы яна збегла і пачала скакаць па школе, па шафах, па сценах.
— Таксама старэйшыя рабяты заўсёды ладзілі для астатніх навагоднюю латарэю. Рабілі білецікі, якія, добра памятаю, каштавалі 20 капеек, набывалі прызы, і кожны мог атрымаць нешта на памяць. Ужо потым, калі выраслі, Уладзімір Грэмяко, які таксама вучыўся ў Некрашэвічах, пачаў ладзіць такую латарэю падчас святочных вечароў, якія праводзіліся ў Лукскім Доме культуры.
Сяргей СТОЛЯР
Фота аўтара і прадастаўлена героямі публікацыі