Рождественские традиции многодетной семьи настоятеля Кореличского Петропавловского храма Игоря Пирога

За акном стаіць зусім не зімняе надвор’е, рэдкія сонечныя дні змяняюцца слотай, нязвыклай для студзеня маркотай. Але гэта не перашкаджае нам жыць чаканнем незвычайна чуллівага, цёплага свята — Нараджэння Хрыстова, і не ўсплывае на перадсвяточны настрой. Прырода ж стараецца па-свойму ўзняць яго: то сыпне знянацку дробным сняжком, і тут жа, быццам засаромеўшыся свайго ўчынку, спяшаецца ачысціць нябёсы ад хмараў, засмяецца пробліскам сонечных праменняў. А неяк і наогул здзівіла: прыслала пад вокны нашага дома снегіра-прыгажуна (рэдкая з’ява сёння), вестуна добрых падзей, тым самым дабавіўшы светлага настрою. Істота кожнага з нас напаўняецца таінствам гэтых урачыстых калядных дзён, прасякнутых неверагоднай глыбінёю і сэнсам, і мы заўсёды з нецярпеннем і радасцю чакаем гэтыя шчаслівыя імгненні, калі па-асабліваму ўспрымаюцца такія простыя чалавечыя пачуцці, як міласэрнасць, спачуванне, самаадданасць і цярплівасць, калі пад мелодыю званоў збяромся ў коле сям’і і за святочным сталом.

Будзем дзяліцца добрымі думкамі і пачуццямі з роднымі і блізкімі, чыя падтрымка і любоў дапамагаюць у жыцці, даюць упэўненасць у заўтрашнім дні, умацоўваюць веру ў свае сілы. Абавязкова наведаем храм, каб пранікнуцца духоўнай напоўненасцю ўрачыстых богаслужэнняў, малітваў і пропаведзяў святара. А зараз, напярэдадні Калядаў, істота патрабуе пераасэнсавання значнасці свята, асаблівасцей падрыхтоўкі і яго святкавання ў адпаведнасці з выпрацаванымі вякамі народнымі і сямейнымі традыцыямі, якія спрыяюць сувязі пакаленняў.

Менавіта таму з вялікім задавальненнем прыняла прапанову рэдакцыі сустрэцца з настаяцелем храма святых апосталаў Пятра і Паўла г.п. Карэлічы, іерэем Ігарам і матушкай Людмілай, каб, што называецца, з першых вуснаў пачуць адказы на няхай і не новыя, але ва ўсе часы актуальныя пытанні, патрабуючыя кваліфікацыйнага тлумачэння. Размова атрымалася цікавай; шчырасць, цеплыня сэрцаў айца Ігара і матушкі стварылі атмасферу непасрэднасці, светласці, дабрыні, падарылі ўнутраную радасць. І здалося: на вуліцы засвяціла сонца ад суладдзя думак маіх суразмоўцаў, глыбіні меркаванняў, прыцягальнай прыгажосці іх пачуццяў…

Хрыстос прыйшоў на зямлю для выратавання людзей

Рыхтуючыся да любой урачыстасці, мы заўсёды адчуваем прыўзняты настрой і непадробную радасць: чакаючы жаданых гасцей, праводзім генеральную ўборку, рыхтуем любімыя стравы, падарункі. І ўсё ж калядны настрой і калядная радасць — асаблівыя. Што таіцца за імі, якім сэнсам яны напоўнены? З гэтых вечных пытанняў і пачалася наша размова. «Так, — пагаджаецца айцец Ігар, — падрыхтоўка да свята Нараджэння Хрыстова, яго святкаванне — асаблівыя і дораць нам асаблівы настрой і радасць, таму што заснаваныя яны ў першую чаргу на ўсведамленні місіі Хрыста, які прыйшоў калісьці на зямлю для выратавання чалавецтва, бо яно знаходзілася ў цяжкім стане і самастойна не магло справіцца з тым, каб змяніць ход гісторыі. Патрэбна была дапамога звыш. Хрыстос паказаў прыклад, выказаў да нас клопат і любоў, стаў Уладыкам Сусвету, Царом цароў. У адказ мы павінны выказваць узаемныя пачуцці, дзякаваць Богу, старацца быць падобнымі на яго. Гэтымі днямі важна прымірыцца з усімі, усім дараваць, пайсці насустрач адзін аднаму. У нашых сэрцах павінны прысутнічаць добразычлівасць, малітвы за іншых, жаданне дапамагчы адзін аднаму. А ўсё гэта абавязкова прывядзе да канкрэтных спраў, якія падобныя на справы Хрыста. Вось у чым і крыецца найвялікшая радасць».

