В выставочном зале ГУ «Кореличский районный Центр культуры и народного творчества» прошла выставка вытинанки Натальи Климко
У снежні бягучага года адбылася значная падзея: беларуская выцінанка ўвайшла ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Рашэнне аб уключэнні беларускага мастацтва выразання з паперы, вядомага як “выцінанка”, было прынята 4 снежня Міжурадавым камітэтам па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА падчас 19 сесіі ў Парагваі і стала шостым беларускім элементам у Спісе ЮНЕСКА.
У Гродзенскай вобласці носьбітамі мастацтва выцінанкі з’яўляюцца 12 майстроў. Сярод іх вядомая ў нашым раёне майстар Таццяна Маклюк і сённяшняя госця Наталля Клімко з аддзела рамёстваў дзяржаўнай установы культуры “Навагрудскі раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці”, якая мае ганаровае званне “Народны майстар Рэспублікі Беларусь”. Вырабы Наталлі Аляксандраўны характарызуюцца арганічным увасабленнем калектыўнага мастацкага вопыту народа, маюць выразную нацыянальную самабытнасць і мастацкую вартасць.
Адкрыла выставу загадчык сектара культуры Карэліцкага райвыканкама Наталля Шпакоўская, якая адзначыла, што выцінанка звычайна ўспрымаецца яе традыцыйнае народнае мастацтва выразання з паперы. Але сёння яна асвойвае новыя прасторы нашага жыцця.
Адраджаць традыцыйную спадчыну Навагрудчыны – дэкаратыўнае ўпрыгоджванне вокнаў тэхнікай мастацтва выбівання ўзораў на паперы “выцінанкі –выбіванкі” — пачала Ніна Пятроўна Шурак. У даваенны час, з-за адсутнасці матэрыялаў, а часта і фінансавых сродкаў у сям’і з паперы рабілі фіранкі, упрыгожванні на абразы, на покут. Працоўным інструментам майстрыхі з’яўляўся шырокарасплюшчаны цвік, малаток і дубовая дошка. Так адрадзілася ўнікальная тэхніка выцінанкі, якой у 2014 годзе быў нададзены статус нематэрыяльна-культурнай спадчыны “Навагрудская выцінанка-выбіванка”.
— Мастацтва выцінанкі ўпершыню з’явілася ў Кітаі, дзе вынайшлі паперу, — адзначыла Наталля Клімко. — Сёння мастацтвам выцінанкі ў гэтай краіне займаюцца цэлыя правінцыі. Да нас яно дайшло ў кустодзіях — пячатках вялікіх князёў Літоўскіх, якія ставілі на важных дакументах. Каб пячатку нельга было падрабіць, пад яе падкладалі невялічкую выцінанку з выразанымі ўзорамі. У Навагрудку на кірмашы прадаваліся гатовыя выразанкі з паперы, складзенай у некалькі разоў з выразанымі на ёй узорамі. Калі паперу разгортвалі, атрымлівалася цудоўная выцінанка на акно, якая называлася фіранкаю. Такія ўзоры на вокнах з’явіліся ў канцы ХІХ стагоддзя, калі ў хатах з’явіліся коміны і хаты сталі чыстымі. Навагрудская тэхніка адрозніваецца тым, што ўзоры не выразаюцца нажніцамі, а выбіваюцца з дапамогай малаточка. Ніна Пятроўна Шурак рабіла іх з дапамогай расплюшчанага цвіка. У пасляваенны час выкарыстоўваліся гільзы ад куль. Такія выбіванкі рабіліся і на Карэліччыне.
Сёння верныя дапаможнікі майстрыхі — стамескі, зубільцы, адвёрткі, шыла. У рамках выставы паспрабаваць вывесці ўзор на выбіванцы змаглі ўсе жадаючыя.
Сяргей СТОЛЯР
Фота аўтара