В Кореличах выбрали лучшего молодого специалиста XXI века

27 снежня ў раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці прайшла конкурсная праграма “Малады спецыяліст XXI стагоддзя” падчас якой выбіралі лепшага маладога спецыяліста ўстаноў, арганізацый і прадпрыемстваў Карэліччыны.

Сёлета ўдзельнікамі-канкурсантамі сталі майстар вытворчага навучання УА “Мірскі дзяржаўны каледж” Вікторыя Шпакоўская, ветэрынарны ўрач камунальнага сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства “Племзавод Карэлічы” Юстына Янкоўская, выхавальнік дашкольнай адукацыі ДУ “Дзіцячы сад № 1 г. п. Карэлічы” Ангеліна Майсак, бухгалтар камунальнага ўнітарнага сельскагаспадарчага прадпрыемства “Чарняхоўскі-Агра” Вікторыя Кіпцэвіч і выхавальнік дашкольнай адукацыі ДУА “Дзіцячы сад № 2 г.п. Карэлічы” Арына Ханько.

Вітаючы ўдзельнікаў, намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама Яўген Чычкан адзначыў, што дадзены конкурс з’яўляецца паспяховым прыкладам канструктыўнага супрацоўніцтва органаў улады, арганізацый — заказчыкаў кадраў і моладзі. Выказаў спадзяванне, што ўдзельнікі ў сумленнай справядлівай барацьбе прадэманструюць майстэрства, веды і назапашаны вопыт. Таксама выказаў словы падтрымкі прафесіяналам будучыні, гатовым прыносіць карысць краіне і беларускаму народу. Пажадаў аптымізму, натхнення і заслужаных перамог.






Арганізатар конкурсу — аддзел ідэалагічнай работы і па справах моладзі Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта. Мерапрыемства ініцыявана з мэтай садзейнічання прафесійнай і сацыяльнай адаптацыі маладых спецыялістаў, развіцця іх творчай актыўнасці і рэалізацыі творчага патэнцыялу. Конкурсная праграма складалася з 4 этапаў: загадзя яе ўдзельнікі рыхтавалі відэаролікі, якія адлюстроўвалі спецыфіку работы па прафесіі і асаблівасці працы ў арганізацыі, куды накіраваны па размеркаванні малады спецыяліст, інтэлектуальны конкурс “У свеце прафесій”, творчы конкурс і конкурс “Лепшыя балельшчыкі”.





У ходзе ацэньвання выступленняў строгае журы ўлічвала артыстычнасць, змястоўнасць, выкарыстанне касцюмаў і тэхнічнае суправаджэнне.
У прапанаваных спаборніцтвах канкурсанты праявілі небывалы артыстызм і крэатыў, раскрылі сябе з нечаканага боку. Паспяховыя, таленавітыя, амбіцыйныя… Кожны канкурсант прадставіў творчы нумар, падчас якога адчуў сябе сапраўдным артыстам.
Хто б мог падумаць, што ў Вікторыі Шпакоўскай і Ангеліны Майсак цудоўны голас і яны выдатна спяваюць, а майтэрствам харэаграфіі валодае Юстына Янкоўская. Арына Ханько праявіла сябе як цудоўны дыкламатар, а Вікторыя Кіпцэвіч у дасканаласці валодае народным вакалам.







Маладыя спецыялісты спявалі, танцавалі, расказвалі вершы, смела бліснулі сваімі сцэнічнымі здольнасцямі і падарылі гледачам і балельшчыкам нямала прыемных, а часам і кранальных да слёз момантаў.

– Мы прыемна здзіўлены актыўнасцю і талентам маладых людзей, – выказаўся старшыня журы Яўген Чыкан. – Кожны з вас змог вылучыць разыначку ў сваёй прафесіі. Мы верым, што ваш выбар усвядомлены і ў будучым сваім прыкладам вы будзеце запальваць і натхняць іншых маладых спецыялістаў. Жадаем вам поспехаў, заўсёды ісці наперад і ніколі не здавацца.
Членам журы канкурсанты задалі, безумоўна, складаную задачу. Выбраць лепшых аказалася няпроста. І ўсё ж пераможцамі па выніках конкурсу сталі Вікторыя Кіпцэвіч, якая атрымала Дыплом І ступені, Дыпломам ІІ ступені ўзнагароджана Арына Ханько, Дыплома ІІІ ступені ўдастоена Юстына Янкоўская. Члены журы ўручылі ўсім удзельнікам памятныя прызы ад аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама, раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”.





– Конкурс – вельмі сур’ёзнае і важнае мерапрыемства для кожнага ўдзельніка, – дзеліцца сваімі уражаннямі пераможца Вікторыя Кіпцэвіч. – Не апісаць словамі ўвесь спектр эмоцый і пачуццяў, якія я адчула. Гэта і хваляванне, і радасць, і пачуццё эмацыйнай задаволенасці ад таго, што маё выступленне спадабалася і журы, і гледачам. Прыемная была падтрымка калег. На мой погляд, конкурс паказаў, што ў нас у раёне жывуць і працуюць самыя лепшыя і выдатныя маладыя спецыялісты, да таго ж вельмі таленавітыя. Дзякуй арганізатарам за свята для нас!

Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара