Тэхнік-тэхнолаг, эколаг СВК “Свіцязянка-2003” Наталля Сіманава стала пераможцай у занальным туры моладзевага праекта “100 ідэй для Беларусі”

Занальны тур моладзевага праекта “100 ідэй для Беларусі” сабраў маладых вынаходнікаў і рацыяналізатараў Дзятлаўскага, Навагрудскага, Карэліцкага і Слонімскага раёнаў, паведамляе газета «Перамога».

У сярэдняй школе № 1 горада Дзятлава імя А. М. Чурыла школьнікі, навучэнцы каледжаў і працоўная моладзь вынеслі на суд экспертаў свае наватарскія ідэі ў розных сферах.

У саставе журы былі прадстаўнікі як творчых, так і тэхнічных спецыяльнасцяў: дырэктар Дзятлаўскага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Таццяна Ваніслаўчык, першы сакратар Карэліцкага РК ГА “БРСМ” Таццяна Шэўчык, педагог Навагрудскага дзяржаўнага каледжа тэхналогій і бяспекі Анатоль Ліннік, настаўнік фізікі Жыровіцкай сярэдняй школы Уладзімір Зіміч. Яны ацэньвалі актуальнасць і навізну ідэй, практычную значнасць і рэальнасць рэалізацыі конкурсных інавацыйных праектаў.

У Дзятлаве на занальным этапе маладыя рацыяналізатары прадставілі каля двух дзясяткаў праектаў. Ідэі тычыліся эканамічнай эфектыўнасці вырошчвання розных сельскагаспадарчых культур, догляду іх з дапамогай сучасных тэхналогій, атрымання энергіі з прыродных крыніц, у тым ліку ад спальвання лісця і пачаткаў кукурузы, стварэння развіваючых і пазнавальных гульняў, папулярызацыі сельскіх спецыяльнасцяў, сарціроўкі і перапрацоўкі бытавога смецця, многага іншага.

Сярод удзельнікаў конкурсу — тэхнік-тэхнолаг, эколаг СВК «Свіцязянка-2003» Наталля Сіманава, якая прадставіла праект «Безлактознае малако».

— Першапачаткова пра вытворчасць безлактознага малака на базе нашага СВК выказаў ідэю старшыня гаспадаркі Аляксандр Мяцеліца, — расказала Наталля. — Мяне зацікавіла гэта тэма, таму што безлактознае малако —  вельмі карысны прадукт, які могуць ужываць усе людзі, нават тыя, у каго ёсць алергія на лактозу. Малако без лактозы не губляе свайго смаку, у ім захоўваюцца ўсе карысныя элементы, яно прасцей засвойваецца ў арганізме. Сярод работнікаў нашага прадпрыемства было праведзена апытанне, у ходзе якога большасць рэспандэнтаў падтрымалі ідэю вытворчасці безлактознага малака на базе СВК «Свіцязянка-2003».

Усе ўдзельнікі занальнага этапу адзначаны сертыфікатамі конкурсу і прызамі ад раённых арганізацый ГА “БРСМ”.

Дыпломы пераможцаў заваявалі і паспрачаюцца за званне лепшых на абласным этапе аўтары сямі праектаў. У намінацы “Экалогія і выкарыстанне прыродных рэсурсаў” дыпломам пераможцы занальнага этапу адзначана Валерыя Брайчук, навучэнка Дзераўноўскай базавай школы Слонімскага раёна з праектам “Золата пад нагамі”. У намінацыі “Грамадства і сацыяльная сфера” – навучэнцы сярэдняй школы № 7 горада Навагрудка Крысціна Пракапенка, Юлія Аганоўская, Максім Коршун і Яўген Кур’ян з праектам “Лаўка сувязі”. У намінацыі “Лепшая бізнес-ідэя” – Аляксандра Жалевіч, навучэнка Жыровіцкай сярэдняй школы Слонімшчыны з праектам “Паспяховы бізнес, або Лепшымі ягадамі ў свеце я клубніцы назаву”. Адразу дзве перамогі атрымалі навучэнцы Новаяльнянскай сярэдняй школы імя А. А. Шаўчук Дзятлаўскага раёна: у намінацыі “Энергетыка, у тым ліку атамная энергетыка, і энергаэфектыўнасць” – Аляксей Умоўскі з праектам “Пясочная батарэя цеплавой энергіі”, у намінацыі “Інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі” – Лізавета Маліка з праектам “Камп’ютарная гульня “Брыгада Заслонава”.

Сярод працоўнай моладзі пераможцай у намінацыі “Аграпрамысловыя тэхналогіі і фермерства” стала Наталля Сіманава, спецыяліст СВК “Свіцязянка-2003” Карэліцкага раёна з праектам “Безлактознае малако”.


Ірына СТЫРНІК, газета «Перамога»