Пункт погляду журналіста: «Добрым быць зусім няпроста»

На тэму дабрыні напісана шмат. Чытаеш артыкулы — і радуешся за тых, хто здольны на высакародныя ўчынкі. Вершаваныя радкі паэтаў пра дабрыню прымушаюць задумацца, а выказванні на гэты конт імкнешся занатаваць. Сустрэча з добрым чалавекам надоўга застаецца ў памяці.
На Карэліччыне праведзена дабрачынная акцыя «Ад усёй душы», якая пераканала ў тым, што яна патрэбная. Пра людзей паважанага ўзросту праявілі клопат і ўвагу, ім уручылі падрункі. Сустрэчы ўскалыхнулі душы і падарылі добры настрой, за кожнай — канкрэтны чалавек са сваім лёсам і сваімі запытамі.

А ці імкнёмся мы ў паўсядзённым жыцці падтрымліваць тых, хто мае патрэбу ў клопаце, дапамозе, увазе? Ці памятаем пра ветэранаў працы, якія свае жыцці прысвяцілі любімай справе? Як ні кажыце, прыемна чалавеку ў паважаным узросце, калі яго запрашаюць на мерапрыемствы, прысылаюць паштоўкі са святамі ці тэлефануюць і цікавяцца здароўем і справамі. Іншы раз некалькіх слоў бывае дастаткова, каб у чалавека зноў засвяціліся вочы, і ён адчуў сябе шчаслівым.
Вялікую сілу мае добрае слова. Аб адносінах з іншымі часта мараць пажылыя, калі на пенсіі застаюцца адны ў сваёй хаце. Усё жыццё яны працавалі і адчувалі сваю патрэбнасць, зараз жа жывуць успамінамі і марамі. Вось бы ўсвядоміць іх дочкам і сынам, што дабрыня іх сэрцаў можа тварыць сапраўдныя цуды. Для гэтага трэба патэлефанаваць бацькам, яны чакаюць вестачкі ад дзяцей і ўнукаў, мараць пачуць іх голас, каб затым ізноў чакаць званка і візіту.
«Добрыя словы могуць быць кароткімі і лёгкімі, але іх рэха сапраўды бясконца», — адзначала Маці Тэрэза. Гэта пра тое, што трэба гаварыць адзін аднаму добрыя словы. Галоўнае, каб яны ішлі ад душы і закраналі струны другой — вось у гэтым і ёсць іх моц. Яны доўга будуць служыць слухачу, часта ўсплываючы ў памяці. З гэтай нагоды ўспамінаюцца сустрэчы з вяскоўцамі і іх размовы, шчырыя, адкрытыя, простыя. Як прымаўкі і прыказкі, у якіх вучымся жыццёвай мудрасці.
Добрымі настаўнікамі па жыцці з’яўляюцца і класікі рускай літаратуры. На пытанне «Што такое дабрыня?» знаходзім у іх адказ. «Дабро па ўказцы — не дабро», — пісаў Іван Тургенеў. Па меркаванні Максіма Горкага, «дабрыня — яна вышэй за ўсе даброты». Дык чаму ж мы не заўсёды спяшаемся тварыць добрыя ўчынкі? Альбо марым, каб нас пахвалілі ці пра гэта даведалася шмат людзей?
Наконт гэтага вось як тлумачыць Амар Хайям: «Калі ты за дабро падзякі чакаеш — ты не дорыш дабро, ты яго прадаеш». Таму, магчыма, людзі, якія маюць дачыненне да спраў міласэрнасці, не спяшаюцца гаварыць пра сябе. Галоўнае для іх — дапамагчы людзям. Існуе яшчэ выказванне мысліцеля на гэты конт: «Не вер таму, хто гаворыць прыгожа, у яго словах заўсёды гульня. Павер таму, хто маўкліва творыць прыгожыя справы».
Хто ж, скажыце, дабрэйшы чалавек у свеце? Вядома ж, матуля, любові якой няма межаў. Яна любіць дзяцей усім мацярынскім сэрцам, нягледзячы на ўзрост і характар. Даруе ім памылкі і ў малітвах просіць дабра і шчасця. Існуе меркаванне, што малітва маці дапамагае пераадолець дзецям беды і перашкоды.
У паўсядзённым жыцці часта сустракаеш добрага чалавека — і на душы адразу пасвятлее. Каля яго ўзбагачаешся духоўна, і іншы раз адной сустрэчы бывае дастаткова, каб паверыць у тое, што не ўсё так дрэнна ў жыцці. Ёсць людзі, якія выпраменьваюць душэўную цеплыню, якой хапае на доўгі час. Я часта ўспамінаю сваіх землякоў-вяскоўцаў, якія жылі па-суседску, з імі разам рабілі сялянскія справы і адзначалі святы. Нездарма ў народзе сцвярджалі, што добры сусед бліжэй за далёкага сваяка. Нашы сем’і жылі быццам адна вялікая сям’я, і шмат агульнага было ў іх: бацькі працавалі ў калгасе, трымалі гаспадарку, гадавалі дзяцей. Маладыя раз’ехаліся, і ў іх душы засталіся цёплыя ўспаміны. Зараз пры сустрэчах ім няма канца.
Аказваецца, каб быць добрым, гэтаму не трэба вучыцца ва ўніверсітэтах. Дабрыня ўнутры самога чалавека, якую ён імкнецца несці проста так, нічога не просячы ўзамен. Хаця быць добрым не заўсёды бывае проста. Іншы раз хаця б таму, што не ўсе і не заўсёды разумеюць імкненне чалавека зрабіць высакародны ўчынак. Хаця многія праяўляюць клопат не толькі пра чалавека, але і пра братоў сваіх меншых, і гэтая любоў перадаецца ў сем’ях ад бацькоў дзецям.
Хтосьці мяркуе, што быць добрым нямодна. Найхутчэй так лічыць раўнадушны да праблем іншых людзей, якім патрэбна працягнуць руку дапамогі ў складанай сітуацыі. Іншы раз бывае дастаткова выслухаць, паспачуваць, даць тактоўную параду. А добрае слова лечыць, і ў чалавека з’яўляецца надзея на лепшае. Глядзіш — усё, як гаворыцца, вяртаецца на кругі свае і з’яўляецца цікавасць да жыцця. Галоўнае: не трэба шкадаваць і аддаваць дабрыню свайго сэрца таму, хто ў гэтым мае патрэбу.

Галіна СМАЛЯНКА