Да 85-годдзя Карэліцкага раёна. Першыя крокі станаўлення

25 лістапада 2025 года наш родны Карэліцкі раён адзначае свой знакавы юбілей — 85 гадоў з дня ўтварэння. Сёння мы пачынаем успамінаць слаўныя старонкі яго станаўлення.

Пасля верасня 1939 года на тэрыторыі заходніх абласцей Беларусі перш за ўсё былі створаны органы ўлады і кіравання, уведзены новы адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел — утвораны вобласці і раёны, а ў лютым-сакавіку наступнага года — сельсаветы. Часовыя ўпраўленні гарадоў і паветаў і Сялянскія камітэты валасцей і вёсак (як часовыя органы рэвалюцыйнай улады) спынілі сваю дзейнасць і перадалі паўнамоцтвы Саветам дэпутатаў працоўных.

15 студзеня 1940 года з’явіўся Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР «Аб утварэнні раёнаў у Баранавіцкай, Беластоцкай, Брэсцкай, Вілейскай і Пінскай абласцях Беларускай ССР». У склад Баранавіцкай вобласці ўвайшло 26 раёнаў, сярод іх Валеўскі з раённым цэнтрам у сяленні Валеўка і Мірскі — з раённым цэнтрам у гарадскім пасёлку Мір.

12 красавіка 1940 года Валеўскі раён быў падзелены на 14 сельсаветаў: Валеўскі, Вялікакосіцкі, Варанчанскі, Дальнаруцкі, Запольскі, Карэліцкі, Малюшыцкі, Машэвіцкі, Міраціцкі, Асташынскі, Райцаўскі, Руткавіцкі, Цырынскі, Ятранскі. 25 лістапада цэнтр раёна з в. Валеўка быў перанесены ў в. Карэлічы і раён перайменаваны ў Карэліцкі. (Адміністрацыйна-тэрытарыяльнае ўстройства БССР, т. 1, Мн., «Беларусь», 1985, стар. 168).

Мірскі раён 12 красавіка 1940 года быў падзелены на 12 сельсаветаў: Ярэміцкі, Жухавіцкі, Крышылоўшчынскі, Некрашэвіцкі, Аюцавіцкі, Прылуцкі, Сімакаўскі, Сіняўскі, Скорыцкі, Слабодскі, Турэцкі, Ушанскі. (Там жа, стар. 188).

На канец 1940 года ў Карэліцкім раёне налічвалася 37058 чалавек, у Мірскім — 35162 жыхара (гарадскога насельніцтва 6437, сельскага — 28725 чалавек).

24 сакавіка 1940 года адбыліся выбары ў Вярхоўныя Саветы СССР і БССР ад заходніх абласцей Беларусі. Дэпутатамі Вярхоўнага Савета БССР ад Баранавіцкай вобласці сярод іншых былі выбраны Ласко Фама Іосіфавіч (Валеўская акруга), Гаўрыловіч Людміла Андрэеўна (Мірская акруга), Царук Уладзімір Зянонавіч (Стаўбцоўская акруга).

У.З.Царук

15 снежня 1940 года прайшлі выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў працоўных.

У Мірскім раёне кандыдатамі ў абласны, раённы і сельскія Саветы дэпутатаў працоўных было вылучана 307 чалавек, сярод іх 74 жанчыны. Акруговыя выбарчыя камісіі зарэгістравалі кандыдатамі ў дэпутаты 280 беларусаў, 14 яўрэяў, 4 палякаў і 6 рускіх. Па сацыяльнаму становішчу састаў кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў быў наступны: 10 рабочых, 39 калгаснікаў, 211 сялян-беднякоў і сераднякоў. З іх ліку — 23 камуністы, 13 камсамольцаў і 266 беспартыйных. Кандыдатамі ў дэпутаты Мірскага раённага Савета былі вылучаны намеснік старшыні калгаса імя 17 Верасня Алена Васільеўна Куневіч, старшыня калгаса «Першае Мая» Ушанскага сельсавета Уладзімір Іосіфавіч Штыцько, былы член КПЗБ, дырэктар млына Павел Арсеньевіч Жалезняковіч, які 13 гадоў прасядзеў у польскіх турмах за палітычную дзейнасць. (Вылучаны працоўнымі вёскі Рап’ёва Турэцкага сельсавета). («Чырвоная Звязда», 27 лістапада 1940 года).