Душа павінна прыбрацца да свята…

Айцец Ігар дадае: «Немалаважна памятаць аб адной з галоўных традыцый, заснаванай нашымі продкамі: мы павінны сустрэць свята з чыстай душой, таму ў перадсвяточны перыяд неабходна правесці рэвізію стану сваёй душы, духоўна ачысціцца ад грахоў, чаму якраз і спрыяе прытрыманне посту. А пост — гэта не толькі ўстрыманне ад пэўнай ежы, а перш за ўсё чысціня намераў і ўчынкаў». У сувязі са сказаным прыгадаліся мудрыя словы Льва Талстога: «…кожны чалавек — алмаз, які можа ачысціць і не ачысціць сябе. У той меры, у якой ён ачышчаны, праз яго свеціць вечнае святло. Значыць, справа чалавека не старацца свяціць, а старацца ачышчаць сябе.» Дарэчы, прагучаў напамін свяшчэннаслужыцеля і матушкі, як правесці дзень самага строгага паста — 6 студзеня, Куцці. У гэты дзень не ядуць да першай зоркі, аддаючы даніну памяці Віфлеемскай зорцы, якая паказала вешчунам шлях да месца нараджэння немаўляці Іісуса. Веруючыя рыхтуюцца да споведзі і прычасці. Самая галоўная страва вячэры, якая традыцыйна складаецца з 12 найменняў (па колькасці апосталаў) — сочыва або куцця — посная каша з зярнятаў пшаніцы, мёду і маку. Можна дабаўляць арэхі, разынкі, сухафрукты, аднак тры першыя кампаненты павінны быць абавязкова, бо яны маюць сімвалічнае значэнне: пшаніца — жыццё, мёд — дабрабыт, шчасце, мак — дастатак. З куцці пачынаецца вячэра. Стол накрываецца даматканым абрусам, пад яго кладзецца сена (такім чынам сімвалізуюцца яслі ў хляве, дзе з’явіўся на свет Іісус); на стол абавязкова ставіцца Калядная свечка. Пасля вячэры пажадана наведаць храм падчас начнога богаслужэння і ўрачыстай святочнай літургіі. Гэтая служба прасякнута асаблівым настроем, яна перадае дух сустрэчы Збавіцеля са светам, нараджае асаблівыя пачуцці ў душы, сярод якіх самае галоўнае — падзяка Богу, любоў да Яго. Гэта і павінна напоўніць нашы сэрцы. Калі няма магчымасці прыняць удзел у начным богаслужэнні, зрабіць можна гэта раніцай ці паглядзець трансляцыю ўрачыстасці па тэлебачанні. Пасля Нараджэння Хрыстова ў праваслаўных пачынаюцца 12-дзённыя Святкі, у якія традыцыйна прынята маліцца, славіць Хрыста, каледаваць і весяліцца.

… Сям’я — гэта малая царква, частка і вобраз Царквы Сусветнай…

На думку айца Ігара і матушкі Людмілы, ёсць і яшчэ адна асаблівасць у сэнсавай глыбіні любімага ў народзе свята: яно спрыяе ўмацаванню духоўнага багацця сям’і, моцы, згуртоўвае яе. Пахвальна, калі дзеці разам з татам і мамай наведваюць храм, змалку прызвычайваюцца да споведзі, прычасці. Там, лічаць яны, дзе жыве Вера ў Бога, дзе сямейныя ўзаемаадносіны грунтуюцца на фундаменце агульначалавечых каштоўнасцей, вырастаюць цудоўныя дзеці, — залог будучага дзяржавы; яны ніколі не здзейсняць дрэнных учынкаў. Менавіта такім сэнсам напоўнены малітвы падчас богаслужэнняў і пропаведзі, з якімі звяртаецца свяшчэннік да вернікаў.

Айцец Ігар родам з Віцебшчыны, матушка — з Брэстчыны, выраслі ў простых сем’ях, дзе ў пашане былі і ёсць працавітасць, сумленнасць, паважлівасць да людзей, дабрыня, шанаванне Законаў Божых. Таму не дзіўна, што Ігар і Людміла сваё жыццё прысвяцілі служэнню Богу. Абое вучыліся ў Жыровіцкай семінарыі, там і пазнаёміліся. Пасля пяці гадоў сяброўства пажаніліся. Айцец Ігар спачатку служыў у Слоніме, пасля амаль 17 гадоў — у Навагрудскай Барыса-Глебскай царкве, з мая 2024 года — настаяцель храма святых апосталаў Пятра і Паўла г.п. Карэлічы. У іх сям’і падрастаюць трое дзяцей, іх радасць і шчасце. Старэйшая дачка Дар’я вучыцца ў Навагрудскім каледжы, Мікалай — школьнік, Максімка наведвае дзіцячы садок. У кожнага з іх — свае інтарэсы і здольнасці, свае характары, агульнае ж у тым, што яны цягнуцца да добрага, хочуць быць падобнымі на маму і тату, дапамагаюць ім па доме, стараюцца, каб іх цанілі па канкрэтных справах і дома, і сярод людзей, жывуць  здаровымі інтарэсамі. Любяць, як і тата, рыбалку і баню, вучацца ў яго сталярнаму майстэрству; як мама, трымаюць дом у парадку, працуюць на агародзе разам з бацькамі, ездзяць у грыбы і ягады. «Для нас галоўнае, — кажа матушка Людміла, — закласці ў асобе дзетак веру ў Бога, таму дзеці рэгулярна наведваюць храм, ходзяць да споведзі, прычашчаюцца, посцяць. У свята Нараджэння Хрыстова мы з мужам стараемся, каб, як і ў доме нашых бацькоў, у пакоі вітаў пах сена на Куццю, смачны пах простых страў, якія гатуюцца да святочнага стала. Галоўная ж наша мара,  каб сыны і дачка сталі сапраўднымі людзьмі: добрымі, працалюбівымі, сумленнымі. Важна не тое, якую адукацыю яны атрымаюць, а тое, як будуць выхаваны ў сям’і, важна данесці да іх свядомасці, што:

… Умение любить — талант от Бога.

Умение жалеть — от доброты.

Умение прощать, не зная срока, —

От мудрости и нежности души.

Да слоў матушкі далучаецца айцец Ігар: «Сапраўды, самае вялікае шчасце для кожнага чалавека — гэта моцная сям’я, гэта калі не хварэюць родныя і блізкія, гэта калі ў сям’і лад і ўзаемаразуменне. Хачу прыгадаць мудрыя словы Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Веніяміна, выказаныя ў адным з яго інтэрв’ю: «Сям’я — найвялікшы дар Бога чалавецтву. Менавіта сямейныя адносіны ствараюць спрыяльнае асяроддзе, у якім чалавек здольны навучыцца любові і ўзаемнай адказнасці.  Сям’ю называюць малой царквой — часткай і вобразам Царквы Сусвету. У ёй людзі знаходзяцца разам, моляцца, клапоцяцца адзін пра аднаго, стараюцца зразумець адзін аднаго; ва ўзаемнай пакорлівасці пераадольваюць свае недасканаласці. І благаслаўлёная Богам сям’я, у якой ёсць любоў, давер і згода, сапраўды можа стаць узорам раю на зямлі…»

Напрыканцы сустрэчы айцец Ігар выказаў шчырыя пажаданні з нагоды Нараджэння Хрыстова: «Няхай жаданае свята ўвойдзе ва ўсе нашы дамы і прыўнясе ў жыццё беларусаў радасць і шчасце. Няхай цяпло Каляднай свечкі напоўніць шчасцем нашы сэрцы. Давайце далучымся душою да песнапенняў, якія гучаць напярэдадні вялікага свята: Хрыстос нараджаецца — слаўце! Хрыстос з нябёсаў — сустракайце! Будзем у лікаванні сустракаць свята, дзякаваць Богу, дзяліцца радасцю з блізкімі! Добрага здароўя, шчаслівых узаемаадносін у сям’і і на рабоце. Згоды, узаемаразумення, міру на зямлі, любові! Давайце папросім у Бога, каб споўніліся нашы жаданні, падзякуем за кожны пражыты дзень, загадаем, каб заўтра ён быў не горшым за ўчарашні. Памолімся за выратаванне душы сваёй і ўсіх вернікаў».

Галіна КАЛТУНОВА