Одаренных учеников из Кореличского района с присуждением стипендии Белорусского фонда мира поздравила Герой Беларуси Марина Василевская

15 студзеня ў Маладзёжным цэнтры «Гродна» адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання стыпендыятаў Гродзенскага абласнога аддзялення ГА «Беларускі фонд міру».
Сёлета такой узнагароды былі ўдастоены 58 таленавітых навучэнцаў і студэнтаў устаноў адукацыі Гродзеншчыны, якія дабіліся выдатных вынікаў у навуковым, грамадскім, культурным, спартыўным жыцці. Сярод іх – два навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі Карэліцкага раёна: сямікласнік Марат Сачук з сярэдняй школы г.п. Мір імя Г.І. Сташэўскай і дзевяцікласніца Ева Марчук з сярэдняй школы № 2 г.п. Карэлічы.



Знакавай падзеяй для рабят падчас урачыстасці стала віншаванне Героя Беларусі Марыны Васілеўскай.
Марат – выдатнік вучобы. Ён не раз станавіўся пераможцам рэспубліканскіх конкурсаў. У скарбонцы дасягненняў юнака Дыплом III ступені абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу «Чалавек свайго лёсу»– да 100-годдзя В. Быкава ў намінацыі «Лепшы вершаваны твор», Дыплом I ступені рэспубліканскай анлайн-віктарыны “Старонкі памяці”. Ён прадстаўляў Карэліччыну на рэспубліканскім тэлевізійным праекце “Я ведаю!”. У саставе каманды ўстановы адукацыі прымаў удзел у раённым этапе XXV абласнога асінхроннага турніру інтэлектуальнай гульні «Што? Дзе? Калі?».


– Вельмі рады, што мае веды і ўменні ацанілі годна, – сказаў Марат і дадаў: – Гэта не толькі мая асабістая перамога. Хочацца выказаць шчырыя словы ўдзячнасці педагогам школы і бацькам, якія заўсёды дапамагалі і падтрымлівалі мяне. Толькі дзякуючы сумеснай мэтанакіраванай працы можна дасягнуць высокіх вынікаў і прызнання.
Ева Марчук – адна з лепшых вучаніц сярэдняй школы № 2 райцэнтра. Яна заўсёды праяўляе зацікаўленасць у набыцці новых ведаў. Сёлета дзяўчына стала пераможцам другога (раённага) этапу рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры, атрымала Дыплом III ступені ў абласным конкурсе работ даследчага характару “Крыштальная Альфа-2024″; Дыплом II ступені ў дыстанцыйнай алімпіядзе школьнікаў, прысвечанай 850-годдзю з дня нараджэння Еўфрасінні Полацкай, Дыплом III ступені ў раённай вучэбна-даследчай канферэнцыі «Шлях да пазнання”.


– Для мяне гэта стыпендыя – гонар і пахвала за працу і стараннасць. Яна абавязкова стане дадатковым стымулам праяўляць ініцыятыву і далей дэманстраваць свае веды, імкнуцца да новых вяршынь і перамог, – падзялілася Ева.