У вёсцы спрадвеку жылі адной вялікай і дружнай сям’ёй
Вось яшчэ адзін год на зыходзе. Многія стараюцца падвесці яго вынікі і вызначыць задачы на будучы. Узгадваючы сустрэчы з героямі сваіх артыкулаў, успамінаю іх аповеды. Яны стараліся расказаць пра сваё жыццё, і пераважная большасць з вялікай асалодай успамінала сваю маладосць.
Вяскоўцы апавядалі аб тым, як яны дружна жылі па-суседску, як працавалі і адзначалі святы, як дзялілі радасць і гора. І гэта было відавочна: у сельскай мясцовасці адзін ад аднаго нічога не схаваеш, тут усё і ўсе навідавоку.
Я родам з вёскі, таму блізкія сэрцу і знаёмыя іх успаміны. У аповедах шмат мудрасці, а ў сэрцы — дабрыні. У гады маладосці суседзі моцна сябравалі паміж сабою і дапамагалі адзін аднаму. Раніцай уставалі вельмі рана, каб паспець ухадзіцца па асабістай гаспадарцы і пайсці на працу ў калгас. Вечарам пасля напружанага дня збіраліся на лавачцы каля аднаго з дамоў і доўга вялі гутарку на розныя тэмы. Да таго ж, у вёсцы на хаты не вешалі вялікіх замкоў, а чым-небудзь толькі стараліся падперці і не ставілі высокіх платоў.
«Добры сусед лепш за далёкага сваяка» — гаварылі ў народзе. І гэта было сапраўды так, што асабліва адчувалася ў вёсцы. З радасцю ці бядой адразу спяшаліся да суседа. На вяселле запрашалі яго як дарагога госця і як першага памочніка. Што да журботных хвілін, то не трэба было нагадваць. Дрэнныя навіны па вёсцы разносіліся вельмі хутка. Суседзі першымі падстаўлялі плячо ў бядзе.
Добрыя суседзі — і праз шмат гадоў застаюцца такімі ж. Памятаецца, як яны прыехалі з роднай вёскі ў райцэнтр мяне падтрымаць пасля смерці мужа. Амаль дзесяць гадоў таму ад болю ўсё сціскалася ў грудзях, і іх візіт быў вельмі дарэчы ў хвіліны роспачы. «Ты наша», — коратка прамовілі зямлячкі, і гэтага было дастаткова. Бабулі Марыі ўжо няма сярод нас, а суседка Людміла жыве ў бацькоўскай хаце ў роднай вёсцы на пенсіі. «За тваёй хаткай таксама прыглядваю», — не раз паўтарае яна, за што ёй, безумоўна, вельмі ўдзячна.
Вось і мае гераіні, якія даўно размянялі восьмы ці дзявяты дзясятак, моцна любяць жыццё. Шануюць суседскія адносіны, якія склаліся паміж імі за шматлікія гады. «Чаму не едзеце да дзяцей у горад?» — пацікавілася ў жанчыны ў гадах, калі даведалася пра яе стан здароўя. «Дома і сцены дапамагаюць», — адказала яна і дадала, што наведваюцца суседкі, якія расказваюць навіны.
Дарэчы, гераіні маіх артыкулаў, нягледзячы на свой паважаны ўзрост, не сядзяць на пенсіі склаўшы рукі. Кожная знайшла сабе справу па душы — дні праводзіць з карысцю. Жанчыны розныя па характары і ўзросту, і заняткі ў іх розныя. На заслужаным адпачынку яны вяжуць і вышываюць, пішуць карціны і сябруюць з камп’ютарам. Маюць і агульнае захапленне: любяць зямлю і шчыруюць на ёй. Вырошчваюць кветкі, садзяць у агародчыку і даглядаюць хатнія — і яны ўпрыгожваюць жыццё на пенсіі. Жанчыны не хаваюць свайго майстэрства і дзеляцца вырабамі.
Кожная з субяседніц у залатым узросце мае свае сакрэты актыўнага даўгалецця, якімі шчодра падзялілася з чытачамі раёнкі. Адным яны пайшлі на карысць, другім аповед нагадаў пра гады маладосці. Магчыма, хтосьці ў гераіні артыкула пазнаў добрую знаёмую ці нават суседку, і на душы пацяплела ад такой завочнай сустрэчы. Раёнка імкнецца разбудзіць у сэрцах чытачоў добрыя пачуцці паміж людзьмі і павагу да старэйшага пакалення. Нягледзячы на паважаны ўзрост, многія з іх жывуць змястоўна і цікава, і ў іх ёсць чаму павучыцца.
Галіна СМАЛЯНКА,
вядучая творчага праекта «Актыўнае даўгалецце 65+»