У Валеўскім раёне калгаснікі калгаса «Першае Мая» вылучылі кандыдатам у дэпутаты абласнога Савета па Карэліцкай выбарчай акрузе № 21 старшыню калгаса Гладкага Івана Фёдаравіча. Кандыдатамі ў Асташынскі сельскі Савет былі вылучаны лепшыя калгаснікі: Ганна Казёл, Павел Гладкі і Павел Сачко, кандыдатам у раённы Савет — калгасніца Марчук Марыя. («Чырвоная Звязда», 15 снежня 1940 года).

На працягу лістапада 1939-студзеня 1940 года ў заходніх абласцях ствараюцца абласныя, раённыя і гарадскія камітэты партыі. Партыйныя арганізацыі ўзначалілі прысланыя з усходніх раёнаў партыйныя кадры. Так, першым сакратаром Мірскага РК КП(б)Б стаў Сосінаў Еўна Ісакавіч, былы кіраўнік справамі мастацтваў пры СНК БССР. Першым сакратаром Валеўскага райкама партыі быў Дзянісаў Гаўрыла Фядосавіч — былы другі сакратар Багушэўскага райкама партыі. (ДА Брэсцкай вобласці, ф. 7580. воп. 1, спр. 49, стар. 20, 53).

1 лютага 1940 года — дзень нараджэння камсамольскай арганізацыі Валеўскага раёна (сакратар РК ЛКСМБ Чучынскі). Тады ў яе саставе было 5 членаў УЛКСМ. Па стану на 1 верасня, у раёне ўжо налічвалася 13 пярвічных камсамольскіх арганізацый (у тым ліку — 6 калгасных), на ўліку ў якіх стаяла 104 чалавекі. У той жа час была створана піянерская арганізацыя Валеўскага раёна. Па стану на 1 верасня, дзейнічалі 4 піянерскія атрады, у склад якіх уваходзіў 81 піянер. Камсамольцы раёна прымалі актыўны ўдзел у гаспадарчым будаўніцтве. Яны  працавалі ў калгасах, актыўна дапамагалі сельсаветам, удзельнічалі ў нарыхтоўцы сельгаспрадуктаў, праводзілі работу па рэалізацыі пазыкі 3-й пяцігодкі выпуску трэцяга года, прымалі ўдзел у рамонце школ і забеспячэнні іх палівам. (Запольская і Ятранская школы). (ПАІГП пры  ЦК КПБ, ф. 716, воп. 1, спр. 26, стар. 128, 129, 130).

Камсамольская арганізацыя Мірскага раёна пачала дзейнічаць з 10 лютага 1940 года. Спачатку ў ёй было 5 членаў, якія прыбылі з усходніх абласцей. У верасні 1940 года на тэрыторыі раёна існавала 15 пярвічных арганізацый, у тым ліку 4 калгасныя. Яны налічвалі ў сваіх радах 113 камсамольцаў — 45 чалавек прыбыло з усходніх абласцей, 88 прынята з асяроддзя актыўнай сялянскай моладзі. На той жа момант у г. п. Мір існавала 3 піянерскія атрады, у якіх налічвалася 149 піянераў. (Там жа, спр. 25, стар. 3, 8).

Сямён Нос, Павел Жалезняковіч, Уладзімір Царук у Равіцкай турме, 1930 г.

Святлана КОШУР

Фота з адкрытых інтэрнэт-крыніц

(Працяг будзе)