Сервис электрических машин и аппаратов: как в Кореличском районе реализуется инициатива «Один район — один проект»

 

У 2022 годзе Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка даручыў пачаць рэалізацыю ініцыятывы «Адзін раён – адзін праект».
Гэта рашэнне стала знакавым для развіцця рэгіёнаў, складнікам для інвестыцыйнага цыкла кожнага рэгіёна. У рамках выканання даручэння Прэзідэнта ў пералік праектаў, якія рэалізуюцца ў 2021–2025 гадах на Гродзеншчыне, уключаны 21 праект з сумай інвестыцый на 2024 год – 91,1 млн рублёў. Кожны з іх прадугледжвае стварэнне не менш 20 дадатковых працоўных месцаў.

СКАЗАНА

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка:

— Ні ў якім разе не згортваем праграму “Адзін раён –адзін праект”. Усяго за два гады рэалізавана 47 праектаў, створана звыш 4,5 тыс. рабочых месцаў, больш за тысячу з іх — на Магілёўшчыне. Гэта была мая ініцыятыва і, як у народзе кажуць, я абавязкова дажму гэтую праграму.

На абласных “Дажынках-2024” у Клімавічах,

16 лістапада 2024 года.

На Карэліччыне прадпрыемствам, якое працуе ў гэтым накірунку, стала ЗАТ «Вольна». Больш за тры дзясяткі гадоў яно спецыялізуецца на сэрвісе электрычных машын і апаратаў і забяспечвае працаздольнасць электраабсталявання прамысловых і энергетычных аб’ектаў Беларусі. Вытворчыя магутнасці кампаніі дазваляюць ажыццяў­ляць якасны рамонт і тэхнічнае абслугоўванне электраабсталявання рознай складанасці і аб’ёмаў.

– Інвестыцыі па праекце скла­даюць 1 мільён рублёў, – кажа начальнік філіяла вытворчасці ў г.п. Карэлічы Вячаслаў Межань. – На дадзены момант укладзена каля 300 тысяч рублёў у капітальны рамонт будынка і амаль 150 тысяч у абсталяванне.

Вячаслаў Межань

ЗАТ “Вольна” — прадпрыемства, якое ідзе ў нагу з часам і пастаянна займаецца абнаўленнем абсталявання. Вопыт, пераняты ў сусветных кампаній-партнёраў, дазволіў “Вольна” заняць лідзіруючыя пазіцыі на рынку. Высокая якасць работ гарантуецца напрацаванымі ведамі і выкарыстаннем новых тэхналогій. Галоўная мэта кампаніі — максімальна задаволіць патрэбы заказчыкаў.

Электраманцёр Вадзім Сыч

— У наш час, каб стаць паспяховым, неабходна сачыць за развіццём тэхналогій, ісці ў нагу з часам і адпавядаць сучасным тэндэнцыям, — адзначае Вячаслаў Вячаслававіч. — Мы не прывыклі задавольвацца тым, чаго дасягнулі. Каб размаўляць з заказчыкам на адной мове, задавальняць яго патрэбы, неабходна, у першую чаргу, прадастаўляць якасныя паслугі.

У “Вольна” добра разумеюць: чым лепшыя і бяспечныя ўмовы на вытворчасці, тым вышэй якасць паслуг. У Карэліцкім філіяле правялі значныя работы па мадэрнізацыі, у якія ўкладзена шмат сіл і сродкаў. У выніку будынак значна змяніўся і набыў выгляд сучаснага прадпрыемства: адрамантаваны фасад, вытворчыя памяшканні, добраўпарадкоўваецца прылеглая тэрыторыя. Абноўлена і ўсё тэхнічнае абсталяванне, станкі, якія ўстарэлі, заменены новымі.

Слесар Аляксандр Піскус

Усе неабходныя складнікі для паспяховай работы ў Карэліцкага філіяла ёсць. Больш за тое, вопыт і тэхнічныя рашэнні, правераныя на практыцы, дазволілі аптымальна рэалізаваць вытворчы працэс і забяспечыць высокую якасць паслуг. Сярод заказчыкаў прадпрыемства — Мінскія цеплаэлектрацэнтралі № 3 і № 4, Віцебская ЦЭЦ № 2, Бабруйская ЦЭЦ № 2, вайсковыя часці, Ляхавіцкі льнозавод, Мінскі маторны завод, сельскагаспадарчыя і прамысловыя прадпрыемствы Карэліччыны.

Спецыяліст па рабоце з кліентамі Таццяна Бокша

— Мы імкнёмся задаволіць патрабаванні кожнага заказчыка, выконваем работу якасна і прадастаўляем шасцімесячную гарантыю, — кажа Вячаслаў Межань.

Сэрца любога прадпрыемства — яго работнікі. У прафесіяналізме вопытнай каманды Карэліцкага філіяла сумнявацца не даводзіцца. Электраманцёр па рамонце абмотак і ізаляцыі электраабсталявання Галіна Сенька працуе на прадпрыемстве з 1997 года:

Галіна Сенька

— Пачыналі ў невялікім пакойчыку з печкай. Цяпер — у адрамантаваным будынку. Работа няпростая. Нельга нервавацца, неабходна захоўваць спакой, інакш нічога не атрымаецца. Спешка — таксама непатрэбная якасць. Важна выконваць свае абавязкі спакойна і размерана.

Электраманцёр Алена Піскус

Вячаслаў Межань дадае, што новыя работнікі павінны прайсці навучанне тэрмінам ад трох да шасці месяцаў:

— Галоўнае ў нашай справе — прафесіяналізм і адказнасць. Нам неабходны электраманцёры па рамонце абмотак і ізаляцыі электраабсталявання. Гэта праца для ўседлівых і руплівых людзей. Так што будзем рады бачыць карэліччан у сябе на вытворчасці.

Энергетыка — дастаткова перспектыўная сфера. І кіраўніцтва кампаніі “Вольна” актыўна праводзіць прафарыентацыйную працу сярод моладзі. Таксама заўсёды адкрыты для супрацоўніцтва і Карэліцкі філіял.

КРАІНА для народа

У 2024 годзе ажыццёўвалася рэалізацыя 180 інвестыцыйных праектаў па прынцыпе «Адзін раён — адзін праект» на агульную суму 7,16 млрд рублёў са стварэннем 8,1 тыс. працоўных месцаў (усяго 208 праектаў, з якіх 28 завершаны ў 2021-2023 гг., створана 1,9 тыс. працоўных месцаў). У студзені-кастрычніку 2024 г. завершана рэалізацыя 22 праектаў, аб’ём асвоеных інвестыцый склаў 474,2 млн рублёў, па выніках іх рэалізацыі створана 740 працоўных месцаў.

Сяргей СТОЛЯР

Фота аўтара