В Кореличах состоялся День подписчика на районную газету «Полымя»

20 снежня на Дні падпісчыка на раённую газету «Полымя» карэліччане ахвотна выпісвалі любімую раёнку і дзяліліся меркаваннямі.

Мікалай Канстанцінавіч ДРУЦЬКА,
пенсіянер, жыхар г.п. Карэлічы:
— Мне падабаецца раённая газета «Полымя», яе выпісваю даўно. Для мяне цікавыя ўсе падзеі, якія адбываюцца на Карэліччыне і змяшчаюцца на старонках раёнкі. З жонкай Людмілай Мікалаеўнай былі героямі артыкулаў, як наведвальнікі гурткоў ЦСАН Карэліцкага раёна. Я асабіста з добрымі песнямі езджу па раёне, і газета таксама асвятляла гэты факт, за што ёй вельмі ўдзячны.
Раёнку перачытваю з першай да апошняй старонкі. Мне ў ёй падабаецца ўсё да драбніц: яна свая і пра сваіх людзей. Хачу пажадаць «Полымя» ўтрымліваць гэтую планку па падачы інфармацыі і несці яе жыхарам Карэліцкага краю.

Зінаіда Іванаўна БАБАНЬ,
ветэран працы, жыхарка райцэнтра:
— 40 гадоў наша сям’я жыве ў Карэлічах, і ўвесь гэты час выпісваю «Полымя». Чытаю ўсе навіны нашага раёна, не мінаю і «Віншавальную паштоўку», па-добраму радуюся за людзей. З вялікім задавальненнем прачытала матэрыял пра ААТ «Карэлічы-Лён», дзе адпрацавала 35 гадоў. Для мяне гэтае прадпрыемства з’яўляецца родным, а калегі па працы блізкімі, мы рабілі адну агульную справу.
Калектыву «Полымя» жадаю здароўя, шчасця, доўгіх гадоў жыцця, раёнцы — квітнець з кожным годам.

Галіна СМАЛЯНКА
Фота Кацярыны КУКАНАВАЙ