В Кореличской районной библиотеке прошли ХV Кореличские краеведческие чтения

13 снежня  на базе  Карэліцкай раённай бібліятэкі прайшлі  ХV Карэліцкія краязнаўчыя чытанні “Карэліцкі край: гісторыя, культура, людзі”, якія сабралі  тых, каго цікавяць і хвалююць невядомыя, малавядомыя або забытыя старонкі культурна-гістарычнай спадчыны роднага краю, яго сучаснасць.

З прывітальным словам да прысутных звярнуліся загадчык сектара культуры Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта Наталля Шпакоўская і загадчык аддзела гісторыі Беларусі IX-XVIII стагоддзяў і археаграфіі дзяржаўнай навуковай установы “Інстытут гісторыі НАН Беларусі” Аляксандр Доўнар, якія у сваіх выступленнях адзначылі  значнасць мерапрыемства.

— Краязнаўства – гэта вялікая частка гісторыі. Яна з’яўляецца своеасаблівым ланцужком паміж сучаснасцю і мінулым,  дазваляе выхоўваць патрыёта і грамадзяніна на прыкладзе жыцця,  дзейнасці тых, хто праславіў нашу Карэліччыну, нашых дзядоў і прадзедаў, дзяржаўных і сямейных традыцый, – гаварылі прамоўцы і выказалі спадзяванне, што  сустрэча  будзе плённай, бо яна аб’ядноўвае тых, хто шчыра зацікаўлены ў вывучэнні гісторыі роднага краю і праводзіць актыўную работу ў гэтым кірунку.

Падчас працы канферэнцыі свае краязнаўчыя напрацоўкі прадставілі дзесяць   удзельнікаў розных узроставых катэгорый. Выступаючыя  звярталі  ўвагу на  гістарычныя вехі развіцця Карэліччыны.

Так, напрыклад, настаўнік гісторыі ДУА ”Сярэдняя школа г.п. Мір імя Г.І. Сташэўскай” Валерый Брант прадставіў даследаванне “Страчаныя аб’екты гісторыка-культурнай спадчыны г.п. Мір апошняй чвэрці XIX-XX ст.ст.” Важнасць узнятай тэмы акрэсліў вельмі слушнымі словамі: ”Гісторыя – цудоўны настаўнік, але  яна вельмі строга карае за нявывучаныя ўрокі. А для таго, каб гэта вучэнне было карысным, гісторыю трэба ведаць, прычым усю гісторыю.”

Цікавую старонку жыцця нашага краю адкрыў вучань СШ № 1 райцэнтра Мацвей Горбік, які прайшоўся турыстычным машрутам па помніках прыроды Карэліцкага раёна.

  Краязнаўца, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Святлана Кошур раскрыла асветніцкую дзейнасць святара Карэліцкай царквы  Андрэя Чарнякоўскага.

— Старанны і дбайны святар, таленавіты прапаведнік і добразычлівы чалавек, Андрэй Чарнякоўскі быў выдатным педагогам і псіхолагам, дапамагаў людзям весці праведны лад жыцця, падтрымліваў тых, хто меў у гэтым патрэбу. Яго слова часта трапляла на ўрадлівую зямлю, прарастала і прыносіла добры плён,. – падкрэсліла значнасць асобы прамоўца.

Студэнт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы  Мікіта    Ляўковіч  паглыбіўся ў гісторыю Беразавецкай царквы Святой Троіцы і  спыніўся на лёсах  людзей, якія тым ці іншым чынам  звязаны з ёй.

У выступленнях  краязнаўцаў   знайшлі  таксама водгук і тэма Вялікай Айчыннай вайны, і перспектывы развіцця Карэліччыны ў галіне агратурызму.

 

Цёплая атмасфера,  новыя знаёмствы, зварот да гістарычнай спадчыны нашага краю, дыялог аднадумцаў,  абмен вопытам — усё гэта  надоўга застанецца ў памяці ўдзельнікаў  чытанняў  і, безумоўна, дапаможа адкрываць новыя гарызонты ў вывучэнні гісторыі   Карэліччыны.

Кацярына КУКАНАВА

Фота аўтара