17 декабря — 100 лет киностудии «Беларусьфильм». Какие отечественные фильмы кореличчане любят больше всего


Прафесійнае свята рэспубліканскіх кінематаграфістаў было ўстаноўлена Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі ў 1994 годзе. Дата для свята выбрана не выпадкова. Менавіта 17 снежня 1924 года выйшла пастанова Савета Народных Камісараў “Аб кінавытворчасці ў БССР”. У той жа дзень пры Наркамасветы было створана Дзяржаўнае ўпраўленне па справах кінематаграфіі і фатаграфіі — “Белдзяржкіно”. Былі зняты першыя хранікальныя кадры пра падзеі тых гадоў.
У 1928 годзе была заснавана кінастудыя “Савецкая Беларусь”, а ў 1996 годзе кінастудыя атрымала новую назву — “Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм”. Работы беларускіх кінематаграфістаў неаднаразова былі адзначаны ўзнагародамі розных міжнародных фестываляў.
Сёння Беларусь па праве ганарыцца многімі таленавітымі рэжысёрамі, акцёрамі, мастакамі і аператарамі, якія стварылі сваёй працай залаты фонд нацыянальнага кіно рэспублікі. Але не адстае ад іх і сучаснае пакаленне — з’яўляюцца новыя імёны і карціны, якія з поспехам удзельнічаюць у розных прэстыжных кінафорумах.


Наколькі блізкія кінастужкі, знятыя на “Беларусьфільме”, карэліччанам? Адказ на гэтае пытанне шукала карэспандэнт раённай газеты “Полымя”.

Загадчык аддзела культуры і вольнага часу Карэліцкага маладзёжнага цэнтра культуры Таццяна Коўжуць сказала:
— З беларускіх карцін магу назваць дзіцячыя, на якіх выхоўвалася наша пакаленне: “Казка пра зорнага хлопчыка”, “Пра Чырвоную Шапачку”, “Па сакрэце ўсяму свету”, “Корцік”, “Бронзавая птушка”, увогуле, іх мноства. Лёгкія, цікавыя фільмы, якія вучаць дабрыні, ветлівасці, смеласці. А яшчэ люблю фільмы пра вайну. З айчынных падабаюцца “Альпійская балада”, “Дняпроўскі рубеж”, “Снайпер”. Не пакінула раўнадушнай драма “У жніўні 44-га…”: цудоўна падабраны састаў акцёраў, добры сюжэт. Рэалістычна і жыва знята, такое адчуванне, што знаходзішся ў цэнтры падзей. Уразіла і запомнілася кінастужка “Дзяўчынка шукае бацьку”. Увогуле, хочацца адзначыць ролю любога цікавага фільма, які расказвае пра лёсы, нашым мінулым і сучасным. Нельга не адзначыць і класіку савецкага кіно — камедыю Ігара Дабралюбава «Белыя росы». Гэта адна з самых касавых айчынных карцін. Усенародную любоў стужка атрымала дзякуючы кранальнаму паказу жыхароў беларускай вёскі, уклад жыцця якіх разбураецца з надыходам урбанізацыі.


Відэадэманстратар Карэліцкага маладзёжнага цэнтра культуры Святлана Жэбрак падзялілася:
– Хоць і не вельмі люблю ваенную тэматыку, але фільм “Брэсцкая крэпасць” мяне вельмі ўразіў. Выдатная здымка. Ролю кіно ў жыцці чалавека нельга пераацаніць. Таму што ўсе самыя глыбокія, яркія і вобразныя сэнсы можна данесці менавіта дзякуючы сцэнам, якія выкарыстоўваюцца ў кінематаграфіі. І таму пацвярджэнне – з’яўляюцца нашы фільмы, якія выйшлі ў пракат у бягучым і мінулым годзе. Сярод іх – драма “На другім беразе”, якая раскрывае гістарычную праўду пра ўз’яднанне Усходняй і Заходняй Беларусі. Таксама кінакарціна “Час вярнуцца”, якая расказвае пра падзеі ваеннага ліхалецця, подзвіг народа і аперацыю “Баграціён”, якая дазволіла вызваліць нашу краіну ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Ёсць цікавыя маладзёжныя праекты. Нядаўна мы ўсе знаёміліся з кароткаметражным фільмам “Культурны код”, працай, якая даносіць глыбокі сэнс нашай беларускай сімволікі. Як бачым, работы сучаснага беларускага кінематографа разлічаны на розны ўзрост гледача і маюць важны сэнсавы накірунак, ён вучыць і не проста расказвае, а выхоўвае пачуццё гонару за нашу краіну.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